Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч звяртаецца да ўладаў Беларусі з заклікам увесці мараторый на смяротнае пакаранне
Інтэрв'ю
02.12.2011 15:07

«Звяртаюся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і заканадаўчай улады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, каб затым зусім яго адмяніць», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю для Catholic.by, кажучы пра апошнія падзеі ў беларускім грамадстве — смяротны прысуд, вынесены Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.

Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў прызнаныя віноўнымі ў здзяйсненні тэрарыстычнага акту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г.

— Ваша Эксцэленцыя, у сувязі з працэсам над Уладзіславам Кавалёвым і Дзмітрыем Канавалавым, абвінавачанымі ў здзяйсненні жудаснага тэрарыстычнага акту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г., і прысуджаным ім смяротным пакараннем распачалася гарачая дыскусія пра вышэйшую меру пакарання. Як Каталіцкі Касцёл глядзіць на гэту праблему?

— Перш за ўсё трэба адзначыць, што ніякі тэрарыстычны акт не можа быць апраўданы і злачынцы павінны атрымаць справядлівае пакаранне. Паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, якое на гэтую тэму вельмі шырока прадстаўлена у Катэхізісе, абарона супольнага дабра патрабуе, каб злачынца быў пазбаўлены магчымасці чыніць зло. Высілак дзяржавы з мэтай не дапусціць распаўсюджвання паводзін, якія парушаюць правы чалавека і асноўныя прынцыпы супольнага грамадскага жыцця, адпавядае патрэбе абароны супольнага дабра.

Правамоцная грамадская ўлада мае права і абавязак устанавіць пакаранне, прапарцыянальнае цяжару злачынства. Першай мэтай пакарання з’яўляецца выпраўленне непарадку, выкліканага злачынствам. Акрамя абароны грамадскага парадку і бяспекі людзей, яно павінна садзейнічаць выпраўленню вінаватага.

Калі поўнасцю ўстаноўлена асоба і адказнасць злачынцы, то традыцыйнае вучэнне Касцёла не выключае смяротнага пакарання, але толькі тады, калі гэта адзіны магчымы спосаб абароны чалавечага жыцця ад несправядлівага агрэсара. У той жа час Касцёл заклікае да бескрывавых метадаў стрымання і пакарання злачынцаў, паколькі яны найбольш адпавядаюць канкрэтным умовам агульнага дабра і годнасці чалавечай асобы. Сёння, звяртаючы ўвагу на магчымасці, якімі валодае дзяржава для прадухілення цяжкага злачынства і абясшкоджання злачынцы, не пазбаўляючы канчаткова вінаватага магчымасці выправіцца, выпадкі абсалютнай неабходнасці выкарыстання смяротнага пакарання ўжо вельмі рэдкія, а нават практычна ўжо не існуюць. Пра гэта сцвярджаў пры жыцці благаслаўлёны Ян Павел II.

— Ян Павел II вельмі шмат увагі прысвячаў абароне жыцця, у тым ліку абароне асуджаных на смяротнае пакаранне…    

— Гэта сапраўды так. Вялікі Папа быў сумленнем нашага часу і заклікаў да захоўвання Божага права, а тым больш права кожнага чалавека на жыццё, у тым ліку і пакаранага. Яго лінію працягвае папа Бэнэдыкт XVI. Ён у сваім пасланні на III Сусветны Кангрэс супраць смяротнага пакарання, які праходзіў у Парыжы ў 2007 г., падкрэсліў, што яно з’яўляецца не толькі замахам на жыццё чалавека, але і абразай чалавечай годнасці.

— Дарэчы, некалькі дзён таму Папа зноў выказваўся на гэтую тэму?

— Сапраўды,  30 лістапада Пантыфік звярнуўся да ўдзельнікаў форуму, арганізаванага Супольнасцю св. Ідзія, што праходзіў пад дэвізамі «Для свету без смяротнага пакарання» і «Няма справядлівасці без жыцця», з новым заклікам да адмены смяротнага пакарання ў свеце.

Папа выказаў надзею, што гэты форум «стане заахвочваннем да прыняцця палітычных і заканадаўчых ініцыятываў… на карысць адмены смяротнага пакарання і далейшага развіцця на шляху дастасавання дысцыплінарнага закону як да чалавечай годнасці вязняў, так і да плённага захавання грамадскага парадку». Гэты зварот Папы з’яўляецца напрамкам сучаснага вучэння Касцёла па праблеме, якую мы зараз абмяркоўваем.

— Што далей? Два маладых чалавекі, якім яшчэ жыць і жыць, чакаюць спаўнення прысуду — смяротнага пакарання. Падобныя выпадкі могуць быць і ў будучыні, не дай Бог…

— З усёй рашучасцю трэба адзначыць, што жыццё чалавека з’яўляецца самым вялікім Божым дарам, які трэба бараніць ад зачацця да натуральнай смерці. Нават калі злачынства было варварскім, пакаранне не павінна быць такім, бо паводле навучання Хрыста, мы павінны кіравацца прынцыпам не «вока за вока і зуб за зуб», але прынцыпам любові, і нават да тых, хто чыніць нам зло (пар. Мц 5, 38. 44).

Зрэшты, і Праваслаўная Царква, сацыяльнае вучэнне якой вельмі блізкае да вучэння Каталіцкага Касцёла, мае вельмі падобны падыход да справы смяротнага пакарання. У асновах сваёй сацыяльнай канцэпцыі Праваслаўная Царква таксама заклікае да памілавання асуджаных, што дае новыя магчымасці для пакаяння злачынцы.

Беручы пад увагу хрысціянскае вучэнне па гэтай праблеме і ўзгадваючы словы Езуса Хрыста «міласэрнасці хачу, а не ахвяры» (Мц 12, 7), звяртуяся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і заканадаўчай улады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, каб затым зусім яго адмяніць, замяніўшы пажыццёвым пазбаўленнем свабоды, і памілаваць усіх асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Гэтага просіць Каталіцкі Касцёл разам з Папам і біскупамі ва ўсім свеце для тых краін, у якіх яшчэ існуе кара смяротнага пакарання.

— Дзякуем за размову.

Catholic.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Інтэрв'ю

18.04 11:13Брат Аляксандр Жмурко OP: «Я адчуў у вобласці грудзей дотык і жаданне служыць»
13.04 08:21Біскуп і гісторыя: інтэрв’ю біскупа Аляксандра Кашкевіча да 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі
12.04 12:28Час радасці за духоўнае адраджэнне Радзімы: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавядае, як засноўвалася Мінска-Магілёўская мітраполія
13.03 12:24Калі спеў — малітва: інтэрв’ю з Юліяй Шэдзько
12.03 09:57Андрусь Кім: Мы агучваем па-беларуску тыя фільмы, якія дапамагаюць задумацца пра самае важнае
03.03 10:07Пробашч з Палесся: «Па-паляшуцку тут размаўляюць не толькі бабулі, але і моладзь»
26.02 10:05Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB: «Я рады быць часткай Касцёла на Магілёўшчыне»
17.02 13:20Кіраўнікі міжнароднага руху «Pro-life»: «Нам трэба ратаваць ненароджаных дзяцей у Беларусі»
16.02 10:19Часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры мансеньёр Марынко Антолавіч: «Праца святара-дыпламата — гэта служба на карысць Касцёла і ўсіх тых, да каго пасылае Бог»
11.02 09:20Сястра Алена Громік SM: «Калі я гляджу на хворага чалавека, то бачу ў ім Хрыста»