Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва за памерлых на месцы былога канцлагера «Трасцянец»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.11.2010 14:49

1 лістапада 2010 г. у межах праграмы асвячэння могілак у Мінску і Мінскім раёне адбылася малітва на месцы былога канцлагера «Трасцянец», што знаходзіцца ў мінскім мікрараёне Шабаны.

У 15.00 — у гадзіну Божай міласэрнасці — на месцы былога канцлагера каля памятнага знака з надпісам, які сведчыць пра тое, што тут былі спалены шматлікія людзі, распачалося набажэнства ў інтэнцыі супакою душаў тых, хто стаў ахвярамі фашызму.

Набажэнства ўзначаліў дэкан Серабранкаўскі кс. Ігар Лашук SDB. У малітве прымаў удзел грэка-каталіцкі дэкан Цэнтральнага дэканату а. Яўген Усошын і вернікі парафіі Хрыста Збаўцы (Шабаны).

Набажэнства за памерлых на месцы былога канцлагера адбудзецца таксама 6 лістапада ў 14.00, а ўзначаліць яго кс. Юрый Санько, пробашч парафіі ў Шабанах.

З гісторыі

Канцлагер Трасцянец, які знаходзіўся ў Мінску па сённяшняй вул. Сяліцкага, стаў месцам пакутаў і смерці шматлікіх людзей. У 1941–1944 гг. у раёне вёскі Малы Трасцянец былі забіты фашыстамі больш 206 000 чалавек рознага ўзросту і нацыянальнасцяў. Сярод іх — цывільнае насельніцтва, у тым ліку жыхары краін Заходняй Еўропы, удзельнікі антыфашысцкай падпольнай барацьбы і партызанскага руху, мінчане, арыштаваныя ў якасці заложнікаў, ваеннапалонныя.

Трасцянец — гэта адзін з самых масавых у свеце па ліку ахвяр лагераў смерці. Ён займае чацвёртае месца пасля польскіх лагераў у Асвенціме, Майданэку і Трэблінках.

У пасляваенныя гады памяць ахвяр не была ўшанавана належным чынам. Гэтую трагедыю захавалі тры гранітныя помнікі і скверы ў вёсках Малы і Вялікі Трасцянец, дзе размяшчаліся крэмацыйныя ямы і печы. На месцы былога канцлагера плануецца стварыць мемарыяльны комплекс.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.