Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
У Клецку кансэкраваны новы касцёл
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.07.2012 11:50

30 чэрвеня 2012 г. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў касцёл Святой Тройцы ў Клецку. Парафія з больш чым 500-гадовай гісторыяй (заснавана ў 1450 г.) нарэшце мае свой дом малітвы. Касцёл, пабудаваны ў 1524 г., быў знішчаны падчас ганенняў у 50-е гады мінулага стагоддзя.

«Яшчэ зусім нядаўна здавалася, што ўжо ніколі на клецкай зямлі не будзе гучаць голас Евангелля, не будуць цэлебравацца сакрамэнты, а новыя пакаленні будуць выхоўвацца без веры ў Бога. Так здавалася, але Бог паказаў, што Яго планы — не нашы планы. І сёння ў гістарычным Клецку ёсць каталіцкая святыня», — з такімі словамі арцыпастыр звярнуўся да мясцовай супольнасці.

Клецкая зямля ганарыцца тым, што яна цесна звязана са св. Зыгмунтам Шчэнсным Фелінскім. Менавіта тут нарадзілася яго маці і была ахрышчана ў клецкім касцёле. Сюды ён часта прыязджаў, калі быў студэнтам. «Можа, менавіта яго заступніцтва перад Богам учыніла цуд пабудовы новага касцёла. Пры гэтым неабходна асабліва падзякаваць былому пробашчу а. Эрвіну Вячорку, дзякуючы старанням якога, а таксама намаганням вернікаў і ахвярнасці спонсараў, стала магчыма пабудаваць гэты прыгожы касцёл з месцамі для вядзення рознай пастырскай дзейнасці», — адзначыў мітрапаліт.

У гаміліі іерарх разважаў над урыўкам з Евангелля, дзе Хрыстус назваў Пятра скалой, на якой Ён пабудуе свой Касцёл, які брамы пякельныя не перамогуць. Пабудову касцёла ў Клецку арцыбіскуп назваў гэтаму пацвярджэннем, бо «Касцёл адраджаецца з попелу, каб стаць месцам спаткання чалавека з Богам».  

«Гэтае спатканне адбываецца найперш у слове Божым, як адной з крыніц нашай веры, — працягваў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Працягваецца яно ў сакрамэнтах. У хросце чалавек нараджаецца да новага духоўнага жыцця, становіцца членам Касцёла, хрысціянінам, які можа прымаць удзел у іншых сакрамэнтах. У канфірмацыі ён атрымлівае дары Духа Святога, каб мужна вызнаваць веру і яе бараніць, што вельмі актуальна падчас выклікаў сучаснасці, асабліва секулярызму. У Эўхарыстыі Езус як духоўны хлеб узмацняе нашы духоўныя сілы, перамяняе нас, каб праз гэта перамяняць свет. У пакаянні чалавек ачышчаецца ад грахоў і нанова становіцца святыняю Духа Святога. У намашчэнні хворых атрымлівае духоўную дапамогу, неабходную падчас пераходу ў іншы свет. У сужэнстве Божая ласка дапагае сужанцам верна трываць у еднасці і быць узаемнай падтрымкай, дапамагае ў нараджэнні і выхаванні патомства. Пры гэтым Божая ласка ў сакрамэнце сужэнства робіць сям’ю галоўнай клеткай грамадства. Праз сакрамэнт святарства чалавек становіцца святаром Новага Запавету, здольным дзейнічаць ад імя Хрыста».

Такім чынам, усё жыццё чалавека неразрыўна звязана з Касцёлам. Нават пасля смерці Касцёл моліцца за памерлага.

«Менавіта таму мы хочам мець касцёлы, мы рамантуем старыя і будуем новыя не толькі для таго, каб мець прыгожыя архітэктурныя ансамблі, а перш за ўсё для таго, каб у іх сценах будаваць сапраўдны Касцёл — народ Божы», — падкрэсліў мітрапаліт.

Арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў вернікам памятаць, што ў новым касцёле іх чакае Езус, жывое сэрца якога б’ецца ў табэрнакулюме. Пажадаў таксама, спаткаўшы Бога ў сценах гэтай святыні, занесці Яго іншым, каб свет паверыў і, жывучы верай, дасягнуў збаўлення.

Асвячэнне касцёла Святой Тройцы ў Клецку стала святам для каталіцкай супольнасці горада і многіх гасцей.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

26.04 10:51«Фэст Божай Міласэрнасці 2017» прайшоў у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску
24.04 14:33Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў свята Божай Міласэрнасці наведаў парафію ў Асіповічах
21.04 15:22У мінскім Чырвоным касцёле можна атрымаць кансультацыю псіхолага
17.04 14:43Пасхальная вігілія і рэзурэкцыя ў Магілёве: «З пустой грабніцы выпраменьвала Божая любоў»
17.04 09:16Мітрапаліт Кандрусевіч: уваскрасенне Хрыста — непахісны фундамент нашай веры
16.04 02:02«Мы ўсё можам у Хрысце»: Пасхальная вігілія ў мінскай архікатэдры (+фотарэпартаж)
15.04 14:00Апостальскі Нунцый благаславіў святочныя стравы. Фотафакт
14.04 22:39Мітрапаліт Кандрусевіч у Вялікую пятніцу: «Не трэба баяцца крыжа — на ім адбыўся цуд нашага збаўлення» (+фотарэпатаж)
14.04 09:19Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падчас Імшы Вячэры Пана: «Хто любіць, той хоча служыць іншаму як Езус»
13.04 23:44Мітрапаліт Кандрусевіч падчас Імшы Вячэры Пана: «Ісці за Хрыстом — гэта памерці для граху»