Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у мінскай архікатэдры: «Вера ў Бога — наш фундамент»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.07.2014 14:59

6 ліпеня 2014 г., у XIV Звычайную нядзелю, пасля велічных урачыстасцяў, што адбыліся ў мінулыя дні ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гаміліі арцыпастыр разважаў над фрагментам Евангелля на гэтую нядзелю, дзе Езус кажа: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі”.

“Можа, мы не ўсе ведаем, што такое ярмо. Калі хтосьці не жыў на вёсцы, то можа і не ведаць. Ярмо – гэта, інакш кажучы, хамут, які надзяваецца на галаву каня, каб ён мог цягнуць воз. Вельмі важна, каб гэтае ярмо было добра дапасавана, бо тады яно не рэжа і не сціскае шыю каня і яму лягчэй працаваць”, - сказаў Мітрапаліт. Таксама іерарх узгадаў легенду аб тым, як Езус у дзяцінстве дапамагаў святому Юзафу ў працы і з часам стаў знакамітым спецыялістам па вырабу гэтых хамутоў для вослікаў. Людзі прыязджалі да Яго, і Ён здымаў памеры вослікаў, каб потым выканаць адпаведна дапасаванае ярмо.
 
“Можа, менавіта таму Езус ужывае параўнанне з ярмом, калі кажа аб жыцці хрысціяніна, якое нялёгкае і з’яўляецца ярмом, - адзначыў арцыбіскуп. - Мы баімся цяжкасцяў. Але Езус заахвочвае нас несці ярмо свайго жыцця разам з Ім. Кажучы аб тым, што Яго ярмо лёгкае, Езус хоча падкрэсліць, што яно адпавядае нам і мы яго нясём разам з Езусам, які нам дапамагае”.

Мітрапаліт дадаў, што Хрыстус, як Валадар сусвету, нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні, што сведчыць “аб Ягонай пакоры, ціхасці і паслухмянасці адносна Бога Айца”; Хрыстус “з’яўляецца для нас прыкладам пакоры і сціпласці”, аб чым добра нагадвае прарок Захарыя ў першым літургічным чытанні гэтай нядзелі.

Іерарх звярнуў увагу таксама, што ў другім чытанні святы апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў “перасцерагае, каб мы не жылі паводле цела, што, на жаль, усё часцей праяўляецца ў жыцці сучаснага чалавека”. “У сакрамэнце хросту мы сталі святынямі Духа Святога і такімі павінны быць. Смерць духа, а не смерць цела, з’яўляецца найгоршай справай”, - падкрэсліў арцыпастыр.

Па словах Мітрапаліта, у Евангеллі “Хрыстус дае нам надзею, што Бог учыніць нам усё, аб чым мы Яго папросім, калі наша малітва будзе гарачай і шчырай”.

Коратка падсумоўваючы змест чытанняў гэтага дня, арцыбіскуп адзначыў, што ў першым чытанні прарок Захарыя кажа аб пакоры, любові і моцы Хрыста, у другім апостал Павел заклікае не нішчыць святыні Духа Святога, а Хрыстус у Евангеллі паказвае, што Ён - вялікага і адначасова пакорнага сэрца.

Іерарх узгадаў, што святы Ян ХХІІІ напісаў да самога сябе: “Ян, не будзь такі важны”. “Імкненне да важнасці і высокая ацэнка самога сябе з’яўляюцца хваробай сучаснасці, - заўважыў Мітрапаліт. - Усе імкнуцца быць вялікімі і важнымі. У той жа час нам патрэбна пазнанне праўды аб нас саміх, бо ў адваротным выпадку чалавек становіцца Богам для самога сябе”.

Старэйшыя людзі, па словах іерарха, памятаюць, што пасля вайны было вельмі цяжка з цукрам: хацелася цукру, асабліва дзецям, але яго не было ў дастатку, і тады нават папулярным быў выраз “піць гарбату з цукрам упрыкуску”. Тады, дадаў арцыбіскуп, людзі казалі, што цукар умацоўвае; цяпер зусім іншае меркаванне, бо ўсё больш развіваецца цукровы дыябет і ўрачы не рэкамендуюць захапляцца ўжываннем цукру.

У той жа час, зыходзячы з сённяшняга Евангелля, па словах Мітрапаліта, “мы можам сцвярджаць, што тым, хто нас умацоўвае, ёсць Хрыстус”. “Фундамент нашага хрысціянскага жыцця - Хрыстус, які нас умацоўвае сваім словам, а таксама Божай ласкай, якую мы атрымліваем у сакрамэнтах, і асабліва ў Эўхарыстыі, - падкрэсліў арцыпастыр. - Вера ў Бога – гэта наш фундамент, вера ў Касцёл – гэта наша традыцыя, вера ў Збаўцу – наша будучыня”.

Мітрапаліт заклікаў вернікаў трываць у Хрысце, да якога вядзе Марыя, каб “з пакорай і верай несці крыж нашага жыцця”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.