Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: св. Патрык быў выкрадзены ірландскімі разбойнікамі, і гэтае здарэнне прывяло яго да Бога
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.03.2017 19:24

17 сакавіка, ва ўспамін апекуна Ірландыі св. Патрыка, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў св. Імшу і малітву Крыжовага шляху ў мінскай архікатэдры. Святы Патрык быў выкрадзены ірландскімі разбойнікамі, і гэтае здарэнне прывяло яго да Бога, а пазней ён прынёс хрысціянства ў краіну яго крыўдзіцеляў.

Тэмай разважанняў набажэнства Крыжовага шляху былі словы: «Не пакідай крыжа, і ён будзе несці цябе».

«Калі нас аддзяляе ад Радзімы вялікае мора, мы не можам дабрацца да яе іначай, як толькі ўплаў. Даплыць самім у нас не хопіць сілаў. Патрэбна судна. Мы знаходзімся ў непрыветным моры XXI стагоддзя. Аднак мы не адны. Хрыстус даў нам выратавальны плыт — гэта Яго крыж. Таму нельга адмаўляцца ад крыжа, бо ён вядзе нас у порт вечнага шчасця», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. 

Іерарх звярнуў увагу шматлікіх вернікаў на заахвочванне Хрыста ўзяць крыж свайго жыцця і ісці за Ім. Арцыпастыр заклікаў ісці па жыцці прытуліўшыся да Хрыста, каб не ўтапіцца ва ўзбураных хвалях акіяну XXI стагоддзя.

На кожнай стацыі Крыжовага шляху вернікі разважалі пра падзею, якую яна адлюстроўвае і пра яе значэнне ў жыцці сучаснага хрысціяніна, а таксама маліліся да Духа Святога, каб дапамог у ажыццяўленні галоўнай ідэі, якая выплывае з кожнага канкрэтнага прыпынку.

У гаміліі падчас св. Імшы Мітрапаліт Тадэвуш узгадаў апекуна Ірландыі — св. Патрыка, якога Касцёл успамінае ў гэты дзень.

Святы Патрык нарадзіўся ў Брытаніі ў другой палове V стагоддзя і памёр у Ірландыі ў сярэдзіне VI стагоддзя. Яго ўшаноўваюць у Каталіцкім Касцёле і ў пратэстанцкіх супольнасцях, а ад сакавіка гэтага года імя св. Патрыка ўключана таксама ў месяцаслоў Рускай Праваслаўнай Царквы.

Ва ўзросце каля 16 гадоў св. Патрык быў скрадзены ірландскімі разбойнікамі і вывезены з Брытаніі ў Ірландыю. У няволі юнак пасвіў авечак.

«Гады свайго зняволення св. Патрык успрымаў як кару за незахоўванне Божага закону. Ён сам кажа, што ў юнацтве не ведаў Бога, аднак у няволі пазнаў Яго і многа маліўся, — адзначыў арцыпастыр. — Аднойчы ўначы ён пачуў голас, які сказаў яму, што ён вернецца на сваю радзіму. Так і сталася. Патрык вярнуўся ў Брытанію, дзе потым стаў біскупам, каб пазней ужо дабравольна вярнуцца ў Ірландыю з мэтай абвяшчаць Евангелле язычнікам».

Плёнам яго місійнай дзейнасці, як сцвердзіў іерарх, стала каля 120 тысяч ахрышчаных і заснаванне вялікай колькасці хрысціянскіх супольнасцяў. Па некаторых даных, іх налічваецца каля 600.

«У сваёй дзейнасці св. Патрык падкрэсліваў важнасць місіянерства. Яго можна назваць сеяцелем евангельскага зерня ў Ірландыі. У сваёй апостальскай дзейнасці ён браў прыклад з самага вялікага місіянера ўсіх часоў — св. апостала Паўла. Пасеянае св. Патрыкам зерне Евангелля дало вельмі багаты плён. Ірландыя стала краінай з вельмі багатай хрысціянскай, а найперш каталіцкай традыцыяй. Ірландскі Касцёл даў свету многа місіянераў, дзякуючы якім Евангелле прыйшло на многія кантыненты», — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш.

«Сучасны свет патрабуе новага абвяшчэння Евангелля. Няхай св. Патрык будзе для ўсіх нас — духоўных асобаў і свецкіх — прыкладам і натхненнем несці сучаснаму свету заўсёды жывое і дзейснае Божае слова», — заключыў іерарх.

(DN), (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

22.05 14:32Польскі евангелізатар Ян Будзяшак стане госцем МСМ-2017 у Івянцы
22.05 14:25У Мінску назвалі пераможцаў журналісцкага пралайф-конкурсу «Жыццё пад Сэрцам»
22.05 14:14«Спажываць хлеб вечнага жыцця»: Першая Камунія ў мінскай архікатэдры
22.05 08:34Нясвіжскі касцёл ізноў стаў пляцоўкай для фестывалю ХХІІ свята мастацтваў «Музы Нясвіжа»
21.05 20:00У Мінску памаліліся за біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з нагоды 25-годдзя манаскага жыцця (+фота)
19.05 16:52Упершыню для ўдзельнікаў сустрэчы моладзі ў Івянцы арганізуюць каталіцкі квіз
18.05 11:49Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB: чалавек і магчымасць яму дапамагчы — самае важнае для мяне
15.05 22:13«Першымі пілігрымамі» ў жодзінскі санктуарый сталі іерархі і святары архідыяцэзіі
15.05 11:13Мітрапаліт Кандрусевіч наведаў парафію Божай Міласэрнасці ў Любані
14.05 14:54У дзень 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў фігура Маці Божай Фацімскай прыбыла ў Вілейку