Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Шуміліне прайшлі ўрачыстасці ў гадавіну аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
15.05.2015 12:41

13 мая ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне сабраліся шматлікія вернікі і святары з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі, каб маліцца з нагоды 98-й гадавіны аб’яўлення Маці Божай у Фаціме. Па традыцыі з Віцебска ў Шуміліна прыйшла пешая пілігрымка, да якой далучыліся і вернікі з Магілёва.

Таксама ў гэты дзень біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адзначаў 15-годдзе святарства. Раздзяліць з іерархам радасць гэтай падзеі ў Шуміліна прыехалі ксёндз Ян Пугачоў, адміністратар парафіі ў Германавічах, і ксёндз Вячаслаў Барок з Віцебска, якія разам з сённяшнім біскупам прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне 13 мая 2000 года. Гэта былі першыя прэзбітэрскія пасвячэнні ў гісторыі Віцебскай дыяцэзіі, удзеленыя тагачасным віцебскім ардынарыем біскупам Уладзіславам Блінам. У той жа дзень 15 гадоў таму ў Шуміліне адбылася першая ўрачыстасць ў гонар Маці Божай Фацімскай, калі многія з прысутных пасля пасвячэнняў накіраваліся туды з віцебскага катэдральнага касцёла. На стадыён, дзе і адбывалася ўрачыстасць, фігурку Маці Божай Фацімскай унеслі новапрэзбітэры.

Біскуп Алег Буткевіч, узгадваючы аб’яўленне Маці Божай у Фаціме, адзначыў у гаміліі, што Панна Марыя заклікала да навяртання. Іерарх нагадаў і аб папярэджанні Маці Божай, што калі людзі не пераменяцца, свет чакае пакаранне. Іерарх дадаў, што, на жаль, найгоршае споўнілася, у сувязі з чым узгадаў аб пераследзе веры і Касцёла ў XX стагоддзі. «Варта памятаць аб гэтым, – адзначыў віцебскі ардынарый. – Словы Божай Маці і надалей актуальныя».

Закранаючы пытанне веры ў жыцці сённяшняга хрысціяніна, іерарх нагадаў, што тут нельга затрымлівацца толькі на фармальным узроўні. «Мы ўвесь час павінны пытацца, якое месца ў маім жыцці займае Езус, а таксама: “Пане Божа, якая Твая воля?”» — заклікаў біскуп і дадаў, што толькі вольны чалавек – гэта значыць той, хто не прывязаны да граху, той, хто пакаяўся і навярнуўся, – «можа прыняць Езуса ў свае сэрца».


Таксама біскуп нагадаў, што вернікі прыбылі ў санктуарый дзеля таго, каб умацаваць там сваю веру, і пажадаў: «Няхай гэтыя малітвы, заступніцтва Божай Маці ўчыняць з нас сапраўды веруючых людзей». Па словах іерарха, тое, што калісьці недабудаваны клуб у Шуміліне сёння стаў прыгожым касцёлам — гэта знак Божай прысутнасці.

Падчас Імшы біскуп удзяліў тром парафіянкам сакрамэнт канфірмацыі. Звяртаючыся да іх, іерарх нагадаў, што з гэтай хвіліны яны становяцца «святыняй Духа Святога, у якой гэты Дух прабывае», і пажадаў, каб яны «ніколі Яго не згубілі». «Толькі варта Яму даверыцца», — заклікаў віцебскі ардынарый.

Напрыканцы Імшы маленькія вернікі шумілінскай парафіі павіншавалі свайго біскупа з 15-годдзем святарскага пасвячэння, праспяваўшы яму песню «Нас у Шуміліне, Марыя, сустракай».

Затым шматлікія вернікі і святары прайшлі ў працэсіі вакол касцёла, молячыся на ружанцы і просячы для сябе і сваіх блізкіх патрэбныя ласкі.

Скончылася свята супольным пачастункам і выступленнем гурта «Рэха».


Кацярына Лаўрыненка,

Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў