Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч благаславіў адноўлены курган памяці слугі Божага Эдварда Вайніловіча ў Капыльскім раёне
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.11.2016 13:02

12 лістапада арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Свв. Апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі. Нагодай да наведвання парафіі стала благаслаўленне адноўленага кургана памяці слугі Божага Эдварда Вайніловіча каля в. Савічы Капыльскага раёна, дзе быў пахаваны яго род. 

У цырымоніі благаслаўлення памятнага месца акрамя іерарха прымалі ўдзел пробашч Чырвонага касцёла ў Мінску кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Свв. Апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі кс. Аляксандр Тарасевіч, вернікі і прадстаўнікі раённай улады.

Пасля благаслаўлення кургана  адбылася святая Імша, якую ў капыльскім касцёле ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыпастыр нагадаў вернікам, што ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святога Язафата, біскупа і мучаніка, які нарадзіўся ў 1580 г. ва Украіне і прыняў мучаніцкую смерць у Віцебску ў 1623 г.

У сваім біскупскім служэнні св. Язафат імкнуўся да ажыццяўлення закліку Езуса: «Каб усе былі адно». Гэты заклік, выказаны Хрыстом падчас Апошняй Вячэры, з’яўляецца запаветам Езуса.

«Наш Збаўца добра ведаў, што ў Касцёле па прычыне граху наступяць падзелы, і таму заклікаў маліцца аб адзінстве, — адзначыў іерарх. — Справа адзінства хрысціян заўсёды была актуальнай і такой з’яўляецца ў наш час.

Нагадваючы аб адзінстве хрысціян, Езус падкрэсліваў, што яна патрэбна для таго, каб свет паверыў. Гэта азначае, што праблема адзінства хрысціян з’яўляецца праблемай захавання, умацавання і распаўсюджвання веры», — сказаў іерарх.

«Калі людзі бачаць нас — праваслаўных, католікаў і іншых хрысціян — аб’яднанымі, то ім лягчэй паверыць у Бога, бо тады мы разам абвяшчаем адну веру, разам абараняем і распаўсюджваем хрысціянскія каштоўнасці», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Як адзначыў іерарх, гэта добра зразумеў стагоддзе таму слуга Божы Эдвард Вайніловіч, які ў тыя далёкія часы стаў адным з тых, хто сваім прыкладам сведчыў пра магчымасць міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу.

«Ён дзейнічаў не толькі словамі, але і канкрэтнымі справамі, жыў не тэарэтычным, але практычным экуменізмам. Ён пабудаваў не толькі Чырвоны касцёл у Мінску, які з’яўляецца візітнай карткай сталіцы Беларусі, але і праваслаўную царкву, а таксама мячэць і сінагогу», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«У наш час вельмі небяспечных выклікаў нам усім неабходна прытрымлівацца еднасці, вучыцца адзін у аднаго, браць прыклад у захоўванні маральнага права і бараніць хрысціянскія традыцыі, аб чым сведчыць супольная сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Кірыла, якая прайшла 12 лютага 2016 года на Кубе», — заключыў іерарх.

Арцыбіскуп заахвоціў прысутных не шкадаваць высілкаў і малітвы для дасягнення еднасці хрысціян і маліцца, каб праз заступніцва св. Язафата і слугі Божага Эдварда Вайніловіча як мага хутчэй ажыццявілася малітва Хрыста і настала бачнае адзінства хрысціян.

Пасля Імшы ў капыльскім Палацы культуры быў прадстаўлены духоўны канцэрт хору з Чырвонага касцёла.

 

(DN), (IL)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.