Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Навуковы аспект даследаванняў Бібліі абмеркавалі на семінары ў Баранавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
13.10.2014 13:36

«Біблія — кніга Бога ці чалавека?» — тэма семінара, які 11 кастрычніка адбыўся ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунда Лазінскага ў Баранавічах.

Сярод удзельнікаў семінара кс. Андрэй Рылка, дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага, прывітаў біскупа Пінскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янку, кс. Яна Саламона, рэктара Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, і кс. Яна Крэміса, дырэктара тэалагічнага каледжа св. Яна Хрысціцеля ў Мінску.

Першы даклад на тэму «Біблія ў працэсе фарміравання» прачытаў кс. Адам Дынак, які акрэсліў асноўныя моманты з’яўлення Кнігі Кніг, падрыхтаваў своеасаблівыя «ўводзіны» ў свет навуковых даследванняў Бібліі, агучыў некаторыя навуковыя версіі, а напрыканцы падкрэсліў значнасць вывучэння Кнігі, якая «робіць жыццё людзей больш высакародным».

Праблематыцы перакладаў Бібліі на сучасныя мовы быў прадстаўлены другі даклад, прадстаўлены доктарам Андрэем Дзясніцкім, выпускніком МДУ, доктарам філалагічных навук, спецыялістам па вывучэнні і перакладзе Бібліі.

«У нашым свеце няма тэкстаў больш актуальных і цікавых, чым Біблія, а калі вы не згодны, то проста не ўмееце чытаць», — сцвярджае дакладчык, які вядзе адмысловы блог на gazeta.ru.

Сярод пытанняў, якія закрануў дакладчык, першай стала праблема мэтазгоднасці ўзнікнення перакладаў на сучасныя мовы.

Сярод аргументаў «за» ён адзначыў шэраг прычын. Напрыклад, змены, якія існуюць у любой жывой мове, новыя навуковыя адкрыцці, незразумелыя да канца, мэты і асаблівасці аўдыторыі, для якой робіцца пераклад, і інш.

«Што вызначае пераклад?» — такім было яшчэ адно пытанне дакладу. Андрэй Дзясніцкі адзначыў, што ў справе перакладу важнае месца належыць асобе перакладчыка, бо пераклад з’яўляецца адлюстраваннем яе поглядаў і перакананняў.

Дакладчык прывёў ілюстрацыйныя прыклады праблем, звязаных з перакладам пэўных груп біблійнай лексікі: рэалій, канцэптаў і імён.

Наступным выступоўцам стаў госць з Аўстрыі Франц Коглер, які расказаў пра новыя формы евангелізацыі. Дакладчык падкрэсліў асаблівую значнасць Божага слова ў пазнанні Бога, параўнаўшы Біблію з дасяжным інструментам, якім можа карыстацца кожны.

Бібліст адзначыў, што, чытаючы Біблію, можна дакрануцца да Бога і адкрыць, што яе сказы і словы маюць дачыненне да кожнага з нас: «Мы заўсёды глядзім уверх, з пытаннем "а што скажа біскуп?", але ў пытанні Бібліі мы самі павінны яе чытаць і “жыва” абменьвацца сваімі меркаваннямі».

Франц Коглер падкрэсліў, што «наша галоўная задача — жыць Бібліяй».

Пасля дакладаў у прысутных была магчымасць задаць пытанні выступоўцам і абмеркаваць некаторыя моманты больш падрабязна.

У дапаўненне да абмеркаванняў, якія тычыліся перакладу канкрэтных месцаў у біблійных фрагментах, Франц Коглер адзначыў: «Мы не павінны ўспрымаць Біблію даслоўна, але павінны чытаць яе гісторыю, павінны адчуваць веру таго, хто гэта пісаў».

Аксана Ючкавіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.