Пошук

11.05.2020 10:02   Catholic.by

13 мая, ва ўспамін Маці Божай Фацімскай, у парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат) пройдзе дзень посту і малітвы аб спыненні пандэміі каранавірусу і адбудзецца адмысловае набажэнства.

У мясцовай каталіцкай супольнасці традыцыйна з мая па кастрычнік у кожны трынаццаты дзень месяца адбываюцца набажэнствы на ўспамін аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фаціме.

Сёлета вернікі вішнеўскай парафіі разам са сваім пробашчам ксяндзом Антоніем Казлоўскім распачнуць цыкл Фацімскіх набажэнстваў з дня посту і малітвы ў інтэнцыі спынення пандэміі каранавірусу.

Гэтая ініцыятыва Высокага камітэту па чалавечым братэрстве была падтрымана Папам Францішкам і каталіцкімі біскупамі Беларусі.

З гэтай нагоды ў вішнеўскім касцёле а 12-й гадзіне распачнецца цэлебрацыя святой Імшы, падчас якой Божае слова прамовіць ксёндз Павел Калеснік, пробашч парафій Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках і Маці Божай Добрай Рады ў Нястанішках. Пасля святой Імшы адбудзецца адмысловае набажэнства, якое будзе складацца з Фацімскага Ружанца, Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі і малітваў аб спыненні эпідэміі каранавірусу.

Дзень, прысвечаны малітве, посту і ўчынкам міласэрнасці ў інтэнцыі спынення пандэміі, невыпадкова быў спалучаны з успамінам Маці Божай Фацімскай. Рэч у тым, што двое з трох дзяцей, якім у 1917 годзе ў Фаціме аб’яўлялася Панна Марыя, Франсішку і Жасінта Марту, памерлі ад самай жахлівай эпідэміі ХХ стагоддзя — грыпу «іспанкі», якая лютавала сто гадоў таму.

Такім чынам, 13 мая вернікі ў Вішневе будуць прасіць Бога аб спыненні пандэміі каранавірусу, якая ўжо забрала сотні тысяч жыццяў ва ўсім свеце, праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і святых Франсішку і Жасінты, падмацоўваючы свае малітвы постам і ўчынкамі хрысціянскай міласэрнасці, як да гэтага заклікае Святы Айцец і каталіцкія біскупы Беларусі.

Абноўлена 11.05.2020 11:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.