Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У межах калядных сустрэч з вернікамі біскуп Антоні Дзям'янка наведаў ружанскую парафію
Беларусь - Пінская дыяцэзія
08.01.2014 12:14

ІІ Нядзеля пасля Божага Нараджэння для вернікаў парафіі Святой Тройцы ў Ружанах стала днём сустрэчы з ардынарыем Пінскай дыяцэзыі — біскупам Антоніем Дзям'янкам. У святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп, прынялі ўдзел таксама некалькі вернікаў праваслаўнага веравызнання.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што «радасць Нараджэння Хрыста вельмі вялікая». «Божае Нараджэнне — гэта пацалунак неба і зямлі.» — сказаў біскуп, дадаючы, што «яно надае правільны кірунак, у якім чалавецтва рухаецца». Чалавека, які паверыў Хрысту, іерарх параўнаў з «пілігрымам», які зносіць спякоту і невыгоды пілігрымкі і, нягледзячы на ўсе цяжкасці, адважна ідзе ў выбраным напрамку. «Хрыстус сваім прыйсцем у наш свет надаў чалавецтву правільны кірунак. З’явілася святло — святло бэтлеемскага агню, якое распаўсюджваецца на ўвесь свет», — адзначыў біскуп і звярнуў увагу, што сёння гэты агонь разыходзіцца па ўсёй зямлі не толькі дзякуючы намаганням скаўтаў, але перадусім дзякуючы моцнай, адважнай і жывой веры нашых продкаў.

У прэзбітэрыі пінскай катэдры ёсць насценны малюнак, на якім прадстаўлена сцэна Божага Нараджэння. Калі прыгледзецца бліжэй да асоб на гэтай карціне, тых, хто прыйшоў пакланіцца Езусу, можна ўбачыць людзей з характэрнымі для насельніцтва Палесся рысамі твару і адзеннем», — заўважыў біскуп, дадаўшы, што гэта сведчыць, што Езус Хрыстус прыйшоў калісьці і на Палессе, каб люд Божы таксама мог атрымаць надзею на збаўленне.

Малітву сям'і пры яслях біскуп назваў гэта «вельмі прыгожай традыцыяй, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне». Праз супольную малітву пры яслях, спеў калядных песняў нашыя продкі, па словах іерарха, «захавалі сапраўдны змест каталіцкай веры», і менавіта дзякуючы ім, іх глыбокай веры, традыцыі, звязаныя са святамі Божага Нараджэння, застаюцца жывымі і ў нашыя часы.

Аднак жа, дадаў біскуп, як калісьці ў Бэтлееме, так і «сёння многія забываюць пра Езуса, аб пакланенні Яму ў перыяд Божага Нараджэння». Іерарх заўважыў,што сучасны чалавек вельмі часта шукае ў гэты святочны час толькі магчымасці для забаў і адпачынку. Узгадваючы пра ўсюды прысутную рэкламную прапаганду розных забаваў, іерарх заклікаў вернікаў не паддавацца гэтым тэндэнцыям паверхоўнага перажывання таямніцаў веры, бо грунтоўная, моцная вера і паслухмянасць Божаму закону неабходныя для пераадолення жыццёвых цяжкасцяй і неспакою.

Напрыканцы Імшы ксёндз біскуп узгадаў імёны славутых святароў, якія аказалі таксама і на яго вельмі глыбокі духоўны ўплыў: кардынала Казіміра Свёнтка, 100-годдзе якога будзе сёлета адзначацца, і ксяндза Міхала Варанецкага СМ, былога святара ружанскай святыні на працягу многіх гадоў, якія прыйшліся на «эпоху атэізму». Біскуп зазначыў, што жыццё гэтых духоўных асоб з’явілася той Божай іскрай, якая сілай непахіснай веры запальвала сэрцы шматлікіх вернікаў.

Галіна Саўчэнка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.