Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Беларускі дыякан пра місіі ў Афрыцы: «Дзяцей даводзілася лячыць са слоўнікам у руках»
Інтэрв'ю
09.03.2017 13:17

Тры з паловай месяцы правёў на місіях у Камеруне беларускі дыякан Анджэй Ганчар. Ён працаваў у дзіцячым місійным прытулку, якім вось ужо 23 гады кіруе польскі дамініканін а. Дарыюш Гадавы OP.

У размове з Catholic.by дыякан дзеліцца найбольш яркімі ўражаннямі і распавядае пра танцы вернікаў на святой Імшы, малярыю, успрыманне белых у Камеруне і жыццёвыя ўрокі Афрыкі. 

На місіі ў Камерун дыякан ехаў амаль на год, а вярнуўся праз тры з паловай месяцы — не працягнулі візу.

«Віза каштуе дорага. За гэтыя грошы дзеці з прытулка яшчэ паўгода могуць спакойна жыць. Я параіўся з а. Дарыюшам і прыняў рашэнне вяртацца... Са снежня я ізноў у Беларусі. Нясу служэнне ў парафіі на Альшанцы ў Гродне і дапамагаю ў турэмным душпастырстве».

— Разумею, што апісаць Афрыку коратка зусім няпроста. Давайце пачнём з веры: якім Вы ўбачылі Касцёл у Камеруне?

— У Афрыцы вельмі жывая вера і хрысціянства развіваецца вельмі актыўна. Напрыклад, у Камеруне 98 працэнтаў жыхароў — хрысціяне. Тут імкліва развіваецца Каталіцкі Касцёл — па нядзелях святыні проста перапоўнены.

А Імша можа ісці да трох-чатырох гадзін: пасля Камуніі вернікі выходзяць да алтара і пачынаюць спяваць, танцаваць, біць у тамтамы. Так яны праслаўляюць Бога.

У семінарыю побач з Яўндэ штогод паступае па 60-70 юнакоў. І амаль усе з іх даходзяць да пасвячэння. Іх нельга асуджаць, не ведаючы да канца намераў, з якімі яны ідуць у семінарыю. Але часта гэта самы лепшы варыянт, чым жыць у вёсцы і не мець нічога.



Служэнне святара ў Афрыцы адрозніваецца ад прывычнага нам. Там святар заўсёды з людзьмі — яго запрашаюць на ўсе святы, разам з мясцовымі ён будуе школы, бальніцы...  Ён жыве для іх, радуецца, пакутуе і галадае разам з людзьмі. У святара амаль няма часу на сябе.

Пасля Імшы вернікі звычайна не разыходзяцца, застаючыся пагаманіць. Разам са святаром ідуць у які-небудзь бар і, працягваючы гутарку, п’юць піва. Каб працаваць на місіях і прысвяціць усё сваё жыццё такому стылю жыцця, трэба мець вялікае пакліканне і быць сапраўдным «шаленцам».



Я пакуль да гэтага не гатовы. Калі дасць Бог, пазней я хацеў бы паехаць у місійную школу ў Варшаву, каб працягнуць навучанне і фармацыю там. Але, размаўляючы з айцом Дарыюшам, я зразумеў, што дзякуючы мясцовым пакліканням Афрыка ўжо не патрабуе столькі місіянераў, як раней.

— Што яшчэ Вас уразіла ў рэлігійнасці камерунцаў?

— Яны вераць у Бога, але разам з тым і ў шамана. Гэта як у Беларусі носяць чырвоныя ніткі і ходзяць да шаптухаў. Лічыцца, што пасля смерці чалавек абавязкова будзе жыць лепш, чым жыў. Самае вялікае для іх свята — пахаванне. Блізкіх хаваюць побач з домам, бо людзі вераць, што памерлы заўсёды прабывае з імі.

Гэтыя магілы выглядаюць нашмат лепш, чым дамы людзей. Дагледжаныя, чыстыя, выкладзены пліткай. Самі людзі жывуць пад адным дахам са свойскай жывёлай, часта без вокнаў і  дзвярэй.

Хаўтуры, калі праважаюць нябожчыка, — свята для ўсіх. І любы чалавек можа прыйсці. Блізкія нават робяць спецыяльныя «праграмкі», у якіх распісана, калі, што і дзе будзе адбывацца. Там жа пададзена і базавая інфармацыя пра спачылага: кім быў, чым займаўся.

На хаўтурах людзі смяюцца, танцуюць, праслаўляюць Бога і памерлага.



Айцец Дарыюш казаў, што спрабаваў увесці ў іх традыцыю святкавання хросту, каб паказаць, што хрост чалавека куды важней за пахаванне. Але яму не ўдалося гэтага зрабіць.

— Многія еўрапейцы, прыязджаючы ў Афрыку, хварэюць на малярыю. Як хутка сутыкнуліся з ёй Вы?

— Пры атрыманні візы ў Афрыку адзіная прывіўка, якую патрабуюць — ад жоўтай ліхаманкі. Ад малярыі няма вакцыны. Мне казалі, што малярыя будзе ў маёй крыві ўжо на восьмыя суткі. Я ж пратрымаўся больш за два месяцы, перш чым захварэў. Тры дні праляжаў у ложку, не адчуваючы ног. Калі ж падымаўся, цямнела ў вачах...

Мясцовыя пераносяць малярыю як грып. Для белых жа гэта самая страшная хвароба ў Афрыцы. Калі яе не лячыць, можна памерці ўжо праз два дні. Калі ж своечасова прыняць медыкаменты, праз колькі сутак хвароба адыдзе.
Многія, аднак, паміраюць ад малярыі. Упакоўка таблетак каштуе там 4,5 тысячы франкаў і не кожны можа яе сабе дазволіць.

Тры гады таму на місіі ездзіў мой сябар. Пасля вяртання ў Беларусь ён яшчэ тройчы хварэў на малярыю... Урачы кажуць, што пасля вяртання ў прывычны клімат у крыві чалавека малярыя знаходзіцца яшчэ тры-чатыры гады. Мяне ўжо папярэдзілі, каб бярогся, бо кожны перанесены вірус можа перайсці ў малярыю. Але я ўзяў з сабою неабходныя лекі.

Узровень медыцыны ў Афрыцы вельмі нізкі. Але многія місіянеры маюць там цэлы букет хваробаў, але нягледзячы на гэта гатовыя працаваць і далей.



Яшчэ там шмат насякомых, якія могуць адкладваць лічынкі на вашым вільготным адзенні, пакуль яно сохне пасля мыцця. Каб не заразіцца, рэчы трэба добра прасаваць.

Аднойчы я забыўся гэта зрабіць і праз два дні ў мяне апухла нага. З’явіўся фурункул. Калі я на яго надавіў, адтуль вылез жывы чарвяк... Пабачыўшы гэта, айцец Дарыюш паказаў такі ж фурункул у сябе, нашмат большы. Але дастаць чарвяка, сляды ад якога нават бачныя пад скурай, ён не можа. Айцец чакае вяртання ў Польшчу, каб зрабіць аперацыю там...


«Калі белы ідзе адзін, на яго ўсе звяртаюць увагу і крычаць: гэй, белы! Навошта прыехаў? Давай грошы!»
Прыгадваючы працу на місіях, дыякан Анджэй апісвае місійны прытулак і дзяцей у ім.

— У Камеруне размаўляюць па-французску. І перад прыездам я месяц наведваў моўныя курсы ў Бруселі. Але ў Афрыцы людзі размаўляюць зусім на іншай французскай.

Калі я задаваў якое-небудзь пытанне, мяне не разумелі, бо пытанне я фармуляваў, як мяне вучылі, па правілах. А на месцы трэба было проста выдзяляць пытанне інтанацыяй.
У дзіцячым прытулку, у якім жыве каля 40 дзяцей, я меў абавязак заўсёды быць побач з дзецьмі: купаць, апранаць, суправаджаць, размаўляць...

А яшчэ лячыць: даводзілася чытаць анатацыі да лекаў па-французску, перакладаць і такім чынам лячыць. Мову я ведаў не настолькі добра, але карыстаўся слоўнікам і даручаны абавязак выконваў.


Насамрэч, для дзяцей важным быў мой прыезд. Мы шмат часу праводзілі разам, я вучыў іх і вучыўся сам. Для самых маленькіх праводзіў катэхезу. Увогуле, валанцёрам там даводзіцца рабіць усё: вучыць, гатаваць, мыць, будаваць...

Нягледзячы на ўзрост кожнае дзіця ў прытулку ведае свае абавязкі. Гэта іх вельмі мабілізуе. Але за кожную правіну дзяцей караюць, прычым жорстка.

Ідзеш ля школы і чуеш дзіцячыя крыкі. Указкай, палкай іх б’юць па далонях, лакцях, носе, нагах... Часам я ледзьве не плакаў — так было шкада тых дзяцей. Але, пабыўшы з імі нейкі час, я зразумеў, што там так прынята. Іх мысленне цяжка змяніць: яны не вучацца на памылках, разумеюць, што іх ізноў пакараюць і што будзе балець, але не змяняюцца.



Найбольш таленавітыя дзеці працягваюць вучобу ў мясцовых універсітэтах. За ўвесь час толькі пяцёра выехалі на вучобу ў Польшчу, дзе атрымалі адукацыю, пабраліся шлюбам і ...засталіся.

— Наколькі праўдзівы стэрэатып пра белых у Афрыцы, з якімі ўсе мясцовыя хочуць сябраваць?

— Гэта ёсць. Белы чалавек — гэта статуснасць. Яго запрашаюць на любое свята. Частуюць, гавораць, вітаюцца.

А яшчэ белых заўсёды ўспрымаюць як мяшок з грашыма. Няважна, з Беларусі ты ці са Швейцарыі: ты белы і ў цябе шмат грошай. Калі белы ідзе адзін, на яго ўсе звяртаюць увагу і крычаць: гэй, белы! Навошта прыехаў? Давай грошы!

Аднойчы, калі я ехаў у вёску да пігмеяў, наш бус заграз на размытай дажджом дарозе. Усе выйшлі яго штурхаць, а нам, траім белым, загадалі сядзець унутры. Калі ж мы выйшлі дапамагаць, з нас усе смяяліся: «Не пагубляйце свае грошы, бо йдзе додж».



Дарэчы, у тым бусе, разлічаным на дзевяць чалавек, нас ехала 28 і яшчэ на даху сядзелі... А ў салоне яшчэ і козы, куры, чарапахі (усміхаецца — заўв. аўт.).



Калі ў Камеруне пачынаецца сезон дажджоў, усе дахі накрываюць бляхай. Дождж вельмі «густы»: столітровая бочка напаўняецца за сем хвілін. Вельмі часта ў такое надвор’е рабуюць і забіваюць. Дождж настолькі гучны, што ніхто проста не пачуе твайго крыку.

— Не магу не спытаць пра ўспрыманне белых мужчын мясцовымі жанчынамі. Ці сутыкаліся Вы як белы з заляцаннямі мясцовых дзяўчат?

— Сутыкнуўся з такім ужо на другі дзень пасля прыезду. Падышла дзяўчына і так прама і кажа: хачу з табою пераспаць. Я адразу даў зразумець, што нічога не будзе: я веруючы католік, жыву ў чысціні і рыхтуюся стаць святаром.

Але ёй было не ўтлумачыць. Настойвала на пацалунку. Я адмовіўся. Тады яна ўзяла мяне за руку і пачала правакаваць: маўляў, я грэбую ёй, бо я белы, а яна чорная, — што я расіст!
Так і не ўдалося яе пераканаць — застаўся ворагам на ўвесь далейшы час. Давялося сутыкнуцца з тым, што жанчыны хочуць уступіць у інтымную сувязь з белым мужчынам, каб мець ад яго дзіця. І не важна, святар ты ці не.

З першага дня я стараўся адкрыта насіць місійны крыж, каб паказаць, што я каталіцкі дыякан. Але там ніхто не верыць, што жывеш у чысціні перад Богам. Калі я размаўляў з дарослымі мужчынамі, з хлопцамі і казаў, што жыву адзін, мяне перапытвалі — а ці я здаровы?



У Камеруне распаўсюджана палігамія. У жанчыны можа быць каля 15 дзяцей ад розных мужчын... Традыцыйныя ў нашым значэнні сем’і ёсць, але іх мала.

Такія людзі могуць рэдка ходзіць да споведзі, але ўсё адно прымаюць Камунію. Аднойчы я спытаў адну такую жанчыну, а яна адказала: «Я ж нармальна жыву — не краду, не забіваю. Я магу прымаць Камунію».

— Што б Вы пажадалі тым, хто думае пра місіянерства ў Афрыцы?

Найперш, трэба быць духоўна моцным. Маліцца Богу ў гэтай інтэнцыі. Без духоўнага складніка там будзе вельмі цяжка, бо гэта іншы менталітэт і традыцыі.

Яшчэ абавязкова пагутарыце з тымі, хто там ужо быў. Звярніцеся ў фармацыйныя місіянерскія школы. Бо здараліся выпадкі, калі валанцёры не вытрымлівалі ў Афрыцы і двух тыдняў.



Да валанцёрства трэба быць падрыхтаваным. У мяне гэтае жаданне было, я лічыў місіі сваім пакліканнем. Але, вярнуўшыся ў Беларусь, я зразумеў, што духоўна да Афрыкі яшчэ не гатовы. Там зусім іншая традыцыя і культура.

У Святым Пісанні чытаем, што Езус прызначыў вучняў і паслаў іх па двое (пар. Лк 10, 1). Я знаходзіўся побач з айцом Дарыюшам, які працуе на місіях ужо 23 гады.

Духоўны айцец шмат паўплываў на мяне. Ён вучыў мяне пакоры, загружаючы працай. Забудзься пра сябе: прыехаў, не зазнавайся — служы Богу і людзям. Айцец рабіў акцэнт на духоўным развіцці — малітве, цішыні і духоўным засяроджанні.



Няглядзячы на ўсе выпрабаванні ў Афрыцы, я ўдзячны Богу, што Ён мяне туды паслаў. А яшчэ ўдзячны тым, хто дапамог сабраць неабходную для паездкі суму і тых, хто маліўся ў маёй інтэнцыі.
Гутарыў Ілья Лапато,
фота Роберта Гондэка з архіва дк. Анджэя Ганчара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.