Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
25-годдзе адраджэння парафіі Св. Антонія адзначылі ў Слуцку
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.06.2017 15:04

17 чэрвеня ў парафіі Св. Антонія ў Слуцку прайшлі ўрачыстасці 25-годдзя адраджэння парафіі. У гэты дзень тут адбылася ўрачыстая св. Імша, якую цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Як адзначыў у сваёй гаміліі іерарх, католікі жылі на Случчыне яшчэ з XV ст. Але ў 1940 годзе мясцовы касцёл у Слуцку быў разбураны, пасля чаго прыйшлі часы ганенняў на веру.

«Менавіта фацімскае прароцтва аб духоўным адраджэнні нашых зямель кардынальна змяніла духоўную сітуацыю, сведчаннем чаму з’яўляецца і касцёл св. Антонія ў Слуцку. Мы павінны дзякаваць Марыі за дадзеную надзею», — сказаў арцыпастыр.

Мітрапаліт выказаў падзяку айцам францішканам, якія нясуць служэнне ў парафіі і якія адбудоўвалі святыню, а таксама сёстрам ядзвіжанкам, якія служаць пры парафіі.

Іерарх назваў сімвалічным той факт, што апекуном парафіі з’яўляецца св. Антоній, які ў касцёльнай традыцыі лічыцца святым, які дапамагае знайсці згубленыя рэчы.

«Напэўна, кожнаму шкада згубленай рэчы. Аднак можа быць згублена не толькі рэч, але і вера. На жаль, чалавек вельмі часта яе губляе», — адзначыў арцыбіскуп.

Паводле слоў Мітрапаліта Кандрусевіча, у час, калі тры пакаленні беларусаў цярпелі пераслед за веру ў Бога, было складана перадаваць яе маладому пакаленню, таму «мы павінны нізка кланяцца нашым бабулям і дзядулям, нашым бацькам за тое, што як толькі маглі — на простых малітвах і ружанцы падтрымлівалі агеньчык веры і стараліся, каб ён не згас».

Як падкрэсліў арцыбіскуп, сапраўдная свабода — гэта дар і выклік, бо магчыма яна толькі, калі жыць у межах Божага закона.

«Сучасны свет, на жаль, гэтага не разумее. Імкнучыся да сацыяльна-палітычна-эканамічнай аўтаноміі, людзі імкнуцца і да духоўнай аўтаноміі, калі замест Божага закона абіраюць свой», — дадаў арцыбіскуп.

На думку іерарха, самавольная карэкціроўка «дарожных знакаў» можа прывесці да духоўнай катастрофы на дарозе нашага жыцця.

Тэкст гаміліі цалкам тут››

Звяртаючыся да жыхароў Слуцка, арцыпастыр назваў цудам тое, што пасля столькіх гадоў ганенняў на Касцёл і веру, насуперак усяму парафія ў Слуцку адрадзілася.

«Святыя з’яўляюцца нашым прыкладам, як перамагчы зло і жыць паводле духа Евангелля. Такім нашым заступнікам з’яўляецца і св. Антоній, апякун парафіі ў Слуцку», — сказаў арцыбіскуп.

Звяртаючыся ў малітве да святога, Мітрапаліт Кандрусевіч, даверыў апецы святога вернікаў слуцкай парафіі: «Святы Антоній, выпрасі ў Бога новы цуд, каб мы знайшлі згубленую веру і жылі ёю, бо без веры няма збаўлення».


Напрыканцы святой Імшы да прысутных прамовіў айцец Павел, які прадстаўляў епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія. Пасля Эўхарыстыі Мітрапаліт Тадэвуш быў запрошаны на сустрэчу з праваслаўным іерархам.

(cath/dn/il)
Фота Святланы Лабковіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

22.06 17:587 незвычайных фактаў пра Эдварда Вайніловіча, у гонар якога хочуць перайменаваць сквер у Мінску
21.06 08:51«Рыбы» і Laudans прадставяць Касцёл Беларусі на фестывалі «Магутны Божа»
20.06 16:13Бабруйск: Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр памаліўся ў справе мясцовага касцёла
20.06 15:38Пілігрымы з Маладзечна дзеляцца сваім досведам пра шлях у Будслаў пешшу
19.06 15:48Мітрапаліт Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам у Свіры (+фота)
19.06 15:0425-годдзе адраджэння парафіі Св. Антонія адзначылі ў Слуцку
19.06 14:37У Мінску прайшла канферэнцыя ў гонар св. Шарбэля
19.06 14:12Дыпломы катэхетаў уручылі выпускнікам Мінскага тэалагічнага каледжа
19.06 12:11«Касцёл на Магілёўшчыне — жывы»: урачыстая працэсія Божага Цела прайшла ў Магілёве
19.06 11:36У Нясвіжы распачалі духоўную падрыхтоўку да святкавання 425-годдзя касцёла Божага Цела