Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Лучаі адсвяткавалі «Дзень сям'і»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
01.07.2014 12:17

29 чэрвеня ў касцёле святога Юды Тадэвуша Апостала адбыўся «Дзень сям'і» — свята, якое мае ўжо трохгадовую традыцыю ў парафіі Лучай. Асаблівым чынам у гэты дзень вернікі моляцца за сем'і, за сужонкаў, якія сёлета адзначаюць юбілейную дату свайго шлюбу.

Распачалося набажэнства з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Святар прамовіў малітву за сем'і. Пасля прагучала адарацыйнае разважанне (дарэчы, гэта ўжо добрая традыцыя Лучайскіх набажэнстваў), тэмай якога быў заклік: «Будзем жывой манстранцыяй для Цябе, Пане!» Было над чым задумацца, пачуўшы словы: «Навучы нас хадзіць з Табою, Пане! На кожным кроку быць уважлівымі, каб Цябе не пакрыўдзіць, а тады жыццё зменіцца ў «Магніфікат» — песню шчасця».
 
Чаргуючы малітвы за сем'і з разважаннямі са спевамі да святога Юзафа, апекуна сем'яў, вернікі адаравалі Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, што стала добрай падрыхтоўкай да святой Імшы.

Наступнай часткай свята стала сапраўднае сведчанне веры, якім падзяліўся з прысутнымі спадар Віктар Даўжук, катэхэт з Камаяў, які ўжо год навучае рэлігіі і дзетак з Лучайскай парафіі. Віктар Станіслававіч прадставіў сваё духоўнае сведчанне пра сям'ю, а асабліва звярнуў увагу на ролю бацькі ў сям'і (сам з'яўляецца татам дваіх дзяцей). «Вядома, што ў школе могуць даць агульныя веды, але пра душу і сумленне там не навучаюць. Нават і на ўроках рэлігіі недастаткова такіх ведаў. Першымі і галоўнымі святарамі — заступнікамі Бога на зямлі — з'яўляюцца бацькі. Гэта яны сваім прыкладам павінны выхоўваць сваіх дзетак, памятаючы, што абяцалі Богу падчас іх хросту — «выхоўваць у веры».

Святую Імшу ў інтэнцыі сем'яў цэлебраваў ксёндз пралат Павел Кнурэк з Лынтупскай парафіі святога Андрэя Апостала. Святар добра вядомы, як вядучы рубрыкі «Разважаем над Божым словам» у дыяцэзіяльнай газеце «Каталіцкі веснік». У сваім казанні ксёндз Павел простымі словамі растлумачыў пра самае галоўнае у жыцці – пра любоў. Аб тым, што сапраўднай крыніцай сямейных адносін з'яўляецца Бог. Засяродзіў увагу над уменнем прабачаць ў сужэнстве. Святар прыгадаў і пра апекуноў сённяшняга дня: святых Апосталаў Пятра і Паўла, пра іх духоўнае ўзрастанне, шлях да Бога. Хвалюючым момантам Літургіі стаў абрад аднаўлення сужэнскай прысягі для чатырох пар юбіляраў.

На свята завіталі артысты з кампаніі «Будзьма Беларусамі», якая ўжо цесна супрацоўнічае з Лучайскай парафіяй. Многія парафіяльныя святы ладзяцца з удзелам яе сяброў. Першай выступіла бард-спявачка Таццяна Беланогая. Артыстка выканала песні «Мова», «Мама», «Май» і іншыя на словы Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Някляева. Спявачка правяла са слухачамі конкурс-апытанне: «Якія якасці неабходыя, каб пабудаваць хрысціянскую сям'ю?» Прысутныя актыўна ўдзельнічалі, пералічваючы такія якасці, як вернасць, любоў, уменне прабачаць, і за гэта атрымалі памятныя прызы ад кампаніі. Міхась Скобла – паэт, які прадставіў слухачам некалькі сваіх вершаў, сярод якіх быў верш«Стайня». Гэты твор асвячае трагічны лёс беларускіх храмаў у часы ваяўнічага бязбожжа.

Спявачка Таццяна Матафонава з сынам Адасям выканалі некалькі твораў: «Авэ, Марыя», «Развітанне з Радзімай». А на заканчэнне разам з вернікамі заспявалі беларускі хрысціянскі гімн «Магутны Божа». Пасля гэтага ксёндз Мікалай падзякаваў прысутным вернікам і артыстам, і паблагаславіў іх на шчаслівую дарогу дадому. Лучайскага пробашча без перабольшвання можна назваць «фэстмайстрам». Гэта чалавек, які заўсёды носіць свята з сабою. Пераканацца ў гэтым можна амаль штомесяц, бо з такой перыядычнасцю праходзяць у парафіі канцэрты, сустрэчы са знакамітымі беларусамі. А самае маштабнае свята парафіі — адпуст у гонар святой Ганны сёлета адбудзецца 26 ліпеня.

Алена Колтан-Клімза.

Паводле luchai.by

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў