У санктуарыі ў партугальскай Фаціме абвясцілі праграму мерапрыемстваў на ўшанаванне 100-й гадавіны адыходу ў вечнасць Жасінты Марту — адной з трох дзяцей, якія сталі сведкамі аб’яўленняў Маці Божай у 1917 годзе.
Як са спасылкай на прэс-службу фацімскага санктуарыя паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, першым мерапрыемствам з гэтай нагоды стане канцэрт дзіцячых хораў, які адбудзецца 16 лютага ў фацімскай базыліцы Маці Божай Ружанцовай.
Паміж 19 і 20 лютага, дакладна ў сотую гадавіну нараджэння для неба святой Жасінты, у Фаціме пройдуць галоўныя юбілейныя ўрачыстасці. Яны распачнуцца начным чуваннем каля рэліквій святой дзяўчынкі, якія знаходзяцца ў базыліцы Маці Божай Ружанцовай. 20 лютага тут будзе цэлебравацца ўрачыстая святая Імша з працэсіяй, у якой з пашанаю будуць несці выявы святой Жасінты і яе брата Францішка.
З увагі на дзіцячы ўзрост святых, якія бачылі Маці Божую, асобная праграма падрыхтавана ў санктуарыі менавіта для дзяцей.
Жасінта Марту адышла да Пана 20 лютага 1920 года ў лісабонскім шпіталі. Прычынай смерці стала хвароба — так званая «іспанка»: складаная форма грыпу, пандэмія якога лютавала ў тыя часы ў свеце.
13 мая 2000 года святы Ян Павел ІІ падчас святой Імшы ў Фаціме абвясціў Жасінту і яе брата Францішка благаслаўлёнымі, а праз сем гадоў тамсама Папа Францішак кананізаваў дзяцей, якія бачылі Панну Марыю.