Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У салезіянскім араторыі Мінска адбыліся рэкалекцыі для моладзі з розных куткоў Беларусі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.03.2014 12:06

15-16 сакавіка ў салезіянскім араторыі Мінска моладзь з розных куткоў Беларусі прымала ўдзел у рэкалекцыях аб добрай смерці. 25 чалавек з Мінска, Смаргоні, Дзятлава, Мінойтаў і іншых гарадоў разважалі над тэмай “Навяртанне душы: пост, малітва, міласціна”.

Першым істотным момантам сустрэчы было разважанне над Божым словам, падрыхтаванае с. Ірынай Барцэвіч FMA. Падзяліўшыся на дзве групы, моладзь спрабавала высветліць, чым з’яўляецца пост і ўстрыманне з пункту гледжання Святога Пісання і асабістага перажывання чалавека.

Таксама адбылася Імша, падчас якой разам з кс. Іванам Огарам SDB удзельнікі разважалі над сваім узыходам на гару Табор. Увага прысутных засяроджвалася на тым, што калі чалавек падымаецца на гару, бярэ з сабой самыя неабходныя рэчы і, дасягнуўшы вяршыні, разумее сапраўдную вартасць жыцця; для таго ж, каб адчуць радасць пры Уваскрасенні Хрыста, трэба не баяцца прымаць выпрабаванні дарогі і дазволіць Богу перамяняць сябе.

Канферэнцыю на тэму “Пост і ўстрыманасць” падрыхтаваў кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Святар даносіў да прысутных думку, што словы “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” Бог прамаўляе да кожнага, іўсведамленне таго, што я дзіця Божае, дорыць сапраўдную радасць. А радасць, як казаў святы Ян Боско, - другая найпрыгажэйшая рэч, якую Бог стварыў пасля любові. Устрыманасць жа дазваляе ўбачыць сапраўдны сэнс рэчаў і вызваляе ад павярхоўнасці, а самай лепшай зброяй супраць д’ябла, як было адзначана, з’яўляецца пост, які дапамагае быць салідарным і адкрывае вочы на патрэбы іншых. У канцы канферэнцыі святар пакінуў маладым вернікам некалькі пытанняў, над якімі яны маглі паразважаць падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

У другі дзень рэкалекцый кс. Іван Огар SDB пачаў канферэнцыю на тэму “Міласціна”, насычаную яскравымі жыццёвымі прыкладамі.

Удзельнікам, як моладзі, якая жадае пазнаваць Бога і жыць разам з Ім, было прапанавана падрыхтаваць відэаролікі-рэкламы Вялікага посту, рэкалекцый аб дорай смерці і пілігрымкі.
Цэнтрам другога, завяршальнага дня рэкалекцый, была Імша.

Паводле sdb.by

(AG)

 

 

Фота sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.