Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл у Ракаве адзначыў 110-годдзе пачатку свайго будаўніцтва (+ фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.05.2014 14:25

18 мая касцёл Маці Божай Ружанцовай у Ракаве адзначаў 110-годдзе пачатку яго будаўніцтва. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На пачатку былі асвячаны новыя алтар, лаўкі, канфесіяналы і вокны. Таксама падчас Імшы Мітрапаліт удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 50 парафіянам.

Будаўніцтва каменнага касцёла ў Ракаве на месцы старой маленькай драўлянай святыні пачалося 18 мая 1904 г. У той дзень адбылося ўрачыстае асвячэння фундамента. Паводле гістарычных звестак, на ўрачыстасці сабралося 5-6 тысяч чалавек.

17 мая, напярэдадні дня юбілею пачатку будаўніцтва святыні, у парафіі прайшоў канцэрт хрысціянскага моладзевага гурта “Адзіныя ў Духу” з Баранавіч і музычная забава для дзяцей і моладзі.

Звяртаючыся да сабраных падчас нядзельнай урачыстай Імшы, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі адзначыў, што адзінаццаць дзесяцігоддзяў, якія перажыў касцёл у Ракаве, не былі лёгкімі для святыні і парафіі: пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў канфіскаваны ў вернікаў і ператвораны ў зернясховішча і калгасныя майстэрні. У 1990 г. касцёл быў вернуты католікам.

Арцыпастыр выказаў удзячнасць усім святарам, якія служылі ў ракаўскай парафіі, у тым ліку сённяшняму пробашчу ксяндзу Дзмітрыю Барылу, які “многа зрабіў і робіць у справе рамонтаў касцёла, а таксама за яго актыўную і плённую пастырскую дзейнасць”; парафіянам, ахвярадаўцам і спонсарам за ўдзел у рамонтах святыні, і дадаў, што неабходна і далей клапаціцца аб ёй.

Таксама Мітрапаліт прааналізаваў чытанне Евангелля на гэты дзень, якое прадстаўляе Езуса як дарогу, праўду і жыццё. “Каб не заблудзіцца ў лабірынце амаральных праблем, якімі запоўнены сучасны свет, неабходна ведаць Божую праўду і яе прытрымлівацца ў сваім жыцці. Гэтую праўду мы пазнаём, вывучаючы Святое Пісанне і вучэнне Касцёла. Езус будзе прысутнічаць у нашым жыцці, калі мы будзем рэгулярна прымаць удзел у святочнай Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах, маліцца, чыніць учынкі міласэрнасці”, - адзначыў іерарх.

Кажучы пра сакрамэнт канфірмацыі, які быў удзелены ў гэты дзень у ракаўскім касцёле у межах святкавання 110-годдзя распачацця яго будаўніцтва, арцыбіскуп нагадаў, што галоўная мэта гэтага сакрамэнту – “умацаванне веры і хрысціянскага сведчання”. “Дух Святы перамяніў апосталаў і з баязлівых учыніў герольдамі веры, і сёння Ён перамяняе нас, - дадаў Мітрапаліт. - Як бы гэта ні выглядала парадаксальна, але ў часы свабоды веравызнання веру таксама неабходна бараніць. (…) У сакрамэнце канфірмацыі мы атрымліваем сем дароў Святога Духа, каб быць моцнымі сваёй верай, адрозніваць дабро ад зла, жыць паводле Божага закону і гэтым самым правадніком свайго жыцця мець Езуса”.

Узгадваючы пра юбілей пачатку будаўніцтва ракаўскай святыні, арцыпастыр падкрэсліў: “Велічная святыня над ракой Іслач, нягледзячы на свой трагічны лёс, ізноў дапамагае чалавеку ў пошуку духоўнага багацця і радуе вока прыгажосцю сваёй архітэктуры. Неабходна толькі адкрыцца на дзеянне Святога Духа, які ўжо дзве тысячы гадоў вядзе Касцёл і дапамагае перамагаць цяжкасці”. Мітрапаліт пажадаў парафіянам, каб іх святыня і далей дапамагала “скіраваць позірк да спраў духоўных і вечных, каб Хрыстус сапраўды быў дарогай, праўдай і жыццём”.

Пасля літургіі адбыўся канцэрт арганнай музыкі і выступленне Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.