2 ліпеня адзначаецца ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе ўрачыстасці сёлета пройдуць 5–6 ліпеня.
У апошнія гады культ Маці Божай Будслаўскай шырока распаўсюдзіўся па ўсёй нашай краіне, і вернікі нездарма называюць Яе Апякункаю Беларусі. Цэнтр штогадовага святкавання — невялікае мястэчка Будслаў на поўначы Мінскай вобласці, якое сёння ведаюць ва ўсёй нашай краіне і нават далёка за яе межамі, асабліва пасля таго, як ЮНЕСКА ўключыла Будслаўскі фэст у спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва. Менавіта тут у Нацыянальным санктуарыі знаходзіцца славуты шматлікімі ласкамі і цудамі абраз Маці Божай Будслаўскай.
У першыя выходныя ліпеня ў Будслаў з усёй Беларусі і з-за мяжы кіруюцца шматлікія пілігрымы, каб ушанаваць святыню. Яны ідуць і едуць сюды са сваімі просьбамі і з надзеяй, што праз матчына заступніцтва Багародзіцы Бог выслухае іх і адорыць патрэбнымі ласкамі.
Тым не менш, не ўсе маюць магчымасць дабрацца да мястэчка, якое Маці Божая выбрала для сваёй святыні: камусьці не дазваляе ўзрост і здароўе, яшчэ камусьці — працоўныя абавязкі або сямейныя абставіны, напрыклад, немагчымасць пакінуць без догляду маленькіх дзяцей або цяжка хворых.
Што ж рабіць, калі сэрца рвецца да Маці, але магчымасці такой няма?
Відаць, і раней здараліся падобныя сітуацыі ў жыцці вернікаў, таму ўжо ў даўнія часы Маці Божую Будслаўскую ўшаноўвалі не толькі ў самім Будславе, але і ў іншых святынях, дзе знаходзіліся копіі Яе цудадзейнага абраза.
У Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца адзін з найбуйнейшых збораў абразоў у нашай краіне. Сярод шматлікіх твораў сакральнага мастацтва звяртае на сябе ўвагу абраз Маці Божай Будслаўскай з г. Глыбокае, напісаны ў 1738 г. Выява Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам на ім падобная да першакрыніцы — цудатвонай будслаўскай іконы, але ў той жа час адрозніваецца ад яе: Езус на ім крыху па-іншаму трымае правую руку, якой благаслаўляе, а таксама вакол постацяў Маці і Дзіцяці змешчаны дванаццаць вялікіх срэбраных зорак на восем прамянёў.
Акрамя гэтага абраза Маці Божай Будслаўскай з Глыбокага вядомыя яшчэ сем падобных старадаўніх ікон, якія з’яўляюцца копіямі святыні з Будслава.
Гэтыя абразы, створаныя невядомымі іканапісцамі, знаходзяцца ў дамініканскім касцёле ў в. Лішкаў у Літве (пачатак XVIII ст.), у касцёле св. Ганны ў Вільні (XVIII ст.), у касцёле бэрнардынаў у г. Апатаў ў Польшчы (канец XVIII – пачатак XIX ст.), у касцёле cв. Уладзіслава ў в. Суботнікі Гродзенскай вобласці (XVIII ст.), у касцёле св. Ганны ў в. Мосар Віцебскай вобласці (другая палова XVIII ст.), у Свята-Пакроўскай царкве ў в. Богіна Віцебскай вобл. (другая палова XVIII ст.), у Свята-Петрапаўлаўскай царкве ў в. Воўпа Гродзенскай вобласці (XVIII ст.).
Як бачым, геаграфія знаходжання некаторых абразоў выходзіць за сучасныя межы Беларусі. Гэта пацвярджае, што ўжо стагоддзі таму далёка ад Будслава былі вядомыя цуды, якія адбываліся праз заступніцтва Маці Божай сярод пушчы на берагах ракі Сэрвач.
З’яўленне копій абраза Маці Божай Будслаўскай можна растлумачыць жаданнем людзей захаваць памяць пра наведванне санктуарыя і працягваць ушаноўваць Марыю ў Яе цудадзейнай выяве ў сябе дома. Наведаўшы Будслаў, людзі вярталіся дадому, поўныя духоўнай радасці.
Папулярнасць цудатворнага абраза расла, і многім вернікам хацелася ўшаноўваць святыню нават тады, калі ў іх не было магчымасці скіравацца для гэтага ў далёкае і часта небяспечнае падарожжа.
Дапамагала ў гэтым стварэнне копіі абраза, перад якой людзі ўзносілі свае малітвы да Нябеснай Маці ў сваіх родных касцёлах. Сучасныя тэхналогіі друку робяць магчымым мець копію абраза кожнаму верніку, які толькі пажадае. Аднак такая магчымасць была не заўсёды.
Для стварэння копій будслаўскай іконы вернікі звярталіся да мастакоў. Працэс напісання сакральнай выявы быў складаным, доўгім і карпатлівым. Аднак вера людзей была такая моцная, а жаданне мець абраз настолькі вялікае, што кожны мастак, ствараючы яго, стараўся перадаць глыбокі ўнутраны сэнс цуду заступніцтва Маці Божай праз прызму свайго асабістага духоўнага вопыту. Так з’явіліся копіі абраза Маці Божай Будслаўскай, якія ўвабралі ў сябе фальклорныя матывы.
Кожны з гэтых абразоў мае сваю індывідуальнасць, але пры гэтым іх аб’ядноўвае адна асаблівасць.
Агульнавядомы факт: каранацыя абраза Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі адбылася 2 ліпеня 1998 г. Аднак на ўсіх напісаных у XVIII ст. мясцовымі майстрамі абразах, як і на срэбранай шаце будслаўскага абраза, зробленай на стагоддзе раней, на галовах Марыі і Дзіцяткі Езуса ўжо змешчаныя кароны, якіх няма на самой іконе Маці Божай Будслаўскай.
Гэта яшчэ раз пацвярджае асаблівую пашану нашых людзей да Найсвяцейшай Панны Марыі, якую яны на працягу больш як чатырох стагоддзяў лічылі і лічаць сваёй Маці і Каралевай.
Сёння ўшанаваць Маці Божую Будслаўскую можна таксама ў Мінску, у нядаўна пабудаваным у Яе гонар касцёле, што знаходзіцца на высокім пагорку непадалёк ад станцыі метро «Каменная Горка».
2 ліпеня тут адзначаецца парафіяльны адпуст, узяць удзел у якім можа кожны, асабліва калі сэрца імкнецца ў Будслаў, але трапіць туды не атрымліваецца.
Маці Божая мае ўдосталь ласкаў для ўсіх, хто з вераю ўшаноўвае Яе і шчыра жадае жыць паводле вучэння Яе Боскага Сына. І дзе б толькі ні ўзносілі яны да Яго свае малітвы праз заступніцтва нябеснай Матулі, можна не сумнявацца, што яны дакладна будуць выслуханы.