Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Гісторыя касцёла ў Касцяневічах — знак Божай міласэрнасці»: святыня адзначыла 250-годдзе
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.10.2013 13:25

5 кастрычніка святкаваў 250-годдзе касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах. Парафію наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў там урачыстую святую Імшу.

Парафія ў Касцяневічах была заснавана езуітамі ў 1661 г. Сучасны касцёл пабудаваны ў 1763 г. Калі ў 1773 г. ордэн езуітаў перастаў дзейнічаць, касцёл быў перададзены дыяцэзіяльнаму духавенству.

У гаміліі, звяртаючыся да вернікаў, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што гэты касцёл з’яўляецца адным з самых старэйшых у наваколлі і мае багатую гісторыю. «Ён перажыў як часы росквіту Касцёла на нашых землях, так і часы ганенняў. Але Бог так учыніў, што менавіта гэты касцёл, адзін з нямногіх, увесь час быў адкрыты, — адзначыў іерарх. — Гэта было асабліва важным ў часы атэістычнага рэжыму, калі менавіта сюды ехалі людзі зблізку і здалёк, каб духоўна адрадзіцца».

«Мы дзякуем Богу і нябеснай апякунцы гэтага касцёла Найсвяцейшай Панне Марыі за гісторыю гэтай святыні, за яе фундатараў і ахвярадаўцаў, за тое, што яна не была зачынена і знішчана, за святароў, якія тут працавалі, і за вернікаў, якія тут маліліся», — дадаў арцыбіскуп, узгадаўшы, у прыватнасці,  ксяндза Станіслава Жука, які ў часы ганенняў на веру 37 гадоў «мужна і ахвярна тут служыў Богу і людзям» і «вёў Народ Божы праз выпрабаванні ў новыя часы свабоды веравызнання».

Мітрапаліт падзякаваў таксама ўсім душпастырам, якія служылі ў Касцяневічах, і парафіянам за клопат аб духоўным стане вернікаў і за стан святыні.

«Касцёл – гэта месца спаткання чалавека з Богам у слове Божым, сакрамэнтах, катэхізацыі, іншых цэлебрацыях і дзейнасці, якая тут адбываецца, у тым ліку і дабрачыннасці. Мы сустракаем Бога ў касцёле, каб жыць Ягонай праўдай і несці Яго іншым людзям праз наша хрысціянскае сведчанне. Наказ Езуса Хрыста “Ідзіце і навучыце ўсе народы” заўсёды застаецца актуальным», — заўважыў арцыпастыр.

Мітрапаліт дадаў, што сёння «вельмі часта можна пачуць, што сучасны чалавек слабы і так заняты, што не можа доўга маліцца і кожную нядзелю хадзіць у касцёл». «Але калі на самой справе, то час на малітву мы замянілі на доўгія гадзіны сядзення перад тэлевізарам або ў інтэрнэце. А колькі часу мы прысвячаем размовам па тэлефоне, асабліва мабільным. (…) Як часта мы звяртаемся да розных сектаў, акультыстаў і варажбітоў або верым прадказанням, асабліва аб канцы свету і г.д.? Калі мы сапраўдныя веруючыя, то павінны верыць толькі Богу», — падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп нагадаў таксама, што вялікай праблемай сучаснасці з’яўляецца «крызіс сям’і і жыцця», «расце колькасць разводаў і абортаў», «усё часцей дэфармуецца традыцыйны і Богам устаноўлены інстытут сям’і і легалізуюцца гомасексуальныя саюзы», «аборты і генетычныя маніпуляцыі дэвальвуюць Божы дар жыцця», «усё больш пашыраецца дэмаралізацыя моладзі», «прапагандуюцца імпрэзы без захавання маральных прынцыпаў», распаўсюджаны алкагалізм і наркаманія.

«Мы, як хрысціяне, павінны жыць так, каб іншыя ў нашым жыцці бачылі прыгажосць і радасць блізкасці Бога і бліжняга, з якім мы павінны дзяліцца любоўю, — звярнуў увагу іерарх. — Мы павінны ўсведамляць, што найбольшай пагрозай для хрысціянства з’яўляецца рэлігійная абыякавасць тых, якія лічаць сябе хрысціянамі, але жывуць як язычнікі».

Па словах Мітрапаліта, сімвалічна, што юбілей касцяневіцкай святыні адзначаецца ў Год веры, «бо на працягу 250 гадоў у сценах гэтага касцёла людзі сустракаліся з Хрыстом, з чаго нараджалася вера», а таксама тое, што ён адзначаецца ў літургічны ўспамін святой Фаўстыны Кавальскай, якая «перадала свету заклік Езуса аб набажэнстве да Божай міласэрнасці і распаўсюджвала яго культ». «Гісторыя касцёла ў Касцяневічах – гэта знак Божай міласэрнасці», — адзначыў арцыпастыр.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт выказаў надзею, што ў святыні ў Касцяневічах «і далей будзе абвяшчацца Евангелле, цэлебравацца сакрамэнты, праводзіцца дабрачынная праца і людзі будуць вучыцца чуваць, каб прыбягаць да Божай міласэрнасці».

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.