Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мядзельская Кальварыя працягвае жыць
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.07.2010 11:28

9–10 ліпеня 2010 г. у Мядзелі адбылася адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай. 9 ліпеня а 17-й гадзіне ў парафіяльным касцёле Маці Божай Шкаплернай распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. У гэты час пробашч парафіі а. Павел Леліто OCD прывітаў пешую пілігрымку, якая прыбыла ў Мядзел з Нарачы.

У 18.00 група вернікаў, якая налічвала каля 300 чалавек, вырушыла ў працэсіі ў кірунку vядзельскай Кальварыі, што знаходзіцца каля дарогі Мядзел — Паставы. Працэсія суправаджалася рэлігійнымі спевамі і ружанцовай малітвай, якую ўзначаліла група моладзі з Нарачы.

На Кальварыі ля першага крыжа распачалося традыцыйнае набажэнства Крыжовага шляху з выкарыстаннем духоўнай спадчыны св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Разважанні да асобных стацый зачытвалі вернікі мядзельскай парафіі. У гэтым годзе намаганнямі парафіян на кальварыйскім шляху былі пастаўлены шэсць новых крыжоў замест старых. Гэта сведчанне таго, што vядзельская Кальварыя працягвае жыць пасля доўгага часу заняпаду. Хаця і ў час атэізму вернікі тайком прыходзілі сюды і маліліся на гэтых сцежачках. Так і сёлета людзі рознага ўзросту, ад дзетак да старэйшых, святары, законнікі і законніцы верна крочылі ляснымі і палявымі сцяжынкамі, яднаючыся з мукай Збаўцы, нягледзячы на вялікую колькасць камароў і гразкасць некаторых месцаў.

У 20.30 на гары Трох Крыжоў (апошняй стацыі Кальварыі ў Мядзелі) распачалася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. У гаміліі пастыр ўзгадаў пра альтруізм Божай Маці, якая прыйшла з дапамогай да Альжбеты, а цяпер і нас ахінае святым шкаплерам — шатай сваёй апекі. Для нас гэта вялікі прыклад, каб спяшацца з дапамогай да бліжніх і адкрывацца на дары Духа Святога, дзеля вернага і мужнага служэння Касцёлу. Падчас Эўхарыстыі група моладзі і дарослых праз паслугу іерарха атрымалі сакрамэнт канфірмацыі. Пасля святой Імшы адбыўся абрад прыняцця ўсіх жадаючых у шкаплернае брацтва.

10 ліпеня а 10-й гадзіне адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Апоўдні распачалася адпустовая святая Імша, якую ўзначалілі новапрэзбітэры айцы кармэліты босыя: а. Андрэй Авен OCD і а. Павел Рудзьман OCD. Гамілію прамовіў кс. Францішак Рудзь з Мінска. На заканчэнне ўрачыстасці вернікі прайшлі ў працэсіі вакол касцёла і праспявалі гімн Te Deum за шматлікія вялікія Божыя справы праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай.  

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.