Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп намінат Алег Буткевіч: веру, што Бог будзе здольны праз слабога чалавека здзейсніць сваю волю ў свеце
Інтэрв'ю
01.12.2013 12:58

Папа Францішак прызначыў біскупам Віцебскім кс. Алега Буткевіча. Біскуп намінат распавёў Ватыканскаму радыё аб сваім бачанні будучага служэння.

— Вы калі-небудзь маглі ўявіць сабе, што станеце біскупам?

— У маім жыцці быў такі час, калі на адзін успамін пра святарства ў мяне ўзнікала ўсмешка, бо я не ўяўляў сябе нават святаром. Але Бог такім чынам пакіраваў, што пакліканне, якое з’яўляецца Яго дарам, дзесьці ў душы прарасло, вынікам чаго стала маё святарства. Час святарскага служэння быў для мяне перыядам напружанай і інтэнсіўнай працы ва ўмовах Усходняй Беларусі, працы па адбудове той базы Касцёла, якая была знішчана. Таму проста не было часу на нейкія іншыя думкі, у тым ліку пра рэалізацыю на вышэйшых пасадах, іх проста не ўзнікала. І на такую думку я б адрэагаваў таксама ўсмешкай. Так адбылося б, скажам, некалькі месяцаў таму...

— Як можна разумець такое прызначэнне: як прыступку ў кар’еры ці гэта нешта іншае?


— Знешне гэта, канешне, можа выглядаць як прыступка. Хтосьці можа сказаць: вось чалавек асягнуў для сябе нешта вышэйшае. Але я ўспрымаю гэта перш за ўсё як служэнне і не бачу ў гэтым нават нейкага прывілею, хоць, напэўна, гэта прысутнічае і адпавядае гэтай пасадзе, не бачу ў гэтым нейкай узнагароды. Успрымаю гэта ўсё, прынамсі ў дадзены момант, як вялікую адказнасць, як цяжар той працы, які павялічыўся ў некалькі разоў. Гэта, кажучы духоўнай тэрміналогіяй, крыж.

— Якім быў Ваш шлях да Бога і да Касцёла?

— Мне пашчасціла нарадзіцца ў каталіцкай веруючай сям’і. Хоць, вядома, гэта былі 1970-я гады, час, калі нельга было адкрыта вызнаваць сваю веру. Тут трэба аддаць належнае маім бацькам, што, нягледзячы на гэтыя цяжкасці, сваім дзецям, а нас было трое ў сям’і, змаглі прывіць веру. Было нялёгка. Я памятаю тыя праблемы, якія ўзнікалі і ў маім сэрцы, і ў маёй душы. Але, тым не менш, гэты шлях праз выпрабаванні, хоць, магчыма, яны і не былі настолькі трагічнымі (не магу сказаць, што адчуваў нейкі пераслед пад сваім адрасам), не быў такім лёгкім. Гэта быў шлях да Бога і Касцёла, які працягваецца ўсё жыццё. Нават на сённяшні момант я не магу сказаць, што ўжо ў поўні гэты шлях прайшоў. Але я ўдзячны Богу, за тое, што Ён мяне правёў менавіта такім шляхам.

— Ваша біскупскае служэнне распачынаецца і будзе праходзіць падчас Пантыфікату Францішка – Папы, якога ўжо назвалі адным з самых уплывовых людзей свету, Пантыфіка, які практычна вершыць гісторыю. Якія з ідэй або заклікаў Святога Айца Вам бліжэй за ўсё?

— Калі б можна было акрэсліць гэта адным выразам, то гэта імкненне Папы ва ўсім багацці хрысціянскай традыцыі знайсці жывога Хрыста. Гэта прываблівае асабіста мяне ў падыходзе Святога Айца да Касцёла і яго месца ў сучасным свеце. З цягам часу за тымі, вядома, патрэбнымі формамі выразу веры паняцце жывога Бога, які б мог мець уплыў на жыццё чалавека, было згублена. Гэта бачна сёння ў свеце. А сучасны чалавек шукае Бога, і асоба Святога Айца, яго падыход, духоўнасць, — усё гэта адпавядае патрабаванням сучаснага свету: пошук жывога Хрыста, дапамога чалавеку прыйсці да Яго, жыць з Ім, спрабаваць падпарадкаваць Яго апецы, міласэрнасці сваё жыццё. Гэта тое заданне, якое стаіць сёння перад Касцёлам. І Папа вельмі добра яго выконвае.

Нават калі паглядзець на мой уласны прыклад. Я ніколі не спадзяваўся, што ў маім выпадку адбудзецца такі выбар – выбар біскупа, які не мае нават вышэйшай касцёльнай адукацыі. Папа робіць стаўку не на чалавечыя магчымасці, людскія здольнасці, ён разлічвае на моц Божую, на сілу жывога Хрыста, які сёння дзейнічае ў Касцёле. Папа дае магчымасць паказаць гэтую дзейнасць. Я даверыўся гэтаму, і, адказваючы на прапанову Святога Айца, проста веру ў тое, што Бог будзе здольны праз слабога чалавека здзейсніць сваю волю ў сучасным свеце.

— Якія праблемы сёння стаяць перад Каталіцкім Касцёлам у глабальным і лакальным маштабах, у свеце і ў Беларусі?

— Гэта акрэсліваецца двума паняццямі – секулярызацыя і рэлятывізм. Такія модныя два словы, якія азначаюць не што іншае, як адыход ад Бога: ад Бога Бібліі, ад Бога Створцы, і пошук для сябе іншых багоў. Вяртанне да язычніцтва – гэта вялікая праблема для Касцёла. І другі момант – чалавек сёння не трымаецца прынцыпаў, якія заклаў Бог у чалавечую прыроду. Адкідваючы Бога Створцу, чалавек часта сам становіцца на Яго месца, а сваё жыццё падпарадкоўвае тым прынцыпам, якія яму больш адпавядаюць. І гэта небяспечна, бо чалавек не з’яўляецца аўтарам гэтага свету, творцам яго законаў, якія дзейнічаюць незалежна ад адносін чалавека да іх. Таму для нас адзіны паратунак — у вяртанні да праўды. Так, як гаварыў аб гэтым сам Хрыстус: “Шукайце праўды, і праўда вас вызваліць”. Менавіта праўда дазволіць нам стаць свабоднымі, а праз гэта проста шчаслівымі людзьмі.

— Якія пытанні неабходна вырашыць у Віцебскай дыяцэзіі ў першую чаргу?


— Гэта ў першую чаргу пытанні персанальнага характару і фарміраванне таго кіраўнічага органу, якім з’яўляецца дыяцэзіяльная курыя. Гэта тое, без чаго нельга пазней праводзіць душпастырскую працу. Таму я лічу гэта маім першапачатковым заданнем.

— Якім на Ваш погляд павінен быць біскуп?

— Біскупскае служэнне – гэта працяг служэння святарскага. Святар – гэта айцец, гэта той чалавек, які павінен як мага больш поўна адкрываць у сабе айцоўства самаго Бога – быць тым, хто ў сваёй асобе прадстаўляе любоў, міласэрнасць нябеснага Айца.

— Ці змяняецца чалавек, атрымаўшы біскупскае пасвячэнне?


— Напэўна, тое, што здараецца з чалавекам у жыцці, тым ці іншым чынам уплывае на яго характар, спрыяе перамене. Іншае пытанне — у які бок? Кожная сітуацыя стварае крытычныя ўмовы, у якіх правяраецца тое, што чалавек ужо мае ў сабе. Таму, як яно будзе выглядаць у маім выпадку, пакажа час. Але спадзяюся, што гэта служэнне не зменіць мяне, майго характару, маёй асобы ў горшы бок. Таму ўсіх вернікаў, людзей добрай волі прашу аб малітве ў гэтай інтэнцыі.

Поўны тэкст інтэрв'ю>>>

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.