Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Доўгачаканая ўрачыстасць каранацыі Маці Божай Валадаркі Азёраў
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.08.2009 18:36

У 11 гадзінаў дня 22 жніўня 2009 г. пад адкрытым небам на сцэне, выкананай у выглядзе карабля, размешчанай непасрэдна каля браслаўскага санктуарыя, распачалася цэнтральная святая Імша, падчас якой арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер здзейсніў каранацыю абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел 31 іерарх, каля 200 святароў і амаль 10 тысяч вернікаў. Прыбылі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, якія працуюць у Віцебскай вобласці.

На «караблі» падчас урачыстай літургіі знаходзіліся іерархі не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы, якія прыбылі на гэтае ўзнёслае мерапрыемства па запрашэнні біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна. Непасрэдна каля алтара размяшчаўся сводны хор Віцебскай дыяцэзіі, які ўпрыгожваў супольную малітву спевам пад акампанемент аркестра.

На пляцоўцы перад спецыяльна змайстраваным алтаром сабраліся шматлікія вернікі Браслаўшчыны і з іншых куткоў Беларусі, а таксама замежныя госці. Вачамі, поўнымі замілавання і радасці, яны ўзіраліся ў абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў, які быў усталяваны на яхце перад алтаром.

У каментарах да літургіі прагучала цудоўнае тлумачэнне тых сімвалаў, якія былі выкарыстаны для падрыхтоўкі месца правядзення каранацыі. Карабель — гэта запрашэнне да падарожжа шляхамі Маці Божай, якой трэба толькі даверыцца, каб Яна прывяла кожнага з нас да жыцця вечнага ў доме Нашага Айца. Карабель, на якім адбывалася каранацыя, павінен нагадваць усім, хто апынаецца на возеры ці ў моры на судне, што Маці Божая заўсёды побач і можа ўратаваць ад усялякай бяды.

Літургію цэлебраваў арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер. Ён жа прамовіў гамілію па-нямецку, якая паралельна перакладалася на беларускую мову. Іерарх адзначыў, што «чалавек з’яўляецца вянцом, каронаю Божага стварэння. Карона, якой была ўвянчана Марыя, прызначана і нам, бо мы з’яўляемся Божымі дзецьмі. Мы не толькі Божыя стварэнні, але сёстры і браты Хрыста, а праз гэта — дзеці Божыя. (...) Мэта Марыі — гэта наша мэта, Яе шлях — наш шлях, таму сёння мы звяртаемся да Яе, усклікаючы: „Марыя, прымі нас як пілігрымаў, якія ідуць з Табою да Хрыста“».

Поўны тэкст гаміліі >>>

Адразу пасля гаміліі адбыўся галоўны і найбольш чаканы момант усёй урачыстасці — каранацыя абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Кардынал Ёахім Майснер усклаў карону спачатку на галаву Езуса, а затым Яго Маці — Марыі. Пасля гэтага перад абліччам укаранаванай Маці Божай біскуп Уладзіслаў Блін зачытаў Акт аддання вернікаў і душпастыраў Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадарцы Азёраў . У пранікнёнай просьбе іерарха ўрачыста гучала: «О Марыя, Маці Браслаўская! Мы, Твае дзеці, хочам аддаць Табе ва ўласнасць нашыя сэрцы, нашу працу і адпачынак, малітвы і надзеі, каб Ты, нашая Маці, магла распараджацца імі, як сваёй праўдзівай уласнасцю».

Пасля гэтага замежныя іерархі, а таксама прадстаўнікі розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынеслі Марыі дары. А напрыканцы святой Імшы ў знак падзякі і пашаны прадстаўнікі браслаўскай парафіі, а пасля іх і іншыя вернікі скіравалі самыя добрыя словы ў адрас пробашча браслаўскай парафіі кс. Лешэка Вітвіцкага SDS, а таксама ўсіх тых, без удзелу каго не магло б адбыцца гэтае мерапрыемства.

У сваю чаргу, кс. Лешэк выказаў падзяку Пану Богу і яго Маці за тое, што гэтая ўрачыстасць адбылася. Узгадаў усіх, хто прычыніўся да арганізацыі гэтага свята. Ксёндз Лешэк прызнаўся, што вельмі ўзрадаваны тым, што так шмат людзей сабралася ў гэтыя дні ў Браславе, каб памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай. Ён выказаў надзею, што з кожным годам колькасць вернікаў і пілігрымаў будзе павялічвацца.

Пасля ўдзялення благаслаўлення і завяршэння літургіі абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў ва ўрачыстай працэсіі быў перанесены ў браслаўскую святыню і змешчаны ў галоўным алтары.

Фота кс. А. Амяльчэні, брата К. Консэка, М. Новікава, Ул. Валадзько

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў