Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першую Камунію прынялі дзеці ў в. Краснае
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.08.2014 17:58

Летам у в. Краснае Маладзечанскага раёна адбываецца ўрачыстаць першай Камуніі. 27 ліпеня 2014 г. у касцёле Унебаўзняцця Найсвяцейшай Панны Марыі першую Камунію прынялі 14 дзяцей, да іх далучыліся 8 чалавек з мінулага года, якія святкавалі гадавіну свайго жыцця з Езусам.

У межах падрыхтоўкі да юбілею стагоддзя аб’яўленняў Божай Маці ў Фаціме 2014 год у Беларусі аб’яўлены Годам малітвы. Таму ў супольнай малітве парафіяне прасілі ў Бога, каб дзеці сталі больш моцнымі, духоўна багатымі, сапраўднымі хрысціянамі.

Малодшыя вернікі спачатку папрасілі бацькоў аб благаслаўленні:

“Дзякуем за веру і апеку,
Дзякуем за клопат і дабро,
Просім благаславіць нас сёння,
Каб нам з Хрыстом ісці праз усё жыццё!”

Спяваючы песню “Вядзі мяне, Божа”, дзеці з роднымі ўвайшлі ў святочна ўбраны касцёл.

Пробашч кс. Андрэй Яркавец зрабіў акцэнт на тым, што чытанне з Кнігі Валадарстваў вельмі добра адлюстроўвае сапраўдныя каштоўнасці, якія прыносяць шчасце ў жыцці, калі Саламон просіць у Пана мудрае сэрца, якое будзе разумець, як кіраваць народам, як адрозніваць дабро ад зла.

У малітве маленькія хрысціяне прасілі Бога дапамагчы Папу Францішку ўзмацніць аўтарытэт Касцела ва ўсім свеце, каб хрысціянскія запаведзі сталі галоўнымі арыенцірамі ў жыцці кожнага чалавека; даць пробашчу парафіі плёну ва ўсіх справах, каб ён радаваўся, бачачы ў іх пабожных і шчырых вернікаў.

“Пане Езу! Ахвяруем Табе ўсе нашы думкі, словы, учынкі і працу, каб праз усе жыццё маглі цешыцца духоўным дабрабытам. Пане Езу! Памятаем, што час праведзены з Богам, – гэта падарунак лёсу, які дае натхненне, акрыляе і ўзмацняе ў штодзённым жыцці. Учыні, каб мы з годнасцю, адкрыта і шчыра сведчылі пра тое, якія цуды робіць Бог. Добры, моцны, светлы Божа! Ты ўсё бачыш, Ты ўсё можаш. Папрашу зусім нямнога – міласці ўсім ад Бога! Каб праўдзівей сталі людзі, шчырасць ёсць – удзячнасць будзе. Каб гучалі простай казкай словы “дзякуй”, “калі ласка”. Пане Езу! Учыні, каб мы паводле поклічу душы заўсёды спяшаліся на сустрэчу з Богам і часцей у жыцці прыпаміналі евангельскія словы: “Будзь воля Твая”. Пане Езу! Навучы нас гарманічна спалучаць час працы і адпачынку, каб у хвіліны руплівай дзейнасці і спакою памяталі аб малітве і імкнуліся да ўзбагачэння духоўных каштоўнасцяў. Атулі ўсіх дзетак і моладзь нашай парафіі сваёй бацькоўскай любоўю, учыні, каб мы навучыліся быць міласэрнымі і рабілі больш добрых учынкаў. Дзякуем Табе за нашых бацькоў, дзядуляў і бабуль, хросных, усіх выхавацеляў, якія цярпліва і пакорна дапамагаюць нам узрастаць у веры. Адары нашых блізкіх трывалым здароўем, каб яны адчулі слодыч сапраўднага шчасця. Дапамажы ўсім прысутным на гэтай урачыстай святой Імшы атрымаць адказы на самыя важныя пытанні, няхай супольная малітва аб’ядноўвае нас у сапраўдную сям’ю, дзе пануюць любоў і згода”, - такімі былі словы дзяцей у малітве.

Падчас Імшы моладзь і дзеці спявалі песні: “Езу, добры, як хлеб”, “Авэ Марыя”, “Маці Святая”.

Маленькія вернікі падзякавалі ксяндзу Андрэю Яркаўцу за тое, што дазволіў ім прыняць першую Камунію, давяраў, падтрымліваў, паказваў сваім прыкладам, як шмат трэба рабіць для сваёй любімай святыні, дарыў падарункі, дзяліліўся сваімі думкамі і марамі, і жадалі, каб у клопаце пра Божае святар адчуў дзеянне гаючай ласкі Пана. Яны шчыра дзякавалі таксама катэхету Станіславу Годлеўскаму, які старанна рыхтаваў моладзь да годнага прыняцця Езуса ў святой Камуніі, вучыў слухаць сваё сэрца, быць паслухмянымі Богу, міласэрнымі да людзей, умець дзякаваць за таленты і моманты шчасця, якія маем.

Юлія Міцкевіч, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.