Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзеці парафіі ў Мар’інай Горцы наведалі з пастаноўкай пра Божае Нараджэнне Пухавiцкi псiханеўралагiчны дом-iнтэрнат
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.01.2015 14:05

5 студзеня наймалодшыя парафiяне касцёла св. Антонiя Падуанскага ў Мар’iнай Горцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) з пробашчам парафіі кс. Генрыхам Кучынскім наведалі Пухавiцкi псiханеўралагiчны дом-iнтэрнат, дзе пражываюць людзі з асаблівасцямі псiханеўралагiчнага развіцця. Дзеці прадставілі ў доме-інтэрнаце пастаноўку пра Божае Нараджэнне.

У пастаноўцы перад гледачамі паўсталі Марыя i Юзаф, анёлы, пастушкi i каралi. Тэатралізаванае прадстаўленне трывала каля паўгадзіны. Па тым, якая цішыня была ў зале і з якім захапленнем гледачы назіралі за рухамі на сцэне, можна сказаць, што юныя акцёры справiлiся з ролямi выдатна.

Акрамя гэтага, дзецi падрыхтавалi ў падарунак гледачам танцы, спевы і вершы. Удзячныя гледачы ўвесь час падтрымлівалі выступаючых, пляскаючы ў далоні ў такт музыцы.

На тварах прысутных былі ўсмешкі, апладысменты доўга не адпускалi маленькіх акцёраў са сцэны.

Развітваючыся з гасцямі, дырэктар установы Аляксандр Ляшэнка падзякаваў за прыбыццё і ад імя ўсіх прысутных запрасіў прыязджаць яшчэ.  

Пасля заканчэння і кароткай экскурсіі дзяцей чакалі гарбата і салодкія пачастункі. Кожны маленькі выканаўца атрымаў калядную зорачку, якая з вялікай любоўю была зроблена рукамі жыхароў дома-інтэрната.

Ала Кучынская

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.