Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Езус нясе мір у сэрцы людзей»: святая Імша ў інтэнцыі міру адбылася ў мінскай архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.09.2013 23:14

7 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася Імша ў інтэнцыі міру ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Імшы папярэднічала малітва з удзелам прадстаўнікоў розных канфесій і іншых рэлігій, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

У літургіі ўдзельнічалі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, духавенства і кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мінскія вернікі.

«Штодзённае жыццё сведчыць аб тым, што сучасны свет – гэта свет насілля, а не супакою і міру, — адзначыў, звяртаючыся да прысутных, Мітрапаліт. — Так было таксама ў большай ці меншай ступені ва ўсёй гісторыі чалавецтва. І прычынай усяму ёсць грэх. Ужо на заранку чалавечай гісторыі Каін забіў Абэля. Уся далейшая гісторыя нашай планеты – гэта збройныя канфлікты, войны, акты насілля і тэрарызму, якія выклікаюць сапраўдны дождж крыві».

Арцыпастыр нагадаў, што ХХ стагоддзе «адзначылася дзвюма найбольш крывавымі ў гісторыі чалавецтва сусветнымі войнамі». «У 1945 г. была заснавана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, адной з галоўных мэтаў якой з’яўляецца барацьба за мір. Аднак, нягледзячы на гэта, войны і канфлікты далей трываюць. Пасля Другой сусветнай вайны была апрацавана і выпрабавана атамная зброя. Апошнія два з паловай гады ў Сірыі практычна адбываецца грамадзянская вайна, у якой ужо загінула каля ста тысяч чалавек і каля двух мільёнаў сталі бежанцамі», — звярнуў увагу іерарх.

«Калі паглядзім на ўсё гэта, то воляй-няволяй узнікае пытанне: “Божа, а дзе Ты знаходзішся, калі адбываюцца такія злачынствы?” На гэтыя і падобныя пытанні Бог адказвае: “Я знаходжуся на сваім месцы, бо я даў табе, чалавек, свой закон, які кажа любіць бліжняга і быць справядлівым адносна яго, толькі ты, чалавек, не слухаеш Мяне, і адсюль усе беды і злачынствы”», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Другі Ватыканскі Сабор прыпамінае, што “паколькі людзі грэшныя, небяспека вайны будзе пагражаць ім аж да прыйсця Хрыста”. Гэтым самым Сабор яшчэ раз падкрэслівае прычыну збройных канфліктаў, а менавіта – грэх, — дадаў Мітрапаліт. — У той жа час неабходна памятаць, што пагроза вайны – гэта яшчэ не вайна, і, напэўна, яе можна пазбегнуць. Найперш трэба памятаць аб словах Хрыста, што без Яго дапамогі мы нічога самі не можам зрабіць».

«Сёння, калі Блізкі Усход, дзе адзін аднаму супрацьстаяць не толькі  нацыяналістычныя і рэлігійныя праблемы, але і практычна ўсё яшчэ не вырашаны ізраільска-палесцінскі канфлікт і спатыкаюцца інтарэсы многіх дзяржаў, зноў стаіць на парозе новага ваеннага канфлікту на думку прыходзяць словы папы Паўла VI, сказаныя ім на форуме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 4 кастрычніка 1965 г.: “Ніколі больш вайны!” і благаслаўлёнага Яна Паўла II, што “не існуе мір любым коштам”. Да іх далучаецца крык душы папы Францішка: “Мы жадаем жыць у міры, жадаем быць мірнымі людзьмі, мы жадаем, каб у нашым свеце, які раздзіраецца расколамі і канфліктамі, усталяваўся мір, а не вайна; каб больш ніколі не было войны! Мір з’яўляецца настолькі каштоўным дарам, што яго неабходна ўмацоўваць і берагчы“», — гэтыя словы прывёў арцыпастыр.

Мітрапаліт нагадаў таксама, што на гэтым тыдні Папа звярнуўся да “Вялікай дваццаткі”, пасяджэнне якой адбылося ў Санкт-Пецярбургу, з заклікам не заставацца інертнымі перад абліччам драмаў сірыйскага народа і з адвагай і рашучасцю пачаць пошук мірнага вырашэння праз дыялог і перамовы.

«Калі ў душы чалавека будзе супакой, то і ў свеце будзе мір, — падкрэсліў іерарх. — Калі нарадзіўся Езус, хоры анёлаў спявалі: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі мір людзям добрай волі”. Езус нясе мір у сэрцы людзей, і гэты мір ёсць хвалой Бога».

«Касцёл няспынна прыпамінае словы Езуса: “Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названы сынамі Божымі”. Папа Францішак і прадстаўнікі іншых веравызнанняў адважна выказваюцца за пошук мірнага вырашэння сірыйскага канфлікту. Тым больш што яго наступствы могуць быць непрадбачанымі і іх цяжка прадугледзець», — адзначыў Мітрапаліт.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Аб правядзенні 7 верасня дня малітваў і посту ў інтэнцыі міру ў Сірыі і ўсім свеце Папа Францішак сказаў 1 верасня ў разважанні перад малітвай «Анёл Панскі». «Чалавецтва мае патрэбу бачыць жэсты міру і пачуць словы надзеі і суцяшэння! — звярнуўся Пантыфік. — Ніколі больш вайны! Мір з’яўляецца каштоўным дарам, які трэба пашыраць і абараняць».

(AG)

 
 

 

Фота Анастасіі Грышан

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.