Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У наш час Хрыстус быў бы блогерам?
Беларусь - Пінская дыяцэзія
27.02.2012 18:56

Як Касцёлу прамаўляць да сучаснага чалавека? Кожны святар, законніца, каталіцкі журналіст павінен задаць сабе пытанне: а як бы прапаведаваў Хрыстус, калі б прыйшоў у свет у наш час? Не выключана, што Ён стаў бы блогерам ці завёў бы свой акаўнт у твітары, каб несці Добрую Навіну.

25–26 лютага 2012 г. у Катэхетычным каледжы ў Баранавічах прайшоў адкрыты навукова-практычны семінар «Евангелізацыя і новыя сродкі камунікацыі». На ім выступілі эксперты ў сферы сучасных камунікацый: Павел Левушкан — кіруючы партнёр Цэнтра эфектыўных камунікацый, медыя-эксперт у галіне інтэрнэт-СМІ, практыкуючы кансультант, уладальнік некалькіх сайтаў; Карына і Аляксандр Калінкіны — кіраўнікі рэдакцыйна-прадзюсарскага цэнтра «ТРК Ангел ТВ», кс. Павел Салабуда — галоўны рэдактар каталіцкай газеты «Слова Жыцця» і інтэрнэт-партала Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by; Юрый Гарулёў — беларускі дакументаліст, аператар і рэжысёр, а таксама прадстаўнікі парталу Catholic.by. Актыўны ўдзел у семінары прымаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначальвае Раду па сродках масавай камунікацыі пры ККББ.

Менавіта новыя сродкі камунікацый. Такія як блогі, сацыяльныя сеткі, вэбінары. Чаму? Сённяшні чалавек, як адзначыў Павел Левушкан, жыве ў эпоху постмадэрнізму, калі ісціна замяняецца меркаваннямі. Рэвалюцыя, пра якую казаў Маркс усё ж такі адбылася. Цяпер «кожная кухарка» можа прамаўляць да аўдыторыі, можа завесці свой блог і казаць у ім пра тое, што ведае крыху больш за іншых.

Свет, як падкрэсліў Павел Левушкан, стаў вельмі маленькім — адбылася глабалізацыя. Сёння мы спакойна маем зносіны з людзьмі з розных кропак зямнога шару, жывём у адной краіне, працуем у іншай і нават не задумваемся над тым, што яшчэ паўстагоддзя таму гэта было немагчыма. Зразумела, што змяняецца сам чалавек. Сёння ён мае некалькі ідэнтычнасцяў, але разам з тым жадае быць цэласным. Таму не дзіўна, што вынікам усяго гэтага, а можа, нават і прычынай стала з’яўленне так званых сэрвісаў Web 2.0, дзе кожны наведвальнік сам фарміруе кантэнт.

«Каб дасягнуць людзей у сетцы неабходна, каб тое, пра што кажам, было часткай нашага жыцця», — вось, на думку спадара Левушкана, асноўны прынцып новай евангелізацыі ў СМІ.

Як адзначыў медыя-эсперт, сучасны чалавек належыць да некалькіх пакаленняў, у якіх таксама крыецца шмат адмоўнага, што можа ўплываць на асобу: «пакаленне Google» (характарызуецца фрагментарным мысленнем, інтэлектуальнай лянотай, цяжкасцямі з канцэнтрацыяй увагі, схільнасцю пераскокваць з аднога на іншае), «пакаленне Fasebook» (мноства ідэнтычнасцяў, адсутнасцяў прывязанасці да Касцёла, эгаізм), «пакаленне Livejournal» (гіпертрафіраванае пачуццё асаблівай важнасці, адсутнасць знешніх аўтарытэтаў, адмаўленне іерархій).

У дадзенай сітуацыі Павел Левушкан называе два шляхі выйсця: экспансію і прысутнасць. Экспансія мае на ўвазе размяшчэнне сваіх артыкулаў, відэа ў свецкіх СМІ. Другі варынт — гэта дыялог (у сацыяльных сетках, блогах).

Галоўнае — ведаць сваю аўдыторыю і не стаяць на месцы. Пры гэтым, як адзначыў журналіст, онлайн зносіны павінны выражацца і ў рэальным свеце.

Пра тое, што варта ўсё браць у свае рукі казалі таксама Карына і Аляксандр Калінкіны, кіраўнікі «ТРК Ангел ТВ». Выключна нашай прымхай з’яўляецца тое, што казаць пра веру сумна. Насамрэч, як адзначылі эксперты, усе сусветныя медыя гіганты лічаць дурным тонам не казаць пра духоўнае. А каб не было сумна, трэба закранаць тэмы, якія цікавяць не толькі католікаў, а амаль кожнага сучаснага чалавека.

Што ж датычыць пытання новай евангелізацыі і тэлебачання, то яно надалей застаецца актуальным. Паколькі ў чалавека заўсёды існуе патрэба кампенсаваць свае эмоцыі, а тэлебачанне, якое «працуе на вочы і вушы», цудоўна спраўляецца з гэтай задачай. Хрысціяне, якія працуюць у СМІ, у тым ліку на тэлебачанні, павінны паказваць, што выхад існуе, чалавека ніколі нельга пакідаць у тупіку.

«Стварайце імідж веры і Касцёла. Бо калі вы не будзеце гэтага рабіць, за вас гэта зробяць іншыя», — адзначыла Карына Калінкіна.

Падчас сімпозіума закраналіся такія пытанні, як евангелізацыя праз навучанне ў Інтэрнэце, а таксама інфармаванне як спосаб евангелізацыі. На думку супрацоўніка Саtholic.by Віталя Палінеўскага, пакуль што ні адно каталіцкае СМІ Беларусі не служыць выключна евангелізацыйнай мэце. Аднак нават простае інфармаванне можа зрабіць значны ўклад у справу евангелізацыі, калі толькі не будзе «лавіць рыбу ў акварыуме» — арыентавацца выключна на чытача-католіка. Пра Бога неабходна казаць тым, хто Яго не ведае. А гэта — пытанне зразумеласці мовы, якаснага падбору інфармацыі і тэмы. Варта каталіцкім СМІ Беларусі працаваць над універсальнасцю.

Семінар стаў часам, калі кожны жадаючы меў магчымасць задаць пытанне экспертам у справе евангелізацыі, падыскутаваць і атрымаць параду. Першы дзень форуму завяршыўся сустрэчай з рэжысёрам Юрыем Гарулёвым і прагладам дакументальных стужак.

Дадзены семінар паказаў рэальную неабходнасць больш актыўнай евангелізацыі ў сродках масавах камунікацыі. Менавіта гэты шлях з’яўляецца самым эфектыўным для сучаснага чалавека. Застаецца толькі спадзявацца, што парады экспертаў будуць пачуты і абавязкова знойдуць сваю рэалізацыю ў беларускай медыя-прасторы.

Запісы выступленняў з семінара ў хуткім часе з’явяцца ў раздзеле «Відэа» на нашым сайце.   

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.