Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовы шлях і Імша на Кальварыі: «Бог глядзіць у душу: важна не хто мы, а важна, якія»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.04.2014 14:22
Ніводзін фотаапарат і ніводнае слова не здольныя перадаць глыбіню пачуццяў чалавека, які шчыра моліцца. Яго твар у такія моманты — як мора. Дзясяткі адценняў. Ад роспачы, разгубленасці, суперажывання да засяроджанасці, удзячнасці і пакоры. Унутраныя душэўныя буры змяняюцца на духоўны штыль, дзе шмат сонца…
 
Кальварыя. 18.10. Спрытна перастаўляючы кіёк, да святыні спяшаецца бабуля ў шэрай баваўнянай хустцы і з маленькай, элегантна павешанай на руку, лакавай сумачкай. Бабуля імкнецца паскорыць крок, але бачна, што дарога даецца ёй цяжка. Кабета на хвіліну спыняецца, перавязвае хустку і вось рэха яе хады зноў аддае ўвушшу.
 
Тым часам у касцёле, які амаль цалкам запоўнены, вернікі рыхтуюцца да ўдзелу ў Крыжовым шляху. Хтосьці моўчкі перабірае пальцамі пацеркі на ружанцы, іншыя засяроджана чытаюць малітоўнік, а аднекуль з-пад хораў — дзе стаяць канфесіяналы — чуецца сцішаны шэпт: ідзе споведзь.
 
Крыжовы шлях праводзіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўская архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Гаворачы простай мовай, без паперак і загадзя напісаных развагаў, біскуп разважаў над дарогай Пана, абуджаючы ў памяці вядомыя абразкі з Бібліі. А разам з імі прыходзіла і новае, дагэтуль неспазнанае і неасэнсаванае разуменне Хрыстовай ахвяры. Сімвалізм Крыжовага шляху і яго перакліканне з жыццём кожнага верніка. 
 
Здрада, асуджэнне, упадкі, спробы падняцца, шанаванне і любоў роднай маці, міласэрнасць бліжніх…
 
Некаторыя вернікі суцішана выціралі слёзы. 
 
Беражліва сціскаючы невялічкі драўляны крыж, бабуля ў баваўнянай хустцы глядзела на выяву Хрыста і таксама плакала. У гэтыя моманты яе твар —наскрозь прарэзаны зморшчынамі — рабіўся яшчэ больш светлым. 
 
«Бог глядзіць у душу»
 
Неўзабаве пасля Крыжовага шляху распачалася святая Імша. Напачатку Імшы пробашч парафіі кс. Андрэй Сіповіч прывітаў біскупа Юрыя Касабуцкага, адзначыўшы, што гэта першы візіт новапрызначанага біскупа ў парафію. Прывітальнае слова скіравалі да іерарха і прадстаўнікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа. 
 
Яго Эксцэленцыя ў сваю чаргу распавёў, што менавіта ў гэтай святыні ён упершыню прыступіў да споведзі, таму Кальварыйскі касцёл вельмі знакавы ў яго жыцці.
 
У гаміліі біскуп засяродзіўся на ўрыўку з Евангелля, у якім апісваліся падзеі, калі фарысеі і кніжнікі асуджалі Езуса за яго дзейнасць. 
«Чаму яны не хацелі слухаць Езуса? Таму што Езус прапаведаваў рэчы, якія ім не падабаліся. Фарысеі акцэнтавалі ўвагу на сваёй пабожнасці, якую яны выстаўлялі напаказ, але ж па сутнасці яны жылі ў цемры сваіх грахоў і не хацелі змяняць сваё жыццё».
 
Праводзячы паралелі з сённяшнім жыццём, іерарх зазначыў, што сённяшні свет спрабуе адасобіцца ад рэлігіі, іншымі словамі – імкнецца не заўважаць яе, каб дазволіць сабе грашыць. 
 
Гаворачы пра забойства ненароджаных дзяцей і эўтаназію, біскуп сказаў:
 
«Калі сумленне кажа: “адкінь грэх”, то шатан робіць ўсё, каб падтрымаць іншую думку чалавека: “грашы – так прасцей”. На жаль, свет не хоча прымаць Езуса Хрыста, бо часам хавае адмысловыя “фабрыкі граху”. Такія ж “фабрыкі” былі і ў фарысеяў».
 
Разважаючы пра завяршэнне Вялікага Посту, іерарх падкрэсліў:
 
«Для Бога важная вера чалавека, аднак вера без учынкаў мёртвая. Бог заахвочвае нас да працы над сабой. Вялікі пост блізіцца да завяршэння, а ці былі ў мяне высілкі, каб выправіць сваё жыццё да лепшага за гэты час? Як прайшоў мой пост? 
 
Што я магу яшчэ зрабіць, каб стаць крышачку лепшым і стаць бліжэй да Бога? Важна не тое, хто мы, а важна, якія мы. Бог глядзіць у душу і жадае, каб кожны з нас у душы быў прыгожым», — заключыў біскуп Касабуцкі.
 
***
Пасля Імшы, склаўшы назад ў чорную сумачку старэнькі малітоўнік з пацёртымі старонкамі і трымаючы ў руках ружанец, бабуля ў баваўнянай хустцы няспешна выйшла са святыні. На гарызонце сядаў маленькі сонечны дыск. Вечарэла.
 
Бабуля зноў спынілася, каб перавязаць хустку, учыніла знак крыжа перад святыняй і, абапіраючыся на кіёк, паволі пайшла да могілкавай брамы. Такая тонкая, маленькая і згорбленая бабуля. Але насамрэч такая светлая ў твары і моцная ў духу, моцная ў малітве і сваім даверы Богу. Кім яна была? І як яе імя? Бабуля знікла за брамай могілак — у горадзе з гулам матораў і мітуснёй вечаровай сталіцы.
 
Важна не тое, хто мы, а важна, якія.
 
Ілья Лапато 
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.