Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Катарына Хульманава: Цэнтральная і Усходняя Еўропа мае вялікія багацці, якія яна можа прынесці ў еўрапейскую культуру
Інтэрв'ю
28.10.2011 10:48

24 кастрычніка 2011 г. у Беларусь прыбыла кіраўніцтва Еўрапейскага форуму нацыянальных камітэтаў свецкіх. Катарына Хульманава са Славакіі распавядае аб працы фонду і аб мэтах візіту еўрапейскай дэлегацыі ў Беларусь.

— З якой мэтай і калі быў заснаваны Еўрапейскі форум нацыянальных камітэтаў свецкіх?

— Еўрапейскі форум свецкіх з’яўляецца платформай супрацоўніцтва для свецкіх арганізацый краін Еўропы. Форум ужо існуе каля сарака гадоў. Мэтаю гэтай платформы з’яўляецца аб’яднанне свецкіх католікаў Еўропы дзеля большага супрацоўніцтва, разумення саміх сябе.

Наш візіт у Беларусь для нас вельмі цікавы, таму што недастаткова толькі чытаць ці чуць нешта аб краіне. Калі ты прыязджаеш, сустракаешся з людзьмі, бачыш, што яны робяць і як, то разумееш, што яны такія самыя людзі, як і мы, з такімі ж праблемамі і марамі. Гэта вельмі добры вопыт.

— Як выглядае ваша супрацоўніцтва з Каталіцкім Касцёлам?

— Мы супрацоўнічаем са свецкімі структурамі, прызнанымі біскупскімі канферэнцыямі тых краін, якія яны прадстаўляюць. Таму гэтая платформа з’яўляецца важнай для афіцыйных дэлегатаў з усіх еўрапейскіх краін. На дадзены момант налічваецца каля 15 краін-удзельніц, але гэта не толькі краіны з Еўрасаюзу, бо мы жадаем супрацоўнічаць з усімі краінамі Еўропы.

Нам здаецца, што сёння, калі ў свеце пануе рэлятывізм, калі існуе столькі праблем, важна, каб у грамадстве загучаў голас каталіцкіх вернікаў. Таму мы жадаем працаваць разам, жадаем аб’яднацца ў Еўропе, каб гэты голас загучаў больш гучна.

— Вы супрацоўнічаеце з Заходняй Еўропай, а зараз кіраўніцтва форуму сустракаецца тут, у Беларусі. У планах супрацоўніцтва і з Усходняй Еўропай?

— Так, Беларусь з’яўляецца членам Еўрапейскага форуму свецкіх, і таму мы хацелі наведаць гэтую краіну, сустрэцца з мясцовымі людзьмі, з прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла. Мы наведалі «Карытас», Душпастырскі цэнтр, выдавецтва «Pro Christo», запланавана таксама сустрэча з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Думаю, нашая прысутнасць у Беларусі — гэта своеасаблівы знак: мы ўсе католікі, мы жадаем разам служыць Хрысту і быць Яго апосталамі.

— У якіх сферах вы бачыце магчымым супрацоўніцтва з Беларуссю?

— Найперш варта адзначыць, што ў Еўропе ёсць краіны, у якіх шмат католікаў, а ёсць і такія, дзе іх нязначная колькасць. Напрыклад, у Беларусь нас прыехала 5 чалавек: з Бельгіі, Аўстрыі, Швецыі, Германіі і Славакіі. І ў нашых краінах працэнт католікаў (ад агульнай колькасці насельніцтва) таксама значна адрозніваецца.

Адносна сферы супрацоўніцтва… Заўсёды складваецца ўражанне, што Заходняя Еўропа дапамагае Усходняй Еўропе. Аднак, я думаю, што і Цэнтральная і Усходняя Еўропа мае вялікія багацці, якія яна можа прынесці ў Еўропу, у еўрапейскую культуру, у еўрапейскі дух. Для гэтага неабходна больш цеснае знаёмства адно з адным, з тым, якія існуюць праблемы. Калі мы бачым, што тут, у Беларусі, Касцёл працуе ў сціплых фінансавых умовах, не маючы вялікіх структур, то гэта можа стаць вялікім абуджэннем для людзей у іншых краінах, якія думаюць, што ў іх адсутнічаюць належныя магчымасці для рэалізацыі нейкіх спраў. Бо мы бачым, што тут, у Беларусі, многае зроблена, што тут у людзей харызматычны дух, што вельмі многа радасці як ад працы, так і ад веры.

Магчыма, установяцца канкрэтныя партнёрскія адносіны паміж краінамі. Я ведаю, што свецкія католікі ў аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц дапамагаюць «Карытас» у Беларусі, а таксама існуюць і іншыя партнёрскія праекты. Думаю, Еўрапейскі форум свецкіх дапаможа больш шырока распаўсюдзіць дадзеную ідэю партнёрства паміж народамі Усходняй і Заходняй Еўропы.

— Вы ўжо пазнаёміліся з дзейнасцю некаторых каталіцкіх арганізацый у Беларусі. Як вы ацэньваеце ўдзел вернікаў у жыцці Касцёла і грамадства?

— Мне здаецца, што ў Беларусі вельмі добрыя адносіны і супрацоўніцтва паміж вернікамі і духавенствам. Я бачу, што свецкія католікі вельмі актыўныя. Безумоўна, відавочная актыўнасць і духоўных асоб. Лучнасць адных і другіх дае плённае супрацоўніцтва.

Размаўляла Валянціна Крутая


Даведка

Еўрапейскі форум нацыянальных камітэтаў свецкіх — арганізацыя, мэта якой развіццё рэгулярных кантактаў паміж нацыянальнымі камітэтамі ці радамі свецкіх католікаў у Еўропе. Гэта таксама абмен вопытам і інфармацыяй паміж членамі фонду па пытаннях агульнаеўрапейскага значэння, асабліва адносна місіі Касцёла ў свеце і яго пастырскай дзейнасці.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.