Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылося пахаванне а. Андрэя Ахрэма
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.11.2013 17:47

8 лістапада ў Івянцы адбылося пахаванне а. Андрэя Ахрэма OFMСonv, які загінуў у аўтакатастрофе 4 лістапада. Пахавальныя ўрачыстасці ў касцёле Святога Міхала Арханёла і на могілках узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

7 лістапада са святаром развіталіся на яго радзіме ў Вілейцы, пры целе загінуўшага памаліўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Ліст у сувязі з трагічнай смерцю а. Андрэя Ахрэма скіраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які зараз знаходзіцца ў Германіі, дзе прэзентуецца канцэпцыя праекту «Мемарыял у Трасцянцы».

У пахавальнай урачыстасці ўдзельнічалі субраты загінуўшага - францішкане з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы. Да супольнай малітвы аб збаўленні душы а. Андрэя Ахрэма далучыліся дыяцэзіяльныя святары з розных мясцін Беларусі, сёстры законныя і шматлікія вернікі з Вілейкі - радзімы а. Ахрэма, парафій у Івянцы і Камені, дзе ён служыў, яго родныя, сябры, знаёмыя і ўсе, каго закранула яго смерць.

«Мы сабраліся (…), каб праводзіць у горад памерлых і аддаць апошнюю паслугу айцу Андрэю, які трагічна загінуў на пачатку тыдня, вечарам у панядзелак 4 лістапада. Дарога з адной парафіі да другой, якую ён неаднаразова праязджаў і праходзіў як брат, семінарыст, святар, стала месцам яго смерці і пераходу ў вечнасць», — сказаў у гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка, звяртаючыся да прысутных у івянецкім касцёле.

«У малітве выражаецца нашая салідарнасць з памерлым, з тым, які адышоў. Для яго час заслугаў скончыўся, і сам сабе не здолее ні ў чым дапамагчы ў поўным ачышчэнні на годнае спатканне з Богам. Сёння душа яго спадзяецца на нашую дапамогу, і таму неабходна канцэнтравацца на малітве, поўнай даверу», — дадаў іерарх.

«Аб памерлым гаворым толькі добрае – такое правіла выпрацавана пакаленнямі. Хаця аб памерлых неаднойчы выказваем свае меркаванні, якія змяняюцца ў залежнасці ад фактаў і нашых настрояў. Удзельнічаючы ў пахаванні памерлых, мы ведаем, што яны Богам ужо асуджаныя, а Божы суд не такі, як чалавечы.  Сур’ёзнасць смерці паралізуе наш розум і вусны, якія вельмі хуткія, каб асудзіць іншых», — адзначыў біскуп.

«Апостал Народаў у другім чытанні з Паслання да Карынцянаў прыгадвае фундаментальную праўду нашага жыцця, нашага чалавечага існавання: ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе; бо калі мы жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем – для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем – мы належым Пану. Ці ўсведамляем мы, што павінны належаць Пану? Ёсць шмат людзей, якія не жадаюць жыць для Бога, якія жывуць так як быццам Бог не існаваў, па-свойму ўкладаючы жыццё, без Бога, без Евангелля, без Касцёла, без духоўных каштоўнасцяў, заснаваных на хрысціянскай маральнасці. А Святы Павел навучае, што такая дарога памылковая. Усе станем перад трыбуналам Бога.

У абліччы смутку, які перажываем, варта паразважаць над чытаннем Евангелля на сёння, дзе знаходзім незвычайныя словы: “Я – уваскрасенне і жыццё, – кажа Пан, - хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі”. Выпадала б на гэтым выразе завяршыць пахавальныя словы, бо нічога больш суцяшальнага сказаць ужо не зможам», — сказаў пінскі ардынарый.

«Дарагі айцец Андрэй, сёння развітваюцца з табой і бацькі, і родныя, і блізкія асобы, айцы і браты францішканцы і кансэкраваныя асобы розных іншых манаскіх супольнасцяў, святары і вернікі, якім ты служыў. Развітваюцца тыя, каму кароценькі час служыў ты як святар, і за гэта ўсе вельмі табе ўдзячныя. З сумам прыняў вестку аб смерці і моліцца, напэўна, з намі Мітрапаліт Тадэвуш з архідыяцэзіі, з якой паходзіш і ў якой ты служыў. Дзякуем табе за велікадушнае служэнне ў святарскай і манаскай супольнасці. Ты даў прыклад сучаснай моладзі, што трэба клапаціцца заўсёды аб збаўленні сваёй душы, бо выбраў радыкалізм евангельскіх парад жыць у беднасці, паслухмянасці і чысціні паводле статутаў манаскай супольнасці францішканцаў канвентуальных. Таксама кароткім служэннем як святар і 8-гадовай падрыхтоўкай да святарства і манаскага жыцця ты паказаў прыклад адказнага клопату аб збаўленні іншым людзям. І такім чынам ты будзеш у нашай памяці. Бо чалавек, які не памятае аб сваіх памерлых, не заслугоўвае даверу. Ён тады павярхоўны, бо жыве выключна сваім часам. Такі чалавек не здольны рабіць высновы з мудрасці пакаленняў», — падкрэсліў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Біскуп Антоні Дзям’янка заклікаў вернікаў памятаць пра памерлых, «а асабліва пра такіх асобаў, як айцец Андрэй».

Напрыканцы Імшы быў зачытаны ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, дзе адзначаецца: “Выказваю свае самыя глыбокія спачуванні сям'і загінуўшага, айцам францішканам і ўсім, хто яго ведаў, асабліва парафіянам у Івянцы і Камені. Ахвяра айца Андрэя далучылася да ахвяры Хрыста падчас актавы малітваў за памерлых. Няхай жа нашы малітвы ў інтэнцыі трагічна загінуўшага айца Андрэя і адпусты, якія можам ахвярaваць у яго інтэнцыі, адчыняць яму брамы неба, куды ён вёў даручаных аго пастырскай апецы вернікаў”.

Да прысутных звярнуўся а. Пётр Шчэпанскі OFMConv – вікарый правінцыі Маці Божай Беззаганнай айцоў францішканаў у Польшчы, адзначыўшы, што а. Андрэй Ахрэм рупліва працаваў на ніве абвяшчэння Божага слова, стараўся даваць людзям усяго сябе, з вялікай адданасцю служыць Богу і Касцёлу. “Мы верым, што ён і далей будзе служыць, заступаючыся ў небе за нас”, - сказаў а. Пётр Шчэпанскі і выказаў надзею, што “зерне, якое мы сёння апускаем у зямлю, дасць плён”.

Жалобная працэсія з целам а. Андрэя Ахрэма прайшла вуліцамі Івянца да месца пахавання. Многія з прысутных не маглі стрымаць слёз, развітваючыся са святаром, які служыў тут.

Сёлета ў Баравікоўшчыне непадалёк ад Івянца адзначалася 70-годдзе мучаніцкай смерці бл. айцоў францішканаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня, якія прынялі мучаніцтва падчас Другой сусветнай вайны, праліўшы на івянецкай зямлі сваю кроў, згодна са словамі Тэртуліяна: „Кроў мучанікаў – гэта насенне хрысціян”. Да гэтай ахвяры далучылася 4 лістапада гібель а. Андрэя Ахрэма.

(AG), (JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.