Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Пра футбол — з прэлатам Марынко Антолавічам
Інтэрв'ю
22.02.2017 12:46

З нагоды XI Чэмпіяната Еўропы сярод каталіцкіх святароў па міні-футболе, які з 20 па 23 лютага праходзіць у Харватыі, Catholic.by гутарыць з вялікім футбольным аматарам — першым cакратаром Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі прэлатам Марынко Антолавічам.

Святар нарадзіўся і вырас у Босніі. У інтэрв'ю ён распавядае пра захапленне балканскіх краін футболам і папулярнасць спорту сярод святароў у паўднёвай Еўропе.

— Наколькі папулярны спорт у балканскім рэгіёне?

Спорт вельмі папулярны ў Паўднёва-Усходняй Еўропе. На Балканах любяць і футбол, і валейбол, і гандбол... Шмат прафесійных спартсменаў паходзіць з гэтых тэрыторый. А яшчэ тут шмат балельшчыкаў, якія актыўна цікавяцца і сочаць за спортам.

За апошнія 25 гадоў найбольшыя поспехі ў спорце на сусветным узроўні з усіх балканскіх краін  паказваюць спартсмены з Харватыі і Сербіі. Прычым як у камандных, так і ў індывідуальных відах спорту.

— Наколькі папулярна сярод духавенства Босніі гуляць у футбол?

— Думаю, з таго моманту, як вынайшлі футбол, святары з Босніі і Герцагавіны былі аднымі з першых, хто пачаў у яго гуляць (усміхаецца заўв. рэд.). Сёння ў архідыяцэзіі Сараева ёсць нават адмысловая Каталіцкая ліга па міні-футболе паміж парафіяльнымі камандамі.

Футбол заўсёды быў папулярным відам спорту сярод нашых семінарыстаў і святароў. Аднак, за ўсю гісторыю правядзення еўрапейскага чэмпіянату па міні-футболе сярод святароў каманда Босніі была не такая паспяховая, як, скажам, зборная Харватыі, — мы яшчэ ні разу не былі пераможцамі.

Таксама па тэме:

Спорт — добрая прылада і добрае асяроддзе для распаўсюджвання і навучання веры, для ўзрастання ў веры. Нават св. Апостал Павел выкарыстоўваў некаторыя спартыўныя вобразы для апісання рэчаіснасці веры. Як у спорце, так і на шляху веры для дасягнення добрых вынікаў патрэбныя стараннасць і абавязковасць, ахвярнасць і самаадрачэнне.

Акрамя таго, спартыўныя дысцыпліны, як індывідуальныя, так і камандныя, могуць дапамагчы зразумець, што азначае перамагаць саміх сябе і раздзяляць адказнасць з іншымі, каб усім разам дасягнуць агульнай мэты.

— Калі пачалося Вашае захапленне футболам?

— Я заўсёды сачыў за рознымі відамі спорту — ад футбола да баскетбола, цікавіўся тэнісам і інш. Але нумарам адзін для мяне заўсёды быў футбол. Мне падабаюцца каманды з Барселоны, Мілана, Дортмунда...

Сярод ігракоў вылучыў бы Месі — цудоўны футбаліст, люблю назіраць за яго гульнёй. Канечне, ёсць шмат іншых выдатных ігракоў. Напрыклад, вельмі добрым быў Аляксандр Глеб, асабліва, калі гуляў за «Арсенал».
Сам я ў футбол гуляю ўжо даўно. Калі вучыўся ў Рыме, два гады прымаў удзел у турніры Clericus cup, які сумесна з Ватыканам арганізоўваў італьянскі спартыўны цэнтр. Гэты турнір пачалі праводзіць, калі я заканчваў вучобу, і тады ў ім прымала ўдзел каля 15 каманд...

Наколькі магчыма, сачу за падзеямі ў спорце і сёння. Гуляю ўжо не так актыўна, але і канчатковае «бывай» спорту яшчэ не сказаў. У жыцці святара спорт не павінен займаць галоўнае месца, але ён можа стаць інструментам у пастаральнай працы і быць выдатнай падтрымкай асабістага здароўя.

«Касцёл у Босніі падобны да Касцёла ў Беларусі»

— Распавядзіце пра Каталіцкі Касцёл на вашай Радзіме?

— У Босніі і Герцагавіне, як і ў Беларусі, Каталіцкі Касцёл налічвае 4 дыяцэзіі. Праўда, яшчэ ёсць вайсковы ардынарыят (адміністрацыйная адзінка, якая каардынуе душпастырства вайскоўцаў — заўв. рэд.). Сталіцай мітраполіі з’яўляецца Сараева. Перад вайной, на пачатку 1990-ых, колькасць католікаў у краіне даходзіла да мільёна. Сёння ў Босніі каля 500 тысяч католікаў.



Увогуле, Боснія і Герцагавіна — шматрэлігійная краіна. Тут спрадвеку жывуць разам католікі, праваслаўныя, мусульмане, яўрэі і прадстаўнікі іншых рэлігій. Адносіны паміж рэлігійнымі супольнасцямі, у асноўным, добрыя, хоць часам і здараюцца пэўныя выпадкі, якія выклікаюць недавер і няўпэўненасць у грамадстве.

— Якія адрозненні і падабенствы паміж Касцёлам у Беларусі і ў Босніі Вы можаце назваць?

— Падабенстваў больш, чым адрозненняў. Абедзве краіны маюць па чатыры дыяцэзіі, у нас больш-менш падобная колькасць вернікаў і ўзровень іх рэлігійнасці.

Мы жывём побач з вернікамі іншых канфесій, а таксама побач з тымі, хто зусім не верыць у Бога. Абедзве краіны перажылі камуністычнае мінулае. У нас падобныя мовы. Каталіцкі Касцёл абедзвюх краін сутыкаецца з падобнымі выклікамі і г.д.

Адно з найбольш балючых гістарычных адрозненняў, якое моцна паўплывала на развіццё Касцёла ў Босніі і Герцагавіне, звязана з досведам вайны ў 1990-х і пасляваенным перыядам.

У гэты час Касцёл ў Босніі, які нават не паспеў як след узняцца пасля камуністычнага пераследу, адчуў яшчэ большыя цярпенні. Ён страціў палову сваіх вернікаў, а таксама мноства касцёлаў і капліц, якія былі знішчаны або моцна пашкоджаны. На шчасце, у Беларусі Касцёлу не давялося перажыць штосьці падобнае.

Падрыхтаваў Ілья Лапато
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.