Пошук

11.11.2024 12:20   Тэкст і фота: Аляксей Бука / Catholic.by

Увечары ў суботу 9 лістапада беларусы каталіцкага вервызнання Масквы (Расія) сустрэліся ў маскоўскім францішканскім кляштары Меншых Братоў Канвентуальных на набажэнстве ў памяць айца Пятра Карнелюка OFMConv, які заўчасна пайшоў у Дом Нябеснага Айца.

Апошнія гады айцец Пётр быў душпастырам беларусаў-католікаў, якія жывуць у Маскве і сталічным рэгіёне суседняй дзяржавы, а таксама і для беларусаў, якія наведвалі гэты горад і жадалі ўдзельнічаць у набажэнствах па-беларуску.

Святую Імшу ў вігілію ХХХІІ звычайнай нядзелі ў інтэнцыі спачалага святара цэлебраваў на беларускай мове протаархімандрыт айцец Пэтрос Есаян MIC, пробашч армяна-каталіцкай парафіі святога Рыгора Асветніка.

У гаміліі айцец Пэтрос асабліва падкрэсліў неабходнасць давяраць Пану, пра што ішла гаворка ў літургічным першым чытанні: «Не бойся, але ідзі і зрабі…» (гл. 1 Вал 17, 10–16).

«Так і мы ў штодзённым жыцці не павінны баяцца аддаць сябе цалкам Хрысту. Не дзеля таго, каб атрымаць нейкія даброты ці выгоды, але ласку Божую і жыццё вечнае», — заахвоціў удзельнікаў святой Імшы айцец Пэтрос.

Пасля Эўхарыстыі адбылася душпастырская сустрэча ў францішканскім цэнтры, на якой некалькі дзясяткаў вернікаў падзяліліся сваімі ўспамінамі пра спачылага айца Пятра Карнелюка.

Айцец Пэтрос запэўніў, што ў памяць аб айцы Пятра — сваім браце ў святарстве і вельмі добрым сябры па жыцці — не пакіне асірацелую супольнасьць беларусаў-католікаў і будзе праводзіць для іх набажэнствы на роднай мове.

Айцец Пэтрос Есаян МІС з 10-гадовага ўзросту і да навіцыяту ў законніцкай супольнасці марыянаў жыў у Беларусі. Добра валодае некалькімі мовамі, у тым ліку беларускай. Яго прыміцыя ў армянскім абрадзе адбылася ў роднай парафіі ў Барысаве, дзе нясуць служэнне ксяндзы марыяне.

Той факт, што айцец Пэтрос адгукнуўся на просьбу вернікаў-беларусаў цэлебраваць гэтую Імшу, а пасля сам прыняў рашэнне працягнуць справу айца Пятра Карнелюка, яшчэ раз сведчыць аб неабходнасці цалкам давяраць Богу, які ніколі не пакідае сваіх дзяцей.

 

Абноўлена 13.11.2024 11:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця