Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Місіс Беларусь» агітуе супраць абортаў у рамках акцыі ў Гомелі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
16.10.2014 15:31

«Місіс Беларусь», 31-гадовая гамяльчанка Юлія Перагудава, разам з мужам Дзмітрыем удзельнічае ў вулічных акцыях па раздачы інфармацыйных матэрыялаў на тэму абортаў. Вулічныя акцыі праходзяць у Гомелі каля буйных крамаў у рамках «Тыдня без абортаў», які працягваецца з 13 па 18 кастрычніка.

Юлія раздае ўлёткі каля крамы «Еўраопт» разам з удзельнікамі хрысціянскай арганізацыі «Выратаванне немаўлятаў». За вечар толькі ля гэтага гіпермаркета валанцёры раздаюць амаль тысячу ўлётак.

Юлія Перагудава была абрана «Місіс Беларусь-2014» у маі гэтага года. У сям’і Юліі і Дзмітрыя двое дзяцей. Юлія сама патэлефанавала ў грамадскае аб’яднанне «Выратаванне немаўлятаў» і прапанавала свае паслугі.

«Мне вельмі балюча глядзець на дарослых жанчын, якіх некалі не спынілі ад абортаў. Цяпер яны спрабуюць нарадзіць, але беспаспяхова. Сутыкнуўшыся з многімі такімі жанчынамі, я зразумела, што мой абавязак — спыняць новае пакаленне ад абортаў», — тлумачыць свае матывы Юлія.

«Місіс Беларусь» агітуе супраць абортаў таксама і мужчын: «Калі яны адпраўляюць сваіх каханых на аборты, часта нават не ўсведамляюць, якога роду будзе працэдура. А з дзяўчатамі таксама размаўляю пра тое, у чым розніца паміж шлюбам афіцыйным і грамадзянскім і чым звычайна заканчваецца моднае сёння сужыццё».

У рамках «Тыдня без абортаў» у Гомелі 15 кастрычніка ўпершыню прайшла навукова-духоўная канферэнцыя, на якой было адзначана, што кожная шостая цяжарнасць у Гомельскай вобласці заканчваецца абортам.

Паводле гомельскага каталіцкага сайта

(AG)

 

Фота гомельскага каталіцкага сайта

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.