Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадстаўнікі Пінскай дыяцэзіі прынялі ўдзел у сустрэчы Папы з дэлегацыяй Нэакатэхуменальнага шляху
Беларусь - Пінская дыяцэзія
01.02.2014 15:49

Прадстаўнікі Гомельскага дэканату Пінскай дыяцэзіі, дзе актыўна развіваецца Нэакатэхуменальны шлях, удзельнічалі ў сустрэчы Папы Францішка з прадстаўнікамі гэтага руху, якая прайшла 1 лютага. На сустрэчу ў Рым, як інфармуе гомельскі сайт Нараджэння Божай Маці, адправіліся пробашч гомельскай парафіі ксёндз прэлат Славамір Ласкоўскі і пробашч светлагорскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксёндз дэкан Тадэвуш Саморэк.

Пантыфік адзначыў, што члены гэтага руху павінны прыняць усе меры для стварэння і падтрымання “камуніі ўнутры мясцовых Касцёлаў”. Па словах Папы, хоць Нэакатэхуменальны шлях мае “свой уласны харызмат, сваю ўласную дынаміку”, яго члены павінны “слухаць жыццё Касцёлаў”, у якія яны пасланы для служэння, “ісці разам, як адзіны статак пад кіраўніцтвам пастыраў мясцовых Касцёлаў”. Менавіта камунія, адзначыў Пантыфік, жыццёва неабходная для “гарантавання адзінства сярод братоў, што складаюць унікальную касцёльную супольнасць”, часткай якой павінны сябе адчуваць паслядоўнікі Нэакатэхуменальнага шляху.

Святы Айцец заклікаў не забывацца, што “Дух Божы заўсёды ідзе перад намі”, “нават у самых цяжкадаступных месцах, нават у самых разнастайных культурах”, і адсюль “вынікае неабходнасць асаблівай увагі да культурнага кантэксту”, у якім пакліканы працаваць хрысціяне. Важна, па словах Пантыфіка, вывучыць асяроддзе і мову, але “значна больш істотным з’яўляецца абавязацельства “вывучаць” культуру”, “прызнаючы неабходнасць Евангелля, якое прысутнічае ўсюды, і таксама дзеянне Святога Духа, якое Ён здзяйсняе ў жыцці і гісторыі кожнага народа”.

Яшчэ адной рэкамендацыяй Папы стаў заклік “клапаціцца з любоўю адзін пра аднаго, асабліва пра найбольш уразлівых”. Нэакатэхуменальны шлях, нагадаў Святы Айцец, - гэта “цяжкі шлях”, уздоўж якога брат або сястра могуць сустрэць нечаканыя цяжкасці. “У гэтых выпадках цярплівасць і міласэрнасць з боку супольнасці з’яўляецца прыкметай сталасці ў веры”, - сказаў Папа і дадаў, што свабода кожнага чалавека не павінна быць абмежавана, а члены Нэакатэхуменальнага шляху “павінны паважаць канчатковы выбар тых, хто вырашыў шукаць па-за ім іншыя формы хрысціянскага жыцця”.

Папа заклікаў сабраных несці ў кожнае месца, асабліва ў найбольш дэхрысціянізаванае, Евангелле Езуса Хрыста і пасланне Божай любові да чалавека.

На сустрэчу ў Ватыкан, як інфармуе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, прыбылі каля 10 тысяч чалавек. Падчас сустрэчы Святы Айцец благаславіў 17 груп, якія адправяцца з евангелізацыйнай місіяй – “Missio ad gentes” – у розныя краіны, і 75 сем’яў, якія вырушаць на місіі.

(AG)

 

 

Фота з гомельскага сайта Нараджэння Божай Маці

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.