Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святкаванне 100-годдзя нараджэння кс. Люцыяна Хмялёўца і сакрамэнт канфірмацыі адбыліся ў Дзераўной
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.05.2014 10:55

11 мая ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзераўной адбылася ўрачыстая Імша ў 100-ю гадавіну нараджэння кс. прэлата Люцыяна Хмялёўца - Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, шматгадовага пробашча гэтай парафіі. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебраваў яе біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Таксама падчас Імшы каля 120 вернікаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі.

У слове перад Імшой Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на тры яе істотныя моманты. Першым з іх іерарх назваў 100-годдзе нараджэння кс. Люцыяна Хмялёўца. Па словах Мітрапаліта, дзякуючы такім, як гэты святар, сёння існуе Касцёл, і гэты Касцёл бачны, актыўны і развіваецца. Арцыпастыр дадаў, што ксёндз Люцыян на працягу чатырох дзесяцігоддзяў быў вартаўніком веры і доўгі час абслугоўваў цэлую ваколіцу, бо ў часы ганенняў не было святароў. “Служачы Богу, Касцёлу і людзям, ён згарэў, як згарае свечка. Пасеянае ім зерне веры дае свой плён, - адзначыў Мітрапаліт. - Сёння з удзячнасцю яму за яго ахвярнае служэнне мы молімся аб вечным шчасці для яго і верым, што ён з акна дому нябеснага Айца нас благаслаўляе”.

Другім момантам Імшы арцыбіскуп назваў тое, што 11 мая адзначаецца нядзеля малітвы аб пакліканнях да святарства. “Недастаткова мець семінарыі, але ў іх сценах павінны быць семінарысты, - падкрэсліў іерарх. - Хрыстус кліча, але малады чалавек не заўсёды чуе Яго голас. Таму неабходна маліцца і дапамагчы яму яго пачуць, бо святары не падаюць з неба і не прылятаюць з космасу, але прыходзяць з нашых сем'яў”. Мітрапаліт згадаў у сувязі з гэтым, што з парафіі ў Дзераўной выйшлі два святары, адзін – Антоні Дзям'янка - стаў біскупам, і тры манахіні. “Сёння Касцёл чакае з гэтай парафіі новых пакліканняў, бо тут столькі каталіцкай моладзі!” – сказаў арцыпастыр, дадаўшы, што юбілей кс. Люцыяна павінен гэтаму паспрыяць.

Трэцім элементам Мітрапаліт назваў удзяленне сакрамэнту канфірмацыі. Іерарх нагадаў пра тое, што сёння неабходна таксама бараніць веру і яе распаўсюджваць, бо чалавек сам яе губляе. “Секулярныя тэндэнцыі закранулі таксама і нашу краіну, і нам неабходна ім супрацьстаяць. Дапамогай у гэтым ёсць сакрамэнт канфірмацыі, у якім мы атрымліваем дары Святога Духа, каб быць моцнымі сваёй верай, быць яе сведкамі і яе несці ў сучасны свет”, - заўважыў арцыпастыр.

Біскуп Антоні Дзям'янка ў гаміліі ўзгадаў жыццёвы шлях кс. прэлата Люцыяна Хмялёўца. Будучы святар нарадзіўся ў Мінску недалёка ад Чырвонага касцёла ў 1914 годзе. Яго дзяцінства і юнацтва прайшло ў Гродне, дзе ён служыў міністрантам у сённяшнім катэдральным касцёле. Там ён цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў чэрвені 1939 года пасля заканчэння Вышэйшай мітрапалітальнай духоўнай семінарыі ў Вільні, тэалагічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя з тытулам магістра тэалогіі і атрымання прэзбітэрскага пасвячэння з рук Мітрапаліта Рамуальда Ялбжыкоўскага. У парафію ў Дзераўной кс. Люцыян прыехаў з Канстанцінава Мядзельскага раёна. Гэта было карнае рашэнне і перамяшчэнне святара тагачаснай свецкай уладай. “Яго я памятаю з самага пачатку, калі мне было крыху больш чым тры гады, бо тата, які служыў міністрантам, браў мяне змалку ў касцёл”, - дадаў іерарх.

Характырызуючы пабожнасць кс. Люцыяна, біскуп назваў яе  эўхарыстычнай: “Напэўна, не было дня, калі б ён не цэлебраваў Імшу. Да яе рыхтаваўся праз штодзённае разважанне і малітву брэвіярыя паводле касцёльных прадпісанняў. Вельмі дбаў пра ўнутранае ўбранства касцёла, касцельную бялізну, святарскія адзенні і свядомы ўдзел у эўхарыстычнай літургіі вернікаў”. Таксама, па словах біскупа, гэта быў святар “пабожнасці марыйнай”: “Маёвыя, ружанцовыя набажэнствы
адбываліся рэгулярна ў касцёле. Былі ружанцовыя групы ў розных мясцовасцях. Ён вучыў вернікаў спяваць марыйныя песні, аднавіў фігуру ў касцёле і алтар, прысвечаны Маці Божай. Заахвочваў да нашэння шкаплера. У гаміліях звяртаў увагу вернікаў на цноты Марыі, асабліва чысціню і паслухмянасць Божай волі. Кожны год на тыдзень апекі Маці Божай Вастрабрамскай прыбываў у Вільню, дзе ў капліцы цэлебраваў Імшу”.

Ксёндз Люцыян, як адзначыў іерарх, вёў аскетычны лад жыцця: “Запомніўся яго выраз, які часта паўтараў: “я ўсё жыццё вяду вайну з прадметамі”. У хаце, дзе ён пражываў, сярод мэблі былі толькі самыя неабходныя”. Святар “працаваў з парафіянамі  і пры нарыхтоўцы дроў, і пры рамонце касцёла”, “вельмі клапаціўся аб выглядзе святыні”.

Па словах пінскага ардынарыя, святар клапаціўся і аб ведах парафіянамі малітваў, катэхізіса, “фармаваў вернікаў да захавання Божых і касцёльных наказаў”, “быў сціплы і нешматслоўны”, “у прынцыповых пытаннях быў настойлівы, непахісны, не дапускаючы ў словах і паводзінах канфармізму і маральнага рэлятывізму”, “быў таксама вязнем канфесіянала”, “рэдка адлучаўся з парафіі”.

Ксёндз Люцыян, як згадаў біскуп, “вёў глыбока рэлігійнае жыццё”, “захоўваў да апошняга часу парадак дня, які вынес з духоўнай семінарыі ў Вільні: пад’ём у 6.00 і спачынак у 22.00”, “часта паўтараў максіму: захавай парадак, а парадак захавае цябе - выключэннем было толькі паслуга вернікам, калі ён мог нават служыць і начамі, як гэта здаралася падчас велікапоснай споведзі”. Святар, па словах іерарха, “клапаціўся аб хворых, бедных, сіротах і пакінутых,  дапамагаючы ім матэрыяльна, і чыніў гэта так, што ведалі аб дапамозе толькі нямногія”, “дапамагаў семінарыстам, манаскім супольнасцям, семінарыям”, “матэрыяльна дапамагаў біскупам з Літвы, якія знаходзіліся пад дамовым арыштам на высылцы дзесяцігоддзямі ў Літве”.

Таксама, як адзначыў біскуп, ксёндз Люцыян “працаваў са свецкімі вернікамі”, “не маючы магчымасці весці катэхезу асабіста для дзяцей і моладзі, падрыхтаваў да гэтага свецкіх вернікаў”, “востра ставіўся да тых бацькоў, радні і старэйшага пакалення, якія занядбоўвалі з ляноты альбо пад ціскам дзяржаўнай атэістычнай прапаганды рэлігійнае выхаванне дзяцей”, “рознымі спосабамі абараняў жыццё ненароджаных істот, перасцерагаючы перад грахом забойства і матэрыяльна дапамагаючы маці ў цяжкім фінансавым становішчы”; “вёў барацьбу за здаровы лад жыцця, выкараніў п’янства, уводзячы выключна безалкагольны пачастунак удзельнікам пахавання”. Пінскі ардынарый нагадаў, што ксёндз Люцыян “клапаціўся аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця”, “з матэрыяльных каштоўнасцяў не пакінуў для сябе нічога і даў наказ, каб нават на магіле не ставілі дарагога помніка, а лепш, калі і застануцца  сродкі, то перадалі іх на патрэбы бедных людзей”.

Напрыканцы Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў біскупу Антонію Дзям’янку, пробашчу парафіі, іншым святарам і вернікам, пажадаўшы ім быць падобнымі сваёй верай і хрысціянскім сведчаннем да кс. Люцыяна Хмялёўца.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.