Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Зерне, упаўшы на зямлю, прынесла плён»: 110-годдзе святыні адзначылі ў Параф’янаве
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
14.07.2014 13:44

З нагоды 110-годдзя касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф’янаве (Докшыцкі дэканат) 12 і 13 ліпеня адзначаліся юбілейныя ўрачыстасці. У другі дзень святкаванняў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі, а таксама благаславіў адрэстаўраваны крыж і абраз у галоўным алтары касцёла.

У першы дзень парафію наведаў айцец Тадэвуш Кавальскі OFMCap, які сёння служыць у Верхнядзвінску і быў у Параф'янаве пробашчам на працягу 12 гадоў, стаўшы для мясцовых католікаў асаблівым аўтарытэтам і прыкладам высакародства веры. Айцец Тадэвуш Кавальскі ўзначаліў Імшу, у якой удзельнічалі святары, што ў свой час мелі дачыненне да развіцця парафіі, а таксама тыя, для каго, як для кс. Дзмітрыя Пухальскага, парафія была і застаецца малой радзімай, якую ён не спыняецца адведваць.

 У гаміліі айцец Тадэвуш Кавальскі заклікаў падзякаваць Богу за святыню і працу ўсіх людзей, «за добрыя сэрцы і адкрытасць, што патрэбны былі, каб святыня аднаўлялася». Святар узгадаў, што адбывалася, калі чалавек занядбоўваў святыню падчас камуністычных часоў, калі казалі: "А што нам Касцёл дасць? Давайце дамы культуры будаваць і весяліцца" Як адзначыў айцец Тадэвуш Кавальскі, такі шлях, «калі чалавек зачыняе дзверы святыні, вядзе ў тупік».

Напрыканцы да вернікаў звярнуўся а. Марэк Пасюта OFMCap, адзначыўшы: «Раней я не раз казаў, што на вашу парафію сыходзіць вясна, але каб сышлі анёлы – гэта ўпершыню». Пра анёлаў святар узгадаў з той нагоды, што пасля Імшы выступіў дзіцячы ансамль народнага танца «Белыя крылы» з Маладзечна, які прыехаў у Параф’янава па запрашэнні пробашча кс. Рамана Мурзіча. У слове да парафіянаў а. Марэк Пасюта прыгадваў дзень, калі ўпершыню увайшоў у касцёл у Параф’янаве і ўбачыў людзей, якія прыбіралі: тады ён заўважыў, што «паміж людзьмі была вялікая радасць і надзея».

Таксама а. Марэк Пасюта прыгадаў імёны айцоў-капуцынаў і братоў-капуцынаў з Польшчы і з Беларусі, пакліканне якіх і служэнне Богу прайшло праз гэтую святыню. Напрыканцы святар пажадаў, каб мясцовая парафія развівалася і каб вясна, пра якую ён узгадваў, прыходзіла заўсёды, але пасля і заўсёды пераходзіла ў час жніва.

«Зерне, упаўшы на зямлю, прынесла плён», – спявалася ў той дзень падчас псальму.

У другі дзень урачыстасцяў святую Імшу, на якой быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі, узначаліў біскуп Алег Буткевіч, што прыехаў увечары папярэдняга дня і прысутнічаў на канцэртнай праграме і феерверку каля парафіяльнага дома. На пачатку канцэрту біскуп прывітаў парафіянаў і гасцей з заклікам: «Няхай урачыстасць будзе знакам удзячнасці, што Бог на гэтай зямлі жыве!»

Падчас нядзельнай Імшы біскуп у гаміліі параўнаў параф’янаўскую святыню з караблём, які плыве па прыгожых мясцінах. «Карабель нагадвае чалавека, які з паднятымі рукамі ўзносіцца да Бога», – адзначыў іерарх.  

«Гісторыя Касцёла — гэта гісторыя чалавека, які шукае Бога, гісторыя чалавека, якога знаходзіць Бог, у першую чаргу — гісторыя перамогі Хрыстовага крыжа і Божай ласкі.(...) Сёння мы сведкі таго, што аніякія варожыя сілы не знішчаць таго, што будуе Бог», — дадаў віцебскі ардынарый.

Разважаючы пра Божую перамогу, біскуп адзначыў, што «гэтая перамога павінна ўліваць надзею і быць фундаментам веры людзей ХХІ стагоддзя, людзей, на плечы якіх ускладзены абавязак захаваць гісторыю веры і пранесці яе ў будучыню».

Біскуп прыгадаў некаторыя моманты гісторыі гэтай святыні, імёны святароў, напрыклад, благаслаўлёнага Мечыслава Багаткевіча, які калісьці служыў у касцёле прыміцыйную Імшу. Таксама іерарх адзначыў, што і сёння «гэтая зямля нараджае новых людзей, адданых Касцёлу - напрыклад, кс. Дзмітрыя Пухальскага».

Біскуп падкрэсліў важнасць веры, якую заклікаў яшчэ больш усвядоміць і бараніць. «Мы жывем у грамадстве, якое дазваляе верыць, але будзьма сведкамі найперш у асабістым жыцці: праз моцныя сем’і, цвярозасць, павагу да жыцця старэйшых», — адзначыў іерарх.



Сакрамэнт канфірмацыі атрымалі з рук іерарха больш за 50 вернікаў, сярод якіх была як моладзь, так і людзі больш сталыя.

Таксама падчас Імшы былі благаслаўлены абраз Маці Божай і адрэстаўраваны крыж у галоўным алтары. Гэты абраз быў зроблены паводле таго, які знаходзіўся раней у святыні, пра што сведчаць фотаздымкі з хронікі.



Падчас урачыстасцяў парафіяльны хор на чале з арганістам Станіславам Красоўскім праспяваў гімн параф’янаўскага касцёла, тэкст да якога напісала парафіянка паэтка Марыя Дзюбак. 10 гадоў таму яна падрыхтавала на 100-годдзе святыні вершаваны сцэнар гісторыі гэтага касцёла і святароў (ад аўтара. – мне заўсёды ўзгадваюцца радкі паэткі пра касцёл: «Зведаў глум ды раздор, ды за веру змагаўся ты смела, ты ж у сэрцы маім самай светлай святыняй застаўся; спынім час, паглядзім, як касцёл будаваўся»), а ў гэты раз яе падарункам стаў тэкст гімна, музыку да якога па просьбе кс. Рамана Мурзіча напісаў Уладзімір Неўдах.

Пра напісанне гімна паэтка распавядае: «Наш пробашч ксёндз Раман Мурзіч даў мне гісторыю касцёла – цэлую папку матэрыялаў. Я натхнілася гэтай справай, прыехаўшы з касцёла і прачытаўшы матэрыялы, вырашыла адразу пісаць. Думала, што ў мяне гэта атрымаецца лёгка, а аказалася, што там многа прозвішчаў тых, хто заснаваў і працаваў. Я зразумела, што трэба браць нейкія ключавыя моманты: заснавальніка, благаслаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, сучасны выгляд касцёла, веру нашу і абраз – як сімвал нашага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Паспрабавала ў нядзелю – нешта не рыфмуюцца прозвішчы, нейкія радкі грамоздкія. Кінула, расстроілася. Гэта была толькі нядзеля. У панядзелак ізноў узяла другі рытм і памер, але — не тое. Думаю, што рабіць. А мелася я выканаць гэта хутка — да верасня 2013 года, на парафіяльную ўрачыстасць. Прачынаюся ў аўторак рана, мне прыходзіць такі радок: «У прыгожым кутку нашай роднай зямлі...» І так пайшло, як бы мне хто надыктоўваў... За трэцім разам я напісала ў адзін дзень усё. На наступную нядзелю павезла паказваць пробашчу. Ксёндз Раман пачытаў і сказаў, што ўсё на месцы і трэба толькі паказаць кампазітару. Уладзімір Неўдах з Мінска, які ўзяўся напісаць музыку, змяніў там пару слоў. Потым наш хор шмат разоў яго рэпетыраваў, потым падрыхтавалі тэкст на экране, каб увесь касцёл далучаўся і спяваў, і так на 110-годдзе гімн загучаў. Я ўдзячная Богу, Найсвяцейшай Панне Марыі і нашаму Касцёлу, што яны прынялі і благаславілі сціплыя словы майго гімна.

У прыгожым кутку нашай роднай зямлі,
Дзе спакойная рэчка Галядза бруіцца,
Людзі гожы касцёл на вякі ўзвялі,
Ён для нас жыватворнае веры крыніца.

Услаўляем ксяндза, што падмурак заклаў,
Параф’янаўскай нашай цудоўнай святыні.
Гэта слаўны святар, гэта Корн Баляслаў,
Ганарымся яго добрым імем.

Рэфрэн:
Спеў святы разнясецца наўкола,
Заспяваюць-зазвоняць званы,
Нашу веру ў славу Касцёла
Узнясуць да нябёсаў яны.
Найсвяцейшае імя Марыі
І абраз на Яе алтары
Таямніцы Ружанца адкрылі,
З ёю прагнем душой гаварыць...»

Святкаванні ўпрыгожыў спевамі і граннем гурт "Nevrida", запрошаны пробашчам ксяндзом Раманам Мурзічам на заключную частку мерапрыемстваў.

Аксана Ючкавіч
Фота Ірыны Пераплётавай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў