Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на Імшы ў мінскай архікатэдры: Звяртацца падчас нашых жыццёвых штормаў да Езуса
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.08.2014 15:36

10 жніўня 2014 г., у ХІХ Звычайную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

У гаміліі, разважаючы над літургічнымі чытаннямі на гэты дзень, арцыпастыр падкрэсліў, што важна не баяцца і даверыцца Богу. Па словах іерарха, у сучасным свеце шмат рознага роду катастроф, тэрарыстычных актаў ці збройных канфліктаў, да гэтага далучаюцца і многія маральныя трагедыі – “крызіс сям’і, дэвальвацыя Божага дару жыцця, алкагалізм, наркаманія, амаральнае жыццё”, у якіх “праяўляецца дзеянне злога духа”. “Мы, як веруючыя хрысціяне, павінны памятаць, што гэтыя негатыўныя сілы ні ў якім выпадку не могуць раўняцца з пазітыўнай сілай Езуса. Яго ласка, прысутнасць сярод нас у Святым Пісанні, сакрамэнтах і дзейнасці Касцёла, а таксама бязмежная любоў – гэта тая пазітыўная сіла, якую не можа перамагчы злы дух”, - адзначыў Мітрапаліт.

”Мы знаходзімся як быццам на моры, дзе хвалі выклікаў бушуюць і імкнуцца затапіць човен Касцёла. Аднак, калі мы моцна верым у моц Божай ласкі, маем надзею на прысутнасць Бога сярод нас і вочы нашага сэрца накіроўваем на Езуса, асабліва праз сакрамэнтальнае жыццё і разважанне над Яго словам, тады можам чыніць немагчымае з чалавечага пункту гледжання”, - дадаў іерарх.

Звяртаючы ўвагу на чытанне Евангелля гэтай нядзелі, арцыбіскуп адзначыў: “Сённяшняе Евангелле таксама з’яўляецца актуальным для нас, людзей ужо XXI стагоддзя. Яно дае надзею ў хваробе і смерці, падчас пераследу ці іншых турботаў. Яно вучыць, што цяжкасці жыцця – гэта не знак таго, што Бог адвярнуўся ад нас і што наша вера слабая, таксама як і поспех ці добрае здароўе не азначае, што наша вера моцная. Можа, гэта гучыць як парадокс, але нярэдка жыццёвыя штормы становяцца благаслаўленнем. Калі ў жыцці нам нешта не ўдаецца, калі мы адчуваем цяжкасці, то часта звяртаемся да Бога. Акрамя таго, на памылках мы вучымся. Разбітае сэрца можа стаць той шчылінай, праз якую Езус увойдзе ў яго, каб сказаць нам: “Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся””.

”Якое пасланне дае нам сённяшняе Евангелле? Найперш яно заклікае звяртацца да Езуса падчас нашых жыццёвых штормаў. Нам неабходна наблізіцца да Езуса з моцнай верай, каб Ён суцішыў штормы нашага жыцця. Гісторыя Касцёла вельмі добра сведчыць аб тым, як Езус ратаваў Касцёл падчас розных выпрабаванняў”, - падкрэсліў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт пажадаў вернікам, каб Божае слова гэтай нядзелі заахвоціла іх “шукаць шляхоў, на якіх Бог здзівіць нас і суцішыць штормы нашага жыцця”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.