Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гісторыя іх жыцця: Naviband — пра музыку і веру
Інтэрв'ю
25.04.2017 17:39

Іх каманда стане першай, якая выступіць на «Еўрабачанні» з песняй па-беларуску. Пра гэта найчасцей і распытваюць у салістаў Naviband замежныя журналісты.

Catholic.by сустрэўся з Арцёмам Лук’яненкам і Ксеніяй Жук напярэдадні Вялікадня, каб спытаць пра іншае — пра веру і стаўленне да рэлігіі.

Высветлілася, што Ксенія з дзяцінства ведае праваслаўныя песні, а Арцём калісьці хацеў стаць ксяндзом. Яна — праваслаўная, ён — католік. Сапраўдны міжканфесійны дуэт. Але пра ўсё па-парадку.

***
«Яркія моманты знойдзем хутчэй...»

У песнях Naviband уважлівы католік знойдзе для сябе радкі-маркёры. Напрыклад, слова «пілігрым» або радок пра «ўгледзіць анёла». Што думаюць пра такія супадзенні самі музыканты? І ці супадзенні гэта?

Арцём:
— Калі шчыра, мы і для сябе не можам растлумачыць, адкуль гэта. Гэтыя дзве песні «Пілігрым» і «Бяжы» напісаў я, іх тэксты прыходзілі вельмі хутка. Толькі пасля я зразумеў, што напісаў. Дарэчы, некалькі разоў мы з Ксюшай выступалі на праваслаўных фестывалях...

 Адкрыць у новым акне Download (8Мб)

Песня «Бяжы»

Ксенія:
— Так, двойчы. Спяваеш гэтыя песні і разумееш...

Арцём:
— ...што ў кожнай з іх ёсць дадатковы сэнс, пра які спачатку нават не думалася. Мы ўжо амаль як хрысціянскі гурт (усміхаецца — заўв.аўт.).

Дарэчы, так пра нас аднойчы напісалі журналісты ў Польшчы.

У нас ёсць песня «Дзякуй» і, звяртаючыся да публікі, мы звычайна кажам: як гэта важна — дзякаваць за ўсё, што ёсць у жыцці. Дык вось, у адной з польскіх газет пасля выйшаў артыкул, дзе пісалі, што прыязджаў хрысціянскі гурт з Беларусі Naviband (усміхаецца — заўв. аўт.).

Ксенія:
— Мы пасля жартавалі, што кожны раз пасля гэтай песні павінны казаць «Аллелюя!» (смяецца — заўв.аўт.).

Я люблю гэты момант, калі ты спяваеш і раптам разумееш, што сэнс твора куды больш шырэйшы. Аднойчы мы выступалі для людзей, якія перамаглі рак, і там многія нашы песні адкрываліся па-новаму.

Дарэчы. Я рэдка пра гэта расказваю, але адну песню з апошняга альбома я напісала пасля таго, як наведала мінскую катэдру (пры магчымасці мы часта заходзім у яе з Арцёмам).

 Адкрыць у новым акне Download (10Мб)

Песня «Стоп-кадр»

Быў сонечны дзень, святло вельмі прыгожа прабівалася праз вітражы касцёла. І было такое светлае пачуццё... Я прыйшла дадому, зайграла і ў мяне нарадзілася песня «Стоп-кадр». Гэта праўда, я не прыдумляю.

Першыя радкі «Где сойдутся наши пути, знаешь только Ты один. Солнцу, миру улыбаешься, чувства нежные сердцу Ты даришь мне», — я гэта спяваю не пра нейкага маладога чалавека, а пра Бога.

Арцём:
— А людзі думаюць, што гэта любоўная гісторыя.

Ксенія:
— У гэтай песні я хацела сказаць: дзякуй, Божа, што Ты з намі і што ў нашым жыцці ўсё гэта адбываецца... Што ёсць уся гэта гісторыя з намі, што ёсць у нашым жыцці песні, а вакол нас — столькі цікавых і добрых людзей.

«Колькі дзён, колькі спатканняў...»

У межах падрыхтоўкі да «Еўрабачання» разам з іншымі канкурсантамі Naviband выступілі перад еўрапейкай публікай на трох пляцоўках: у Рызе, Амстэрдаме і Тэль-Авіве.


У Ізраілі ўсе канкурсанты наведвалі таксама Іерусалім. Якія ўспаміны прывезлі са Святой Зямлі беларусы?

Арцём:
— Мы з Ксюшай трапілі ў святыню Гробу Пана — месца, дзе зыходзіць благадатны агонь. Сказалі, што не паедзем, пакуль не зойдзем туды. Да нас яшчэ далучыліся канкурсанткі з Арменіі, Грузіі і Балгарыі. У выніку ўсе іншыя чакалі нас каля гадзіны, а мо і дзвюх, пакуль мы былі ўнутры.

Энергетыка там проста неверагодная! Табуны мурашак, калі ўспамінаю зараз пра гэта.

Ксенія:
— Наведаць Святую Зямлю — такое здараецца, можа, адзін раз у жыцці...

Арцём:
— Кожны чалавек павінен туды з’ездзіць, асабліва той, хто сумняваецца ў веры. Гэта робіцца найперш для сябе. Ты падыходзіш да сцяны Плачу і размаўляеш з сабою, шукаючы адказы на свае пытанні...

Ксенія:
— Там насамрэч стаяць людзі, якія плачуць. І гэтыя камяні мокрыя ад слёз... Нам нават удалося штосьці напісаць на паперцы і пакласці яе ў Сцяну Плачу, як гэта робяць тысячы людзей.

— Вашы сем’і, відаць, вельмі цешыліся, што іх дзеці і ўнукі трапілі на Святую Зямлю?

Арцём:
— Я сам католік. З Глыбокага. Вырас у каталіцкай сям’і, таму з дзяцінства кожную нядзелю і на ўсе святы мяне вадзілі ў касцёл. Мае бабуля і маці — вельмі рэлігійныя людзі, а таму былі ўзрадаваны, калі са Святой Зямлі я прывёз па свечцы. Ім было прыемна.

Ксенія
:
— Мая сям’я праваслаўная. Мая бабуля была шчаслівая, калі я падарыла ёй свечку са Святой Зямлі — яна прызналася, што для яе гэта лепшы падарунак на Вялікдзень. Нават трошкі праслязілася. Кожную Пасху яна ходзіць у царкву на ўсяночную, асвячае стравы на велікодны стол.

— А вы самі як звычайна рыхтуецеся да святаў — ці фарбуеце яйкі?

Ксенія:
— Я фарбую. Спрабую пячы кулічы. Ведаю і пра аплаткі на Божае Нараджэнне ў католікаў (усміхаецца — заўв. аўт.).


Арцём:
— У нас гэта была традыцыя: ісці ў касцёл на Пасхальную вігілію, на рэзурэкцыю. На Вялікдзень сям’я збіраецца разам і святкуе. Кожны год гэта вялікае свята для маіх у Глыбокім.

Дарэчы, я добра ведаю кс. Вячаслава Пялінка. З яго пляменнікам мы былі цудоўнымі сябрамі ў дзяцінстве, а родная сястра кс. Вячаслава жыве ў адным пад’ездзе з маёй сям’ёй у Глыбокім. Ксёндз Пялінак напісаў, што будзе маліцца за нас з Ксюшай у Кіеве.

— Хацелася б распытаць пра стаўленне да веры кожнага з вас.

Ксенія:
— На жаль, сёння я не так шмат ведаю пра рэлігійныя рэчы. Мае бацькі гісторыкі, а такія людзі часта больш скептычныя ў адносінах да рэлігіі. Нягледзячы на гэта, яны ніколі не забаранялі мне верыць.

Маё рэлігійнае выхаванне брала на сябе хросная маці, якая і была маёй рэлігійнай падтрымкай. Гэта ад яе я навучылася першым малітвам, ад яе атрымала дзіцячую Біблію — такую блакітную, на беларускай мове. Хросная, як і бабуля, трымаецца ўсіх традыцый.



Арцём
:
— У мяне крыху іншая гісторыя. Я рос у рэлігійнай сям’і і з дзяцінства мяне вадзілі ў касцёл. Але да канца я і не разумеў, навошта.

Праз колькі год, калі стаў больш самастойным і пераехаў у Мінск, я пачаў адносіцца да веры не так схематычна, як мае бабуля ці матуля. Адбылося пераасэнсаванне. Я ўспрымаю Бога як вышэйшую сілу, якая побач і якая па жыцці мне вельмі дапамагае.

Але само ўспрыманне Бога не такое, як было ў дзяцінстве. Я стаў назіраць за іншымі рэлігіямі і цікавіцца тым, што такое ўвогуле вера. І што цікава — у розных рэлігіях сюжэты вельмі падобныя: ёсць чалавек, які натхняе людзей і здзяйсняе цуды.

Ксенія:
— А я ў дзяцінстве ведала шмат царкоўных песень. Бабуля праводзіла са мной шмат часу і вадзіла ў царкву. І праваслаўныя песні я спявала заўсёды, кожны дзень. Напрыклад, гэту: (спявае) «Ксени-я блажен-на-я, по-моги-и род-на-я...»

Арцём:
— І Ксюша спявала гэта ў тралейбусах і аўтобусах. І бабулькі ёй давалі за гэта цукеркі (смяецца — заўв. аўт.)

Ксенія:
— Так, у тралейбусе мае прасілі сціхнуць, а бабулькі: няхай спявае. Калі я прыязджала дадому, у кішэнях было ўсё, што заўгодна: печыва, цукеркі, бананы, яблыкі. І маці тады казала: дык навошта сёння ў краму ісці? (смяецца — заўв. аўт.)

«Сённяшні дзень стане пачаткам...»

Naviband — гэта маладосць, натхненне, творчасць і любоў да мовы. Ксенія і Арцём працуюць разам з 2013 года, а ўжо выпусцілі тры альбомы.


Яны спяваюць на беларускай, рускай і англійскай мовах. А яшчэ ствараюць кавер-версіі. Напрыклад, на песню Джамалы «1944». Ці будзе Naviband запісваць яе цалкам?

Арцём:
— Ідэю з каверам прапанаваў наш піяр-менеджар Сяргей. У мінскім аэрапорце мы чакалі вылету ў Кіеў. Ён даслаў тэкст і кажа: паспрабуйце. Я ўзяў гітару, і пачалі спрабаваць.

Ксенія:
— Мы заўжды лёгкія на пад'ём (смяецца — заўв. аўт.).

Арцём:
— Вось так у аэрапорце гэты кавер і ўзнік. Мы паспрабуем знайсці час і месца ў Кіеве, каб цалкам запісаць гэтую песню. Спадзяёмся прадставіць яе напярэдадні Еўрабачання.



— У адным з інтэрв’ю бацькі Арцёма расказвалі, што сын сур’ёзна рыхтаваўся да тэстаў і беларускую мову здаў на 96 балаў. Ксенія, а якую з моў здавалі Вы?

Ксенія:
— Я невук (смяецца — заўв. аўт.). Я не здавала тэстаў, я іх баюся. Праўда. Калісьці з гэтай прычыны я хацела паступаць у Піцер (дзяўчына скончыла каледж мастацтваў у Мінску — заўв. рэд.). Я проста хацела спяваць, без гэтых тэстаў. Пагаварыць — я ж канешне, але тэсты — такі стрэс...

Арцём:
— Мне наадварот падабалася. Беларускую мову я напісаў за 15 хвілін. Выходжу, а маці і пытаецца: ужо справіўся? Насамрэч, апошні год перад паступленнем я прысвяціў падрыхтоўцы. Бо вырашыў, што мне трэба з’язджаць у большы горад, каб дасягнуць чагосьці сур’ёзнага.

Яшчэ адна з кавер-песень Ксеніі і Арцёма, якая прыйшлася вельмі даспадобы прыхільнікам гурта

— Калі Ксенія ўжо з дзяцінства ведала сваю сцяжынку, як было ў Вас, Арцём?

Арцём:
— Калісьці ў пятым класе, калі настаўніца папрасіла напісаць, кім кожны з нас хацеў бы стаць, я напісаў, што хачу стаць ксяндзом. Але сёння я ўспрымаю гэта як жарт, гэта не мая гісторыя.

Я шмат кім хацеў стаць (Арцём скончыў Інстытут журналістыкі БДУ — заўв. аўт.). Але музыка вабіла са школы. Ужо тады я граў на гітары і спяваў, але мне не хацелася быць такім хлопчыкам-зайчыкам з бабачкай, таму я адмаўляўся ад канцэртаў у школе.

Ксенія:

— У маім выхаванні бацькі трошкі рэалізавалі і свае мары быць артыстамі. Калі бацькі вучыліся на гістфаку, то актыўнічалі ў тэатральным клубе, дзе ўсе спектаклі ішлі па-беларуску. А потым з’явілася я. Маленькай таксама бегала на тую сцэну. 

— Ксенія, Вас я памятаю па конкурсе «Белазаўскі акорд-2010», дзе Вы ўдзельнічалі пад імем Sonika. Sonika — ваш першы музычны праект?

Ксенія:
— Так, гэта гісторыя яшчэ са школы. Я пазнаёмілася з людзьмі, якія прапанавалі рабіць гэты праект. Мне было 15 гадоў, а мы ігралі канцэрты на гадзіну-паўтары. Гэта быў велізарны вопыт.

Але аднойчы чалавек, які пісаў песні, сказаў: усё, Ксенія, да пабачэння. Я пайшла далей і сустрэла Арцёма.

Арцём:

— Я не ўспрымаў гэты гурт, скажу шчыра (усміхаецца — заўв. аўт.). Закос пад Аўрыл Лавінь — рок на англійскай.

Ксенія:
— Вось яно як! (усміхаецца — заўв.аўт.).

Арцём:
— Мне падабалася толькі адна якая песня. Я проста лічыў, што Ксюша ў тым складзе ненатуральная. Для мяне істотна, каб чалавек быў сабой у справе, якую робіць.

Ксенія:
— Гэта быў няпросты час. Кожны дзень мне казалі, што трэба рабіць і якой трэба быць. Гэта моцна мяне ламала. Магчыма, таму ўсё абрыдла так хутка, што я больш не змагла спяваць у гэтым гурце. Мне дыктавалі ўмовы, а я проста хацела рабіць так, як адчувала.

Зараз, дзякуючы Арцёму, я магу спяваць так, як калісьці марыла.



Арцём:
— Вельмі важна адчуць самога сябе. Не спрабаваць кагосьці скапіраваць, а быць сабой. Адкрыцца цалкам гэтаму свету. Ёсць шмат песень, якім я не веру, а ёсць песні, пра якія думаю: вось гэта чалавек, вось дзе свабода і моц.

***
Арцём адзначае, што Naviband толькі ў пачатку свайго шляху:

— Мы не гурт адной песні і ў нас няма суперхіта. Спадзяюся, такая песня яшчэ наперадзе.

Ксенія:
— Чаму ж, а «Абдымі мяне» не тое?

Арцём:
— Гэта не той хіт, пра які я кажу. Я веру, што наш хіт яшчэ наперадзе.

Ксенія:
— Няхай жа так і будзе. Каб усё было наперадзе. А сёння — гэта толькі пачатак.

Гутарыў Ілья Лапато,
фота з архіва Naviband

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.