Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гісторыя адной сям’і: жыць музыкай, музыкай маліцца
Інтэрв'ю
23.11.2016 15:15

Анна Калечыц — мама трох дачок, якія прафесійна звязалі сябе з музыкай. Дамовіліся з ёй на сустрэчу ў мінскай архікатэдры, дзе яна працуе ўжо амаль 25 гадоў. Тэма важная і блізкая кожнай маме — дзеці. А ў выпадку Анны Казіміраўны — дзеці-музыканты.

Анна Казіміраўна па прафесіі інжынер, аднак амаль ад самага адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, 25-годдзе якога адзначаецца сёлета, яна прысвяціла сябе працы ў Касцёле. За ўнёсак у адраджэнне Касцёла ў нашай краіне Анна Казіміраўна была адзначана ганаровай граматай. Яе муж Міхаіл Яўгеньевіч — галоўны архітэктар некаторых касцёлаў у Мінску і па Беларусі, праекты да якіх рабіў бясплатна.

Як так сталася, што ў гэтай немузыкальнай сям’і ўсе дзеці сталі прафесійнымі музыкантамі?


— Анна Казіміраўна, перш за ўсё я хачу распавесці нашым чытачам пра веру ў Вашай сям’і, а ўжо потым пра музыку ў ёй. А таму варта ўзгадаць Вашых бацькоў, якія выхавалі Вас у веры, а Вы разам з мужам перадалі яе сваім дзецям.

— Мая мама была сапраўдным катэхізатарам. Хто б ні заходзіў да нас у тыя савецкія часы, кожнаму яна казала пра Бога. Нават святары адзначалі гэты яе талент: «Была б у Вашай мамы адукацыя ў галіне псіхалогіі, быў бы добры веруючы псіхолаг». Пасля размовы з ёю ніхто не выходзіў з нашага дому абыякавым. А калі прыходзілі хлопцы да маіх сясцёр (Анна Казіміраўна малодшая ў сям’і — заўвага рэд.), якая ў іх была вера? Усе ж камсамольцы. Мама размаўляла з усімі. І яе слухалі ўважліва, з пашанай.

Тата мой таксама быў веруючым. Жылі яны ў Мінску, на суседніх вуліцах, аднак пазнаёміліся ў Чырвоным касцёле. Пазней, адразу пасля вайны, там і шлюб узялі. Таму, прыходзячы ў Чырвоны касцёл, заўсёды малюся за сваіх бацькоў.

Мама мая нарадзіла пяць дзяўчынак і двух хлопчыкаў. Веру бацькі перадалі ўсім. У касцёл ездзілі кожную нядзелю: у Краснае, Нясвіж, Рубяжэвічы. Даехаць было вельмі складана — аўтобусы бітком.

Калі ў нядзелю не было магчымасці паехаць у касцёл, мы дома ўсе разам маліліся Ружанец. Не снедалі, пакуль не памолімся Ружанец, усе стаялі на каленях. Праз вокны было бачна, што мы молімся. Відаць, нехта данёс, што ў нашай хаце моляцца, бо аднойчы прыйшоў участковы з прэтэнзіяй да мамы, што яна стварыла малітоўны дом, збірае дзяцей… А мама нас усіх прытуліла да сябе і сказала: «Гэта ўсе мае дзеці. Што хачу, тое з імі і раблю». Пайшоў…

У касцёл таксама прыходзілі — выглядвалі, хто моліцца. Асабліва выглядвалі дзяцей. Дык мама нам хусткі павяжа, каб тварыкаў асабліва не было відаць, і схавае за калону… Затое ўсе дзеці веру захавалі, а цяпер і ўнукі ўсе ў касцёле.

— Як так сталася, што ў сям’і, не звязанай з музыкай (тата — архітэктар, мама — інжынер), усе дзеці сталі прафесійнымі музыкантамі?

— Памятаю, калі я чакала сваю трэцюю дачку, прыйшла свякроў і сказала: «Што гэта, ва ўсіх унукі займаюцца музыкай, а мае не!» І павяла старэйшых у музычную школу. Марына, старэйшая дачка, ужо ў чацвёрты клас перайшла, таму на фартэпіяна па ўзросту яе не ўзялі. Прапанавалі цымбалы. Антаніну ўзялі на фартэпіяна. Але скажу, што інструмент дастаць было складана…

Нарадзілася Алёна. Спала пад гукі цымбалаў і фартэпіяна. А што ж, займацца трэба было. Калі Алёне споўнілася пяць гадоў, тата павёў яе ў музычны ліцэй, што побач з архікатэдрай. Прынялі. Праз год прапанавалі займацца на скрыпцы.

Дзеці займаліся. Антаніна любіла, каб я слухала ўсё, што яна іграе. А ў мяне часам на гэта ніякіх сіл не было! І што цікава, Антаніна акампанавала Марыне, хоць розніца была чатыры гады. Яна глядзела ў ноты і адмаўлялася акампанаваць — занадта складана. А я ёй казала: «Іграй! У цябе атрымаецца!» І яна іграла. Я, шчыра кажучы, не думала, што яны стануць прафесійнымі музыкантамі. Але музыка — гэта штодзённая праца. Стамляюцца яны капітальна. Аднак гэта іх стыхія. Яны гэта любяць.


— А ўсё пачалося з сямейнага конкурсу «Юліяна»…

— Так, у нашай вялікай сям’і была традыцыя — збірацца разам на Вялікдзень. І мы з мужам вырашылі штосьці арганізаваць. Прыдумалі конкурс і назвалі яго «Юліяна» ў гонар старэйшай пляменніцы Юліі Казіміровіч, якая першая пачала займацца музыкай. Муж прыдумваў прыгожыя дыпломы, і кожны ўдзельнік імі адзначаўся. Дзяўчаты рабілі самаробныя падарункі для ўзнагародаў. Як яны рыхтаваліся! Яны цэлы год чакалі гэты фестываль. Яны настолькі сур’ёзна гэта ўспрымалі! Такім чынам, у нас дома адбываўся сапраўдны канцэрт: усе спявалі, ігралі на сваіх інструментах. З кожным годам рэпертуар станавіўся больш сур’ёзным. І ў адзін год Антаніна звярнулася да свайго педагога, каб пазаймацца, бо ёй даводзілася яшчэ і акампанаваць Марыне і Алёне. Выкладчыца зацікавілася сямейным канцэртам і захацела прыйсці паслухаць. Пасля гэтага пра ўсіх нашых дзяцей запісалі праграму на радыё.

Шэсць гадоў працягваліся гэтыя конкурсы, пакуль дзеці не выраслі.

Ёсць у іх жаданне ізноў сабрацца разам на адной сцэне. Але для гэтага ўжо патрэбна філармонія. Бо сярод інструменатаў ёсць і арган.

— Ваша сярэдняя дачка Антаніна з дзяцінства іграе і спявае ў касцёле…

— Так, з дзесяці гадоў. Яна захапілася арганам і паступова пачала самастойна вучыцца іграць падчас Імшы. Пасля ксёндз Юзаф Маціс, які працаваў у катэдры, папрасіў яе іграць таксама на дзіцячай Імшы. Арган яна вельмі палюбіла. Займалася. Потым, у часы вучобы ў музычным вучылішчы, яна ўпершыню ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе арганнай музыкі. Першы тур праходзіў у Санкт-Пецярбургу, а другі ў Мінску ў касцёле на Залатой Горцы. І Антаніна перамагла — заняла І месца. Старшынёй журы быў прафесар кс. Ёхан Трумар з Аўстрыі. Ён прапанаваў паспрабаваць паступіць у Аўстрыю. Тоня паспрабавала і паступіла. Падчас вучобы прымала ўдзел у шматлікіх конкурсах, вельмі захапілася дырыжыраваннем. Яна жыве музыкай…

— Як склаўся лёс Вашай малодшай дачкі Алёны пасля заканчэння музычнага ліцэя?

— Алёна скончыла музычны каледж у Мінску, атрымаўшы дыплом з адзнакай. Паступіла ў нашу Акадэмію музыкі. Правучылася год і вырашыла паспрабаваць паступіць у Аўстрыю. Здала іспыты і паступіла. Адукацыя там, канешне, выдатная і канцэртная дзейнасць вельмі актыўная. Аднак беларусам стыпендыю там не выплачваюць, таму складана — даводзіцца вучыцца і працаваць. А да ўсяго гэтага — штодзённыя рэпетыцыі.


Марына, Антаніна і Алёна, нягледзячы на розніцу музычных інструментаў, ажыццявілі мноства сумесных музычных ідэй. Незвычайны склад ансамбля — класічная скрыпка, цымбалы і арган — патрабуюць асаблівага падыходу да выбару рэпертуару. Большую яго частку складаюць апрацоўкі і пералажэнні музычных твораў розных жанраў, здзейсненыя Марынай. У рэпертуары таксама творы сучасных аўтараў, напісаныя спецыяльна для такога складу.


ЗНАЁМІМСЯ З КОЖНЫМ ПААСОБКУ

Марына, цымбалістка

Скончыла Беларускую Дзяржаўную акадэмію музыкі імя А. Луначарскага па спецыяльнасці цымбалы (клас прафесара Таццяны Сергеенка) са ступенню бакалаўра мастацтваў. Лаўрэат міжнародных фестываляў і конкурсаў у якасці салісткі ансамбляў у Італіі, Францыі, Германіі, Чэхіі і інш. [-клікні-]

Вядомая як салістка Фольк-групы «Ліцвіны» і капэлы Алеся Лася, дзе іграла на беларускіх народных фальклорных цымбалах з дыятанічным строем.

З 2002 года — выкладчыца ў Дзіцячай музычнай Школе № 3 імя Ф. Шапэна ў Мінску. Кіраўнік узорнага ансамбля цымбалістаў «Разынкі», які з’яўляецца лаўрэатам і пераможцам шматлікіх конкурсаў і фестываляў.

Адзначана граматай за прафесіяналізм і майстэрства ў падрыхтоўцы вучня да Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных ініструментах імя І. Жыновіча (2003 г.). Лаўрэат Цырымоніі ўзнагароджання таленавітай моладзі ў галіне культуры і творчасці за 2005 год Партызанскага р-на г. Мінска ў намінацыі «За дасягненні ў галіне музычнай творчасці». Адзначана ганаровай граматай за ўнёсак у захаванне нацыянальнай спадчыны, развіццё культуры і мастацтва (2009 г.).

Суправаджала ігрой на цымбалах парафіяльны хор «Gloria» мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама творчы вечар беларускай паэткі і перакладчыцы Крыстыны Лялько. Удзельнічала ў шматлікіх фестывалях і канцэртах на святы Божага Нараджэння і Вялікадня ў Мінску і Польшчы.

У 2002 годзе быў запісаны дыск «Калядныя спевы» з творамі ў выкананні Марыны і яе сясцёр Антаніны і Алёны. Пазней — запіс дыска з творамі ў выкананні ансамбля сясцёр у Грацы.

Удзельнічала ў вечарах арганнай і камернай музыкі ў Беларусі і Аўстрыі. Працягвае актыўную канцэртную дзейнасць.


Пачатак. Музыка на ўсё жыццё?

— Калі я паступала ў музычную школу, убачыла здымак, на якім быў аркестр імя І. Жыновіча, і яшчэ тады вырашыла, што абавязкова хачу пайграць у гэтым аркестры. Аднак аб прафесійнай музычнай дзейнасці не задумвалася.

Інструмент

— Свой інструмент люблю. Люблю слухаць цымбалы і іграць на іх. Спасцігаю свой інструмент да сёння.

Музыка і вера

— Я ўдзячная нашым бацькам за выхаванне і веру, якую яны нам перадавалі з самага дзяцінства, за тое, што рабілі ўсё магчымае, каб мы маглі займацца на сваіх інструментах і развівацца ў гэтым кірунку. Думаю, гэта Божы Провід нас так пакіраваў.

Асобна хачу сказаць пра нашага тату. Ён заўсёды нас падтрымліваў, вучыў і накіроўваў на нашых шляхах. А сам вельмі шмат працаваў і працуе, і не забывае дзякаваць Богу за нас і за ўсе атрыманыя ласкі праз тое, што праектуе касцёлы.

З дзяцінства мы хадзілі на хор у Чырвоны касцёл, спявалі на польскай мове. Калі катэдру аддалі, я займалася там з маленькімі дзецьмі — іграла на гітары і вучыла іх спяваць. Таксама я і Антаніна былі сярод тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння хору мінскай архікатэдры «Gloria».

Па-за прафесійнай музыкай?

— Уявіць сябе па-за прафесійнай музычнай дзейнасцю не магу. Я і сёння, будучы ў дэкрэтным адпачынку і выхоўваючы трох дзяцей, сачу за навінамі музычнай культуры і працягваю пошук і падрыхтоўку рэпертуару для будучых выступленняў.

Займаюся музыкай і са сваімі дзецьмі. Старэйшыя ўжо іграюць на фартэпіяна, цымбалах, на дудачцы, спяваем разам пад гітару пілігрымкавыя песні.


Антаніна, шматбаковы музыкант

Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі (клас фартэпіяна Н. Громавай) працягнула сваю адукацыю ва Універсітэце музыкі і выяўленчых мастацтваў у Грацы (Аўстрыя). [-клікні-]

Пра спектр яе музычнага майстэрства сведчаць ступені магістра па такіх аддзяленнях як касцёльная музыка, канцэртнае аддзяленне па аргану і аркестовае дырыжыраванне. Лаўрэат міжнародных арганных конкурсаў. Канцэртуе па ўсёй Еўропе (Аўстрыя, Швейцарыя, Бельгія, Германія, Італія, Францыя, Венгрыя, Літва, інш.).

Захапленне грыгарыянскім харалам падчас навучання нарадзіла жаданне інтэрпрэтаваць гэтую музыку на высокім творчым узроўні і ў адпаведнасці з найноўшымі навуковымі ведамі ў дадзенай галіне. Гэта стала штуршком да стварэння вакальнага ансамбля «Graces&Voices», які выконвае грыгарыяніку і сучасную паліфанічную музыку. Ансамбль атрымаў высокую ацэнку слухачоў і прафесіяналаў, пра што сведчыць актыўная канцэртная дзейнасць і запісы некалькіх дыскаў.

Пытанне інтэрпрэтацыі грыгарыянскага харалу стала таксама тэмай яе навукова-творчай дысертацыі, якая гэтай восенню была абаронена з адзнакай.

Паралельна з працай як касцёльны музыкант і акампаніятар Антаніна ўдасканальвае дырыжорскае майстэрства ў розных оперных і аркестровых праектах (Музычны тэатр універсітэта Музыкі г. Грац, Оперны тэатр г. Грац, Freаnz-Lehar Festival Bad Ischl, Оперны тэатр «Sirene» Вены, Новая Опера Вены, інш.)


Пачатак. Музыка на ўсё жыццё?

— У музычную школу мяне прывялі ў пяць гадоў. З двух прапанаваных мне інструментаў (скрыпка і фартэпіяна) я адразу выбрала фартэпіяна. Ужо пасля першага занятка ўва мне з’явілася ўпэўненасць, што я буду музыкантам. Гэтая думка не пакідала мяне ніколі. Праўда, мае інтарэсы з часам крыху змяніліся. У 10 гадоў у мяне з’явілася новая мара — стаць арганісткай. У год заканчэння музычнага вучылішча я пачала браць урокі па аргану ва Уладзіміра Неўдаха, якому я вельмі ўдзячная. Ён падрыхтаваў мяне да конкурсу арганнай музыкі, на якім я ўзяла першую прэмію і пазнаёмілася з прафесарам па аргану з Аўстрыі кс. Ёханам Трумарам. Праз некалькі месяцаў я здала экзамены ў Грацы і, нарэшце, наблізілася да здзяйснення маёй мары. А ўжо з часам з’явіліся новыя захапленні — грыгарыяніка і аркестровае дырыжыраванне.

Інструмент

— Арган — гэта вельмі няпросты інструмент. Ён патрабуе добрай фізічнай і тэхнічнай падрыхтоўкі для віртуознасці — як у руках, так і ў нагах. Арганісту неабходна ведаць усе тонкасці рэгістроўкі і ўмець гэтыя веды выкарыстоўваць. Практычна кожны раз арганіст іграе чарговы канцэрт на новым для яго інструменце. З аднаго боку, гэта зусім няпроста за кароткі час асвоіць асаблівасці менавіта гэтага інструмента, а з іншага — менавіта гэтыя асаблівасці чыняць канцэртную дзейнасць вельмі цікавай і разнастайнай! Карыстаючыся шматлікімі арганнымі рэгістрамі, мне часта прыходзіла на думку параўнанне арганіста з дырыжорам. Толькі ў дырыжора на асобных рэгістрах іграюць розныя музыканты. Я захапілася аркестравай музыкай і цяпер насамрэч з’яўляюся дырыжорам не толькі рэгістраў, але і аркестравых музыкантаў. Сказаць, што як дырыжор я адкрыла ў сабе ўсе магчымасці, складана, таму што я знаходжуся ў пастаянным развіцці, зноў і зноў адкрываю ў сабе новыя магчымасці.

Музыка і вера

— Музыка наўпрост звязана з верай. Выкананне музыкі не можа адбывацца без свайго асабістага і індывідуальнага сутыкнення музыканта з новым матэрыялам. Ноты становяцца музыкай толькі прайшоўшы праз пачуцці музыканта. Самае цікавае, што ў гэтым працэсе музыкант абавязкова сутыкаецца з тым фактам, што гэтыя пачуцці не паддаюцца выключнаму кантролю самога сябе, і ў чалавеку дзейнічае яшчэ нейкая невытлумачальная моц. І няма сэнсу адмаўляць, што гэта не Усявышні!

Па-за прафесійнай музыкай?

— Ці магу я ўявіць сябе па-за музычнай дзейнасцю? Напэўна, так, магу — бо я яшчэ і мама! Праўда, незалежна ад гэтага — свядома гэта ці не з майго боку, — уплыў музыкі на выхаванне сына, несумненна, велізарны. Нягледзячы на ўсе складанасці ў жыцці музыканта, вельмі хочацца спадзявацца і верыць, што мне не трэба будзе змяняць маю прафесію…


Алёна, скрыпачка

Ва ўзросце чатырох гадоў пачула скрыпку і палюбіла гэты інструмент. У пяць гадоў паступіла ў Рэспубліканскі музычны ліцэй у Мінску (цяпер Рэспубліканскі музычны каледж) на спецыяльнасць скрыпка. Падчас вучобы ў ліцэі ўдзельнічала ў шматлікіх фестывалях, канцэртах. Пасля яго заканчэння паступіла ў Беларускую Дзяржаўную акадэмію музыкі імя А. Луначарскага. [-клікні-]

Пасля першага курса ў 2008 годзе паступіла ва Універсітэт музыкі і выяўленчых мастацтваў у Грацы (Аўстрыя). Яшчэ падчас вучобы на «сучаснай» скрыпцы адкрыла для сябе чароўнасць барочнага гуку і цяпер атрымлівае другую адукацыю — па спецыяльнасці барочная скрыпка, клас прафесара Зузанны Шольц.

Алёна іграе ў некалькіх аркестрах (Orchester Wiener Akademie (Wena), Wiener Bach Solisten (Wena), Orchester 1756 (Wena), замяшчае ў аркестры Опернага тэатра (Грац) і Grazer Philarmonisches Orchester (Graz); саліст ансамбляў «Trio il Licentia Poetica», «Graces&Voices», «Capella di Ospedale della Pieta», «Trio il Temperamento», інш.). Паміж шматлікімі канцэртамі па Еўропе і Азіі Алёна вывучае педагогіку, а таксама іграе ў тэатры Акцёра HofPraebachHoef (Schaubühne Graz).


Пачатак. Музыка на ўсё жыццё?

— Гэта немагчыма патлумачыць, але я адразу зразумела, што хачу іграць толькі на скрыпцы і займацца музыкай менавіта сур’ёзна. Я пачула, як гучыць скрыпка, прыйшла да Мамы (словы мама, муж, вера, святыя, музыка — Алёна піша з вялікай літары. Заўв. рэд.) і сказала, што буду скрыпачкай. Праз год Мама спытала, ці не змянілася маё жаданне. І яно не змянілася. Толькі праз шмат гадоў мне стала зразумела, што ёсць у гэтым штосьці незвычайнае: многія шукаюць сябе гадамі, а нам траім так пашанцавала.

Інструмент

— Мне здаецца, у кожнай прафесіі існуюць свае цяжкасці. Таксама і ў музыцы, у асвойванні кожнага інструмента. Скрыпка — гэта няпросты інструмент, аднак, калі іграць прафесійна, то ніводны інструмент не будзе простым. Пра тое, ці адкрыла я ўсе яго магчымасці, напэўна, можна будзе сказаць толькі некалі ў самым канцы жыцця. Аднак мне здаецца, што мой адказ будзе падобным на тое, што я думаю зараз: здольнасці і магчымасці чалавека бязмежныя, а інструмент — гэта мой працяг, частка мяне. Дык як жа я магу ведаць, ці адкрыла я ўсе магчымасці скрыпкі? Я маю вялікую надзею, што не. Таму што хочацца равівацца кожны дзень усё больш, і, калі ў мяне гэта атрымаецца, скрыпка будзе адкрывацца разам са мной. Ведаю толькі, што яна ў мяне «Дама з характарам» — рэагуе на ўсё, што адбываецца навокал: на мой настрой, надвор’е, раўнуе, калі я прысвячаю іншаму інструменту або спевам больш часу.

Музыка і вера

— Часам мне здаецца, што Музыка — гэта своеасаблівая малітва, толькі крыху мацнейшая. Калі казаць увогуле, мне здаецца, існуе нямала прыкладаў, калі людзі кажуць, што іх так моцна кранула нейкая музыка, што яны задумаліся над сваім жыццём, пра тое, як яны жылі і ці заўсёды былі шчырымі, ці дзяліліся яны любоўю і ці не былі чэрствымі... А ці не гэтаму нас вучыць Вера? Безумоўна, я спрабую толькі ў некалькіх словах выказаць тое, што, напэўна, і ў цэлай кнізе не апісаць…

А для мяне асабіста… Часам здараецца, змагаешся з чым-небудзь, працуеш над нейкім складаным праектам, дзе цябе ніхто не цэніць і проста не хоча разумець, і думаеш: а ці патрэбна мне гэта? Ці тым я ўсё ж такі займаюся? Вось так ідзеш сабе, молішся, «размаўляеш» з Богам, скардзішся, што стамілася… І кожны раз у такія моманты адбываецца штосьці, што павышае матывацыю да ўзроўню стапавярховага дома: ці то нейкі асаблівы канцэрт, ці то крытыка ў газеце, ці знаёмства з надзвычай яркімі музыкантамі, у якіх можна шмат чаму навучыцца. Тут, безумоўна, асобны дзякуй і майму Мужу — падтрымлівае, не дазваляе апускаць рукі, верыць у мяне. І асаблівая падзяка ўсім Святым. Перад кожным канцэртам памолішся да іх, а пасля канцэрта думаеш: якія яны ўсё ж такі цудоўныя, і як жа я ім, небаракам, ужо, напэўна, са сваімі канцэртамі надакучыла…

Па-за прафесійнай музыкай?

— Напэўна, кожнаму чалавеку прыходзяць думкі, чым бы ён займаўся, калі б не тая прафесія, якую ён ужо абраў. Я таксама задумваюся, нават прыдумала, што б гэта магло быць: мяне заўсёды захоплівала вывучэнне замежных моў. Але каб у маім жыцці раптам не стала Музыкі… Я маю вялікую надзею, што гэтага ніколі не будзе.


Выключнасць гэтай вялікай сям’і ў тым, што, акрамя Марыны, Антаніны і Алёны, многія з пляменнікаў Анны Казіміраўны і Міхаіла Яўгеньевіча таксама звязалі сваё жыццё з музыкай. У гэтай сям’і ёсць салістка філармоніі, оперная спявачка, скрыпачка, дзве арганісткі, саксафаніст, альціст. Ёсць у гэтай сям’і і свой кампазітар — Аліна Безэнсон, жонка старэйшага пляменніка Анны Казіміраўны.

Хочацца пажадаць гэтай благаслаўлёнай Богам сям’і яшчэ раз сабрацца разам і аднавіць цудоўную традыцыю сямейных канцэртаў — але ўжо на вялікай сцэне.

Падрыхтавала Валянціна Грамыка
Фота з архіва сям'і

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Інтэрв'ю

23.11 15:15Гісторыя адной сям’і: жыць музыкай, музыкай маліцца
01.11 08:36Ксёндз Ігар Лашук: праз малітву за памерлых мы скарачаем час прабывання душаў у чыстцы
22.10 10:07 Ці варта хрысціяніну баяцца сурокаў і праклёнаў? Адказвае святар
09.10 09:01«Гэта мая любімая справа»: Уладзімір Неўдах пра мінулае і сучаснасць беларускай касцёльнай музыкі
01.10 09:41Ксёндз Дзмітрый Пухальскі аб прыналежнасці верніка да парафіі
15.09 11:45Кс. Дзмітрый Пухальскі пра асобу бл. кс. Букавінскага: гэты святар жыве ў памяці людзей
14.09 09:31Латышскі біскуп Віктарс Стулпінс: у часы ганенняў касцёл дзейнічаў для тых, хто сам адважваўся ў яго прыйсці
01.09 09:00Школа, экскурсіі і Бог: Настаўнік года Казімір Біль пра працу і навяртанне
14.07 09:00Генеральны настаяцель салезіянаў: «Маладыя людзі маюць вялікае сэрца і шматлікія магчымасці, каб быць гаспадарамі свайго жыцця»
07.07 10:47Кардынал Крыстаф Шонбарн: «Беларусь можа адыгрываць ролю пасрэдніка паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой»