Пяць семінарыстаў атрымалі ў Мінску дыяканскае пасвячэнне (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.12.2013 15:57 |
Дыяканамі сталі Ігар Мутрук, Юзаф Серпейка, Мікалай Гракаў, Раман Суша і Віталій Стрыга. Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел біскуп намінат Юрый Касабуцкі, прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі монс. Філіппо Чампанэлі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Ян Саламон. Звяртаючыся да сабраных на Імшы, Мітрапаліт назваў гэты дзень "знакавым у сучаснай гісторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі". "Яшчэ ніколі ў ёй у апошнія часы не адбывалася пасвячэнне адначасова пяці дыяканаў, што з’яўляецца вялікай ласкай", - адзначыў арцыпастыр. Па словах іерарха, знакавай з’яўляецца гэтая падзея і таму, што адбываецца ў вігілію ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. "Мы глядзім на Марыю як на тую, якую Бог выбраў быць Маці Збаўцы і якая згадзілася з Божай воляй, што стала ключавым момантам у ажыццяўленні Божага плану збаўлення", - дадаў арцыбіскуп. "Касцёл дзякуе Богу, які паклікаў да святарства тых, якія сёння пасвячаюцца ў дыяканы. Касцёл дзякуе кандыдатам за смелае рашэнне, якое яны прынялі ў часы паступаючага і нават ваяўнічага секулярызму, калі замест духоўных прапагандуюцца матэрыяльныя каштоўнасці, амаральнасць, імкненне да поспеху і прыемнасцяў", - сказаў у гаміліі Мітрапаліт. Нагадваючы пра дыяканскае служэнне, іерарх патлумачыў, што яно заключаецца ва ўдзеле ў "пасланні і ласцы Хрыста". У сакрамэнце пасвячэння, як дадаў арцыпастыр, дыяканы пазначаюцца незнішчальнай пячаткай (характарам) і прыпадабняюцца да Хрыста. "Прыпадабняючыся да Хрыста, які служыў усім, дыяканы пасвячаюцца для служэння Касцёлу, якое здзяйсняюць пад кіраўніцтвам біскупа і якое датычыць паслугі слова, Божага культу, пастырскіх заданняў і дабрачыннасці (пар. КККК 330). Гэтыя абавязкі дыяканы павінны выконваць так, каб людзі маглі бачыць у іх вучняў Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб самому служыць", - звярнуў увагу арцыбіскуп. Поўны тэкст гаміліі>>> (AG) |
Фотарэпартаж |