Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Біскуп Юрый Касабуцкі: пасля аўтамабільнай аварыі я не баюся смерці
Інтэрв'ю
11.02.2017 06:10

Біскуп Юрый Касабуцкі ў 2001 годзе стаў прэфектам Пінскай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага. Гэта быў першы год аднаўлення дзейнасці духоўнай навучальнай установы. Наступны каляндарны год моцна паўплываў на жыццё будучага біскупа — у пачатку 2002 года ён трапіў у аўтамабільную аварыю. Працэс выздараўлення расцягнуўся больш чым на год.


Стан пасля аварыі

У мяне было мноства пераломаў, перыядычна мне рабілі розныя аперацыі. Урачы не давалі ніякіх прагнозаў, яны казалі, што пералом — гэта не хвароба, а часовая нязручнасць (смяецца — заўв. рэд.).

Найбольшую складанаць стварала тое, што немагчыма было свабодна рухацца. Калі чалавек увесь час ляжыць, зусім не можа хадзіць, то гэта выклікае мноства нязручнасцяў. Гэта ўплывала на мой агульны настрой, на самапачуццё. Было чымсьці неверагодным, калі праз некалькі месяцаў з маёй нагі знялі розныя «жалязякі», проста наклалі гіпс і сказалі, што на нагу можна наступаць.


Пра перажыванне хваробы

У першыя месяцы лячэння ў бальніцы змянілася многа суседзяў па палаце. Назіраючы за імі, было зразумела, што найгоршая сітуацыя ўзнікае тады, калі хворы чалавек разглядае стан, у якім апынуўся, праз прызму пытання «за што мне гэта?». Тады хвароба ўспрымаецца як пакаранне. Паступова гэта можа прывесці да дэпрэсіі ці іншых праблем. Цяжка было дапамагчы такому чалавеку, пераканаць, што ў жыцці бываюць розныя моманты, што ўсё не можа ісці гладка.

Веруючы чалавек павінен задавацца іншым пытаннем: для чаго мне гэта? Тады зусім па-іншаму пачынаеш ставіцца да хваробы і іншых цяжкасцяў. Бог пасылае нам розныя сітуацыі, нават выпрабаванні. Не трэба ніколі казаць, што нейкі выпадак у жыцці быў дрэнным і таму яго трэба хутчэй забыць. Гэта быў Божы дар, і Бог хацеў нечаму нас навучыць. Можа, у жыцці я сустрэнуся з чымсьці яшчэ больш сур’ёзным, але змагу па-іншаму гэта перажыць.


Блізкія людзі і наведванні ў бальніцы

Калі мяне перавялі з рэанімацыі, прыехала мая мама. Яна дапамагала мне, бо я не мог рухацца. Часам маму падмянала мая сястра. Прысутнасць блізкіх людзей была вельмі важнай — цябе падтрымліваюць і ты адчуваеш, што ты не адзін.


У бальніцы мяне наведвала шмат людзей, нават часам было цяжка ад наведванняў. Найгорш тады, калі наведвальнікі, убачыўшы мой стан, пачыналі галасіць: «Ай-ай, што гэта зрабілася!». На мяне, магчыма, гэта не так уплывала, але ў палаце са мной ляжаў юнак, па ім было бачна, што пасля такіх «візітаў» ён падаў духам.  

Асаблівую ролю блізкія людзі адыгралі тады, калі ў лячэнні ўзнікалі ўскладненні. У мяне ўскладненні былі ўвесь час. З-за гэтага я паўторна трапіў у бальніцу пасля выпіскі.

Я і да сёння адчуваю старыя траўмы. Калі змяняецца надвор’е, я адразу гэта адчуваю. Магу падпрацоўваць метыяролагам (смяецца — заўв. рэд.).


Малітва

Важную ролю ў перажыванні хваробы мела малітва. Часам малітоўная просьба звужалася да сітуацыі — «тут і зараз»: Божа, дапамажы, каб наступная аперацыя прайшла добра, мой боль няхай будзе ахвярай. Потым ізноў маліўся за ўсіх, за ўвесь Касцёл.

У мяне не было магчымасці цэлебраваць святую Імшу — былі зламаныя абедзве рукі. Святары амаль кожны дзень прыносілі мне святую Камунію.

Калі я змог хадзіць і выходзіць самастойна, то сядаў на тралейбус каля бальніцы і ехаў на Імшу ў Чырвоны касцёл. Гэта было зручна, бо тады тралейбус спыняўся амаль каля самых дзвярэй касцёла.


Пакора

Калі я першы раз прачнуўся ў рэанімацыі пасля аварыі, то ўвогуле не разумеў, які мой стан, што я не магу рабіць нейкіх рухаў. Потым менавіта нядзеяздольнасць стала вялікай праблемай. Напачатку я быў «героем»: у мяне хутка ўсё будзе добра! Мама сказала мне: «Я буду з табой, буду дапамагаць», а я адказаў: «Не, я хутка вылечуся». І толькі потым прызнаў, што мне патрэбна дапамога. Гэта быў урок пакоры для мяне.
Паступова я прызвычаіўся да нядзеяздольнасці, прыстасаваўся. З цягам часу нават моцны боль пераставаў дакучаць.

Важна было перайсці гэты псіхалагічны бар’ер, зразумець, што так не будзе заўсёды, штосьці зменіцца. Мне ніколі не здавалася, што пакуты не скончацца. Я разумеў, што нават калі нешта ў арганізме не будзе функцыянаваць як раней, то я навучуся жыць з гэтым, толькі для гэтага патрэбны час.


Пра ўрачоў

У мяне былі складаныя аперацыі. Падчас некаторых трэба было ўзяць фрагмент касці з нагі і ўставіць у руку, каб паглядзець, як яна будзе функцыянаваць. Гэта сведчыць пра выдатныя прафесійныя якасці тых дактароў, якія мяне лячылі. Прафесару Варановічу давялося доўга прымаць рашэнне, як мяне «сабраць» нанова.  


Для чаго гэта?

Для таго, каб я зразумеў нейкія рэчы, навучыўся лепш разумець самога сябе і тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. Таксама гэты перыяд паказаў, хто кім ёсць вакол мяне. Бог вучыў мяне пакоры, вучыў пераносіць цярпенне і боль. Пасля аўтамабільнай аварыі я не баюся смерці. 

Падрыхтаваў кс. Кірыл Бардонаў
Фота Аляксандры Шчыглінскай і Паўла Хадзінскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.