Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Кс. Юзаф Пятушка МІС да 60-годдзя святарства: «Я без роздумаў пайшоў да марыянаў. Мая Росіца заўсёды была са мной»
Інтэрв'ю
14.03.2017 10:48

Catholic.by паразмаўляў з кс. Юзафам Пятушкам МІС. Нагодай для сустрэчы стаў юбілей — 60 гадоў святарства. А кірунак прэзбітэрскага шляху — кангрэгацыя айцоў марыянаў — быў накрэслены яшчэ ў дзяцінстве.

86-гадовы святар сустрэў нас з роўнай постаццю і лёгкай хадою, але аказваецца, ён перажыў тры інсульты.

«Апошні раз, калі здарыўся прыступ і я ляжаў на падлозе, то назіраў за мітуснёю ўсіх навокал. Бачыў, як усе перажываюць, а мне ўжо як бываламу было смешна: ну што перажываць — у жыцці бываюць розныя моманты! Але ўдзячнасць Богу маю за ўсё... І за выпрабаванні, і за клопат маіх сабратоў».


Дзяцінства ў Росіцы

Нарадзіўся Юзаф Пятушка 14 мая 1931 года. Праўда, у пасведчанні аб нараджэнні запісана 15 мая 1932 года. Так бацькі зрабілі, каб сыну было нібыта менш гадоў і яму не давялося капаць акопы. 

Той мясцовасці, дзе нарадзіўся будучы святар, ужо няма. Гэта быў хутар, які тэрытарыяльна належаў да парафіі ў Росіцы (дзве трэція росіцкай парафіі знаходзіліся на тэрыторыі Латвіі — Заўв. рэд.). У 1941 годзе сям’я пераехала ў саму Росіцу. Тут будучы святар прайшоў падрыхтоўку да споведзі і Першай святой Камуніі, якую яму ўдзяліў кс. Антоній Ляшчэвіч МІС. Ксёндз Ляшчэвіч сябраваў з татам хлопчыка, бываў у іх дома.

Аднак вайна прымусіла сям’ю ўцякаць з Росіцы. Напачатку, як узгадвае кс. Юзаф, уцякалі ад бандытаў, якія, падаўшыся ў партызаны, жорстка і несумленна абыходзіліся з мясцовымі: «Гэта пазней ужо былі сумленныя партызаны, а напачатку… Таму бацькі ўзялі мяне і сястру, і ўцякалі. Так мы апынуліся на тэрыторыі Латвіі. Гэта ўсяго каля двух кіламетраў ад Росіцы».

Пятушкі беглі да родных, а потым ужо, куды даводзілася, — Даўгаўпілс, Рыга, Яўнпілс...


Святар не мог пакінуць парафію

Я памятаю, як да нас у Латвію прыязджаў ксёндз Ляшчэвіч. Прыехаў тады і кс. Генрых Тамашэўскі МІС, які разам з маім бацькам угаворваў кс. Ляшчэвіча на час карнай аперацыі затаіцца, не ехаць у Росіцу, бо святар быў патрэбны людзям.

«Але ён адмовіўся. І гэтае рашэнне ён прыняў у прысутнасці маёй сям’і. Вось такая падзея адбылася ў нашай хаце. Тады я быў хлапчуком і слаба што разумеў. Зразумеў пасля. Нездарма ён благаслаўлёны... А ён акурат у 1939 годзе вярнуўся з місій у Кітаі. Прыехаў у адпачынак...»


«Я без роздумаў адразу пайшоў да марыянаў. Мая Росіца заўсёды была са мной…»

Сям’я ўцякала праз усю вайну, і ў 1945 годзе Пятушкі ўжо былі ў Польшчы. Святар узгадвае, што да 1949 года ў Польшчы рабіўся выгляд, што Касцёл не прыцясняецца.

«У 1948 годзе я распачаў вучобу ў семінарыі. А ў 1949 годзе пачаліся ганенні. Хто не быў камуністам, той цярпеў пераслед».

Семінарыя, у якую паступіў малады Юзаф, першыя гады была філіялам Варшаўскага ўніверсітэта. Навучанне ў тыя часы яшчэ было на лацінскай мове (па гэтай прычыне кс. Юзаф называе сябе выхадцам з мінулага пакалення), але вучоба ў юнака ішла паспяхова. Пасля навіцыяту — навучанне ў семінарыі ў Любліне. «Я без роздумаў адразу пайшоў да марыянаў. Мая Росіца заўсёды была са мной…»

Пасля семінарыі кс. Юзаф вывучаў гісторыю ў Каталіцкім люблінскім універсітэце. Малады святар хадзіў па адных калідорах з біскупам Каралем Вайтылам. Будучы Папа Ян Павел ІІ, сёння ўжо святы, працаваў на аддзяленні філасофіі, таму не выкладаў у кс. Юзафа, які навучаўся на аддзяленні гуманітарных навук.

Семінарыйнае жыццё, як узгадвае кс. Юзаф, прайшло дастаткова спакойна, хоць ён бачыў, як знаёмыя яму святары церпяць пераслед. Разумеў, што пасля прэзбітэрскага пасвячэння яму наканавана тое самае.


Турма па ўласнай волі

«Маладых святароў лічылі праціўнікамі. І калі падчас вайны святароў накіроўвалі ў працоўны лагер, то пасля вайны — у турму. Спазнаць долю вязня давялося і мне. Мяне абвінавацілі ў шпіянажы, нібыта я французскі шпіён і дзейнічаю ў Польшчы і Чэхаславакіі. Я вырашыў не траціць час: справакаваў, каб мяне пасадзілі ў турму. Я проста не заплаціў штраф за тое, што арганізаваў выезд моладзі, свайго роду малітоўны лагер, што забаранялася, і за гэта атрымаў санкцыі.

Святар узгадвае, як вынаходліва даводзілася арганізоўваць падобныя выезды. «Прыкрываліся ад уладаў так: я ўзначальваў групу, а калі з’яўлялася нейкая праверка, адказным прадстаўляўся мой вучань, які насіў павязку дружынніка, я ж хаваўся дзе-небудзь…»

«Справакаваў, бо хацеў сустрэцца з органамі бяспекі (Службай бяспекі Польскай Народнай Рэспублікі — Заўв. рэд.). І я хацеў, каб сустрэча “французскага шпіёна” з яго абвінаваўцамі адбылася па маім сцэнарыі. Іншага выйсця не было. Я хацеў працаваць з моладдзю, а за мною ўвесь час ездзіла машына. Мне трэба было, каб яны паглядзелі мне ў вочы і ўбачылі, што яны для мяне не перашкода. Са мною размаўляў палкоўнік органаў бяспекі з Варшавы. Так сур’ёзна размаўляў, а ў мяне на ўсе яго довады — упэўненая ўсмешка… Ён хацеў мяне папужаць, а я з яго пасмяяўся. Хто ж баяўся, тых, канешне, даціскалі…»

«Памятаю, як везлі мяне ў турму ў польскі горад Хэлм (на стыку межаў Польшчы, Беларусі і Украіны — Заўв. рэд.). У машыне між іншых былі яшчэ дзве прастытуткі… Вось такія прыгоды. Гэта было прыкладна ў 1959 годзе. У турме прабыў каля трох месяцаў. Пасля зняволення за мною ўжо так не хадзілі. Але ў турме, вядома, было нясоладка. Усяго не раскажаш, ды і ці трэба пра гэта казаць?..»


Выезды ў Савецкі саюз

Ксёндз Юзаф працаваў у Польшчы, актыўна займаўся пастырствам моладзі. Але Провід Божы пакрысе пачаў скіроўваць яго святарскі шлях у Савецкі саюз. Напачатку гэта былі дабравольныя выезды — у Вільню, Ленінград, Маскву… Ездзіў нават туды, куды, як кажа сам, не ездзілі, — Іркуцк, Мурманск… Ездзіў як душпастыр, сустракаўся з людзьмі, маліўся. Пачаліся гэтыя паездкі, як узгадвае святар, цалкам выпадкова: «Я пайшоў да краўчыхі і там пазнаёміўся з яе сястрой, якая прыехала з Ленінграда і распавяла пра складаную ў іх сітуацыю».

Падчас такіх выездаў у Максве кс. Юзаф пасябраваў з а. Аляксандрам Менем (протаіерэй Рускай Праваслаўнай Царквы, багаслоў, прапаведнік, аўтар шматлікіх кніг па багаслоўю і інш.; вядомы сваімі экуменічнымі і прагрэсіўнымі перакананнямі — Заўв. рэд.).

«Памятаю той дзень, калі яго забілі (айцец Мень, атрымаўшы шэраг запісак з пагрозамі, 9 верасня 1990 г. быў забіты невядомым — Заўв. рэд.). Я акурат перавёўся ў Барысаў. Мы з ім добра сябравалі».

«Запрашаў мяне на сустрэчу і “айцец” атамнай бомбы Сахараў. Знешне я быў на яго вельмі падобны. Многія на гэта звярталі ўвагу, — з усмешкай узгадвае ксёндз Юзаф. —Але я адмовіўся — не хацеў, каб мяне лічылі святаром, які займаецца палітыкай. А мог і з Сахаравым пасябраваць!»




Вяртанне на Радзіму

У Барысаў кс. Юзаф таксама прыехаў выпадкова. Як сцвярджае святар, ад яго гэта цалкам не залежала. Так доўга, як у Барысаве, ксёндз Пятушка нідзе не жыў. Таму ён называе гэты беларускі горад «самым асноўным» у сваім жыцці.

Гарбачоў, прыйшоўшы да ўлады, заключыў дамоўленасць з кардыналам Глемпам, што з Польшчы ў Савецкі Саюз могуць прыехаць 100 святароў. «Наш правінцыял звярнуўся да маладых ксяндзоў і сутыкнуўся з абыякавасцю — ніхто не хацеў ехаць. Правінцыял падзяліўся гэтым са мною — і маўчыць. Я зразумеў — як кажуць, sapienti sat (з лац. — разумны зразумее): ён хоча, каб паехаў я. І я паехаў».

У Барысаў кс. Юзаф Пятушка прыбыў 3 жніўня 1990 года.

Акрамя служэння ў парафіі святар працягваў займацца моладдзю. Стварыў супольнасць у межах руху Адновы ў Святым Духу. На гэтых харызматычных сустрэчах, як узгадвае юбіляр, збіралася багата моладзі.

Сваімі сіламі ў 1991 годзе кс. Юзаф арганізаваў буйную пілігрымку моладзі ў Чэнстахова, дзе праходзіла Сусветная моладзевая сустрэча з папам Янам Паўлам ІІ.

«Мне нават не трэба было рабіць аб’яў — дзве тысячы юнакоў і дзяўчат хацелі паехаць на сустрэчу з Папам. Але давялося размаўляць з імі: каму давяраў, таго запісваў, каму не давяраў, казаў, што да такой сустрэчы трэба падрыхтавацца, і адпраўляў. Так група моладзі скарацілася да адной тысячы чалавек. Я заплаціў за дарогу да Брэста 21 тысячу рублёў. Цэлы цягнік моладзі набраўся!»

Кожны год з жыцця кс. Юзафа Пятушкі — гэта свая старонка, годная ўспаміну. Цяпер юбіляр ужо на пенсіі , але працягвае малітвай падтрымліваць вернікаў. 

Валяніна Грамыка
Фота Віталія Палінеўскага і з архіва кс. Юзафа Пятушкі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.