Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Баранавічах прайшла сустрэча сем’яў руху “Сужэнскія сустрэчы” з удзелам біскупа Антонія Дзям’янкі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
30.12.2013 13:19

29 снежня, у свята Святой Сям’і, адбылася сустрэча сем’яў баранавіцкага цэнтра руху “Сужэнскія сустрэчы”. Яе наведаў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які ўзначаліў Імшу, што праходзіла ў Доме Святой Тройцы.

Сем’і руху “Сужэнскія сустрэчы” ствараюць нібы адну вялікую сям’ю, таму на аплаткoвую сустрэчу прыбылі сужэнствы з розных парафій Пінскай дыяцэзіі.

У гаміліі біскуп нагадаў, што Езус узрастаў у сваёй сям’і, якая называецца Святой Сям’ёй, што складалася з Езуса, Марыі і Юзафа, кожны з якіх з’яўляецца святым, і на гэтую Сям’ю Касцёл у наш час звяртае ўсё большую ўвагу. Сям’я, як Богам створаны інстытут, адзіны і непарыўны саюз мужчыны і жанчыны, прызначаны для іх сумеснага жыцця, узаемадапамогі, нараджэння і выхавання дзяцей, падкрэсліў біскуп. Асаблівым чынам іерарх звярнуў увагу на постаць святога Юзафа, на яго цярпенне, якое з’яўляецца прыкладам для сучасных айцоў. Дзеці растуць і выхоўваюцца ў сям’і, бацькі стараюцца даць ім усё найлепшаё: матэрыялнае забеспячэнне, добрую адукацыю; але найбольш каштоўнае, што яны могуць даць сваім дзецям, - гэта вера і прыклад пакоры волі Бога, падкрэсліў біскуп.

Напрыканцы Імшы духоўны кіраўнік руху “Сужэнскія сустрэчы” айцец Конрад Патыка правёў аднаўленне сужэнскай прысягі сярод прысутных сужэнстваў, стаж супольнага жыцця якіх склаў ад 40 да аднаго года.

Пасля Імшы біскуп Антоні Дзям’янка падзяліўся аплаткай з усімі сем’ямі і пажадаў ім шчаслівых святаў Божага Нараджэння і Новага года. Сустрэча, на якой сем’і дзяліліся аплаткай і выказвалі адзін аднаму пажаданні, галоўнай мэтай мела духоўную фармацыю і паяднанне ў Хрыстовай любові.

На вячэру да ўдзельнікаў сустрэчы завіталі калядоўшчыкі з парафіі Узвышэння Святога Крыжа і разам з сем’ямі праслаўлялі Народжанага Езуса.

Святлана і Аляксандр Квяткоўскія

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.