Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Браслаў: Кароны для Валадаркі Азёраў
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.08.2009 19:07
22 жніўня 2009 г. браслаўская парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі перажывала велічную і значную падзею — каранацыю папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Падрыхтоўка да гэтай урачыстасці вялася на працягу доўгага часу. Да яе прычыніліся як прадстаўнікі духавенства, так і свецкія людзі з розных куткоў Беларусі, найперш, з Віцебскай дыяцэзіі, а таксама з-за мяжы.

19 жніўня ў Браславе распачалася IV Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі, якая праходзіла пад дэвізам «Дзякую Богу радасцю вялікай». 370 юнакоў і дзяўчат на працягу трох дзён разам перажывалі радасць супольнай малітвы і праслаўлення Пана Бога. Духоўнымі апекунамі сустрэчы былі айцы сальватарыяне кс. Аляксандр Сапель SDS і кс. Казімір Рышкевіч SDS. Канферэнцыі на дадзенай сустрэчы прамаўлялі а. Андрэй Лысы SChr і кс. Юрый Санько.

У рамках сустрэчы адбыўся традыцыйны футбольны матч паміж камандамі духавенства і свецкай моладзі. Перамогу атрымала каманда моладзі. 21 жніўня ўдзельнікі моладзевай сустрэчы разам са святарамі і семінарыстамі арганізавалі гульню ў валейбол на гарадскім пляжы возера Дрывяты. Падчас гульні некаторыя з балельшчыкаў ігралі на гітарах. Маладыя людзі цешыліся з таго, што могуць у духу еднасці і сяброўства супольна маліцца і актыўна адпачываць, клапоцячыся адначасова пра душу і цела, што спрыяе гарманічнаму развіццю асобы.

21 жніўня ў Браслаў пачалі прыходзіць пешыя пілігрымкі з Паставаў (53 удзельнікі на чале з кс. Андрэем Возьнякам) і Мёраў (90 удзельнікаў на чале з кс. Аляксандрам Грыцкевічам).

Незадоўга да пачатку святой Імшы на 18.00 у Браслаў прыехаў арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер, які 22 жніўня ўзначаліў цырымонію каранацыі абраза Маці Божай Браслаўскай.

Святой Імшой а 18 гадзіне распачаліся запланаваныя ўрачыстасці. Літургію ўзначаліў біскуп Яніс Буліс з Латвіі. Падчас святой Імшы біскупы ўдзялілі сакрамэнт канфірмацыі маладым людзям з Браслава і навакольных парафій. Сакрамэнт духоўнай сталасці атрымалі больш за 100 вернікаў.

Пасля літургіі распачалося начное чуванне пад дэвізам «Сустрэча культур каля Маці Божай». Свае праграмы на сцэне каля браслаўскай святыні прадставілі ўдзельнікі малітоўнага чування з Латвіі, Літвы, Украіны і Польшчы.

У 24.00 у межах часу польскай культуры ў браслаўскім санктуарыі распачалася святая Імша на польскай мове, якую цэлебраваў арцыбіскуп Гнезненскі Генрых Мушынскі (Польша). У літургіі прымалі ўдзел іерархі з Украіны, Польшчы, Казахстана, Латвіі, Літвы, Германіі і Беларусі. Пасля літургіі адбылася працэсія са свечкамі па Замкавай гары з адначасовай малітвай на Святым Ружанцы — разважаннем таямніцаў святла.

На працягу ўсёй ночы ў браслаўскім санктуарыі вернікі трывалі ў малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

У 8.00 раніцы 22 жніўня святую Імшу ўзначаліў біскуп Кірыл Клімовіч, ардынарый дыяцэзіі св. Юзафа ва Усходняй Сібіры з цэнтрам у Іркуцку. Літургію канцэлебравалі святары, якія паходзяць з Браслаўшчыны. Сёння яны нясуць сваё служэнне ў розных кутках Беларусі і за яе межамі.

Непастрэдна перад галоўнай святой Імшой міжпарафіяльны грэка-каталіцкі хор «Прасфара» з Мінска праспяваў Акафіст. Набажэнства ўзначалілі Архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітарар для грэка-католікаў Беларусі, а таксама іерархі з Украіны.

22 жніўня ў 11.00 на сцэне пад адкрытым небам, выкананай у выглядзе карабля, распачалася цэнтральная святая Імша, падчас якой арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер здзейсніў каранацыю абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі.

Перад абліччам укаранаванай Маці Божай біскуп Уладзіслаў Блін зачытаў Акт аддання вернікаў і душпастыраў Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадарцы Азёраў.

Пасля ўдзялення благаслаўлення і завяршэння літургіі, абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў ва ўрачыстай працэсіі быў перанесены ў браслаўскую святыню і змешчаны ў галоўным алтары.

Падрыхтавала Алена Рулевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў