Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Івянец–2010 увайшоў у гісторыю і застаўся ў нашых сэрцах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.08.2010 13:44

З 30 ліпеня па 1 жніўня 2010 г. ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) праходзіла III Малітоўная сустрэча моладзі. Такая практыка сумеснага трывання ў малітве з года ў год не губляе сваёй папулярнасці. Тэма сёлетняй сустрэчы — «Хочаш быць шчаслівым? Захоўвай запаведзі!»

Увечары першага дня сустрэчы адбылася святая Імша ў інтэнцыі ўдзельнікаў мерапрыемства і ўсёй моладзі Беларусі. Літургію ўзначаліў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч. Гамілію прамовіў кс. Юрый Санько, які нагадаў прысутным, што іх сабраў тут Езус Хрыстус, каб узмоцніць сваім словам і любоўю.

Пасля літургіі маладыя вернікі сабраліся на канцэрце, падрыхтаваным «Музычнай майстэрняй», якая ў восьмы раз збіраецца ў Івянцы. Ініцыятарамі правядзення «Майстэрні» з’яўляюцца а. Лех Баханэк OFM Conv і польскі культурны дзеяч і музыкант спадар Ян Паспяшальскі.

Унясеннем крыжа беларускіх малітоўных сустрэч моладзі і рэліквій дрэва крыжа раніцай 31 ліпеня адбылася цырымонія адкрыцця ІІІ Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Цырымонія працягнулася выступленнем удзельнікаў «Музычнай майстэрні» на галоўнай сцэне пад адкрытым небам. Яны падрыхтавалі тэатральную пастаноўку на тэму дзесяці Божых запаведзяў — тэму, якой былі з’яднаны ўсе мерапрыемствы сёлетняй сустрэчы.

31 ліпеня для ўдзельнікаў Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы былі прамоўлены катэхезы на тэму Божых запаведзяў. «Хочаш быць шчаслівым? Захоўвай Божыя запаведзі!» — менавіта дэвіз сёлетняй сустрэчы стаў адпраўнай кропкай для прадстаўленых разважанняў.

Канферэнцыю, прысвечаную першым тром Божым запаведзям, прамовіў кс. Юрый Касабуцкі. «Не май іншых багоў, апроч Мяне», «Не ўжывай імя Пана Бога дарэмна», «Памятай дзень святы святкаваць» — гэтыя запаведзі кажуць пра тое, якімі павінны быць адносіны чалавека з Богам.

Другую канферэнцыю падрыхтаваў кс. Ігар Лашук SDB і акрэсліў сутнасць астатніх сямі запаведзяў, якія кажуць пра міжчалавечыя адносіны.

Цыкл катэхезаў на тэму Божых запаведзяў, прапанаваны ўдзельнікам Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы, а таксама рахунак сумлення сталі падрыхтоўкай да сакрамэнту пакаяння. Споведзь святары ўдзялялі ў касцёле і на тэрыторыі вакол яго. Споведзь працягвалася не адну гадзіну.

Адным з пунктаў праграмы Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы стала набажэнства Крыжовага шляху, якое праводзілі айцы кармэліты. Разважанні былі прысвечаны тэме ненароджаных дзяцей і пабудаваны ў форме думак дзіцяці, якое яшчэ знаходзіцца ва ўлонні сваёй маці, але ўжо ведае, што не пабачыць гэты свет, бо маці збіраецца рабіць аборт. Вернікі ахвяравалі набажэнства Крыжовага шляху за душы ўсіх ненароджаных дзяцей, а таксама за цяжарных жанчын, каб усведамлялі, што вялікі дар жыцця цалкам знаходзіцца ў руках ласкавага Пана.

Для ўдзельнікаў малітоўнай сустрэчы ў Івянцы скаўты правялі евангелічнае вогнішча. Прадстаўнікі каталіцкіх парафіяльных груп, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу, расказвалі прысутным пра тое, чым займаюцца скаўты і як імі можна стаць. Праграма, падрыхтаваная скаўтамі, уключала таксама інсцэніроўку на тэму Божых запаведзяў.

Увечары 31 ліпеня, перад тым як супольна ўзнесці да Бога свае малітвы праз удзел у святой Імшы, усе ўдзельнікі Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы сабраліся разам, каб паслухаць сведчанні кансэкраваных асобаў — прадстаўнікоў розных супольнасцяў. Кожны з іх выбраў свой спосаб прадстаўлення таварыства, да якога належыць. Былі і зачытаныя факты з гісторыі стварэння супольнасцяў, і фотападборкі, і тэматычнае відэа, і нават інсцэніроўкі. Слухачы мелі магчымасць даведацца больш пра штодзённае жыццё законнікаў і законніц, іх дабрачынную дзейнасць і актыўную малітоўную практыку.

Адзін з навучэнцаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску пазнаёміў прысутных з жыццём навучальнай установы. Семінарысты прыбылі ў Івянец на чале з прэфектам установы кс. Аляксеем Раманчуком.

Вечаровую святую Імшу 31 ліпеня 2010 г. для ўдзельнікаў Малітоўнай сустрэчы моладзі ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Разам з іерархам літургію канцэлебравалі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і шматлікія святары. Гамілію біскуп Дзям’янка прысвяціў музыцы і спеву, якія «належаць да свету прыгажосці і дабрыні». Іерарх нагадаў, што музыка можа быць як добрай, так і дрэннай. «Добрая музыка — гэта гармонія цішыні і гуку. Яна вылечвае і ўдасканальвае слых і нервовую сістэму. Дрэнная музыка выклікае агрэсію і пераносіць яе на супольнасць. Такая музыка заснавана на нізкіх чалавечых інстынктах — сексе, агрэсіі, нянавісці, на дысгармоніі крыку і шуму. Яе мэта — знішчыць цішыню», — адзначыў іерарх. Біскуп Дзям’янка пажадаў удзельнікам «Музычнай майстэрні», каб атрыманыя ад польскіх педагогаў веды і навыкі паслужылі далейшаму дасканаленню іх асобаў. На заканчэнне святой Імшы галоўны цэлебрант удзяліў прысутным благаслаўленне рэліквіямі дрэва святога крыжа, пасля чаго адбылося іх ушанаванне.

Пасля святой Імшы перад прысутнымі вернікамі ізноў выступілі ўдзельнікі «Музычнай майстэрні». Маладыя людзі спявалі і танцавалі, радасна праслаўляючы Пана Бога. Канцэрт працягваўся некалькі гадзінаў — гледачы доўга не адпускалі спевакоў са сцэны, дзякавалі ім за цудоўнае выступленне бурнымі апладысментамі.

Праграму працягнуў паказ на вялікім экране, устаноўленым побач са сцэнай, фільма «Фацімская таямніца». Завяршэннем другога дня малітоўнай сустрэчы стала начное чуванне, якое доўжылася да 6 гадзінаў раніцы.

1 жніўня цэлебрацыяй святой Імшы завяршылася ІІІ Малітоўная сустрэча моладзі, што праходзіла ў Івянцы. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «„Хочаш быць шчаслівым?“ У сучасным, поўным няпэўнасці і нават крызісу надзеі, свеце гэтае пытанне гучыць усё часцей і часцей», — адзначыў іерхар падчас Эўхарыстыі. Звяртаючыся да прысутнай моладзі, якая з’ехалася з усіх дыяцэзій Беларусі, іерарх выказаў радасць, што юнакі і дзяўчаты — будучыня Касцёла — стараецца імкнуцца да святасці.

На заканчэнне літургіі адбылося ўшанаванне рэліквій дрэва святога крыжа.

У малітоўнай сустрэчы акрамя душпастыраў і моладзі з беларускіх дыяцэзій, таксама прымалі ўдзел госці з Расіі, Польшчы, Італіі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.