Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць Маці Божай Будслаўскай 2010
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2010 14:38

Сёлетнія ўрачыстасці 1–2 ліпеня 2010 г. пад дэвізам «Марыя — выбраная дачка Айца Нябеснага» распачалі ў Будславе духоўную падрыхтоўку да 400-годдзя прабывання абраза ў будслаўскай святыні. Наступныя два гады пройдуць пад дэвізамі «Марыя — святыня Духа Святога» і «Марыя — Маці Збаўцы».


Да Маці Божай Будслаўскай на працягу многіх дзён крочылі амаль 2,5 тысячы пілігрымаў. Кожную пілігрымку па прыходзе ў Будслаў вітаў кусташ санктуарыя а. Віктар Бурлака OFM, які акрапляў вадой і благаслаўляў. Сярод пешых пілігрымак была таксама V пакутная пілігрымка з Мінска, а ў межах рэйду «Па былых шляхах нашых айцоў» у Будслаў на ўрачыстасці завіталі 17 байкераў.

Урачыстасці распачаліся ўвечары 1 ліпеня святой Імшой ў інтэнцыі пілігрымаў, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. «Шукайце Божае Валадарства і ўсё будзе вам дадзена, — заклікаў прысутных біскуп Велікаселец. — Папросім жа ў Божай Маці аб неабходных ласках пазнання Божай праўды, каб вы умелі будаваць сваё зямное жыццё паводле Божай волі».

Напрыканцы літургіі адбылося прадстаўленне пілігрымак Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій. А перад Хрыстом у Найсвяцейшым Сакрамэнце быў зачытаны акт прысвячэння і аддання Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.

Напрацягу ўсёй ночы трывала малітоўная адарацыя Маці Божай у цудоўным абразе ў Будславе. Акафіст праспяваў хор Грэка-каталіцкай Царквы, марыйныя Нешпары ўзначаліў кс. Ігар Лашук SDB, а святы Ружанец правялі айцы кармэліты.

Кульмінацыяй першага дня стала святая Імша апоўначы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Па традыцыі, перад літургіяй святары, сёстры законныя і вернікі прайшлі ў працэсіі са свечкамі. Гэтую святую Імшу канцэлебравалі тры іерархі і 90 святароў. Упрыгожваў літургію спевам хор мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Св. Роха) на Залатой Горцы.

Наступным пунктам праграмы стаў канцэрт у палатачным гарадку гурта «Небасхіл» (мінская парафія Святога Яна Хрысціцеля) і Алесі Унукоўскай. Моладзь, напоўненая Божай радасцю і энергіяй, праслаўляла Бога спевам аж да світання. У гэты ж час у базыліцы перад абразом Маці Божай адбылася святая Імша паводле грэка-каталіцкага абраду.

Важнай падзеяй у рамках урачыстасцяў стала прэзентацыя Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на беларускай мове і прадукцыі выдавецтва «Про Хрысто». «Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый» быў падрыхтаваны да друку ў выдавецтве «Про Хрысто» пры падтрымцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пераклад выдання здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ.

Пасля прэзентацыі Кампендыя Мітрапаліт прадставіў слова вядомай беларускай пісьменніцы Крыстыне Лялько, галоўнаму рэдактару часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria». Спадарыня Крыстына напачатку падзякавала іерарху і Богу за гонар прамаўляць з кафедры ў марыйным санктуарыі, бо менавіта 15 год таму Маці Божая сабрала свецкіх журналістаў і пісьменнікаў для выдання часопіса «Ave Maria».

Цэнтральным пунктам урачыстасцяў стала адпустовая святая Імша 2 ліпеня 2010 г., якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Канцэлебравалі літургію дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, арцыбіскуп Варшаўска-Пражскі Хенрык Хосэр і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек.

На пачатку святой Імшы арцыпастыр прывітаў на розных мовах прысутных вернікаў Будслава, пілігрымаў, якія прыйшлі з розных куткоў Беларусі, а таксама гасцей з-за мяжы.

«Сёння, дзякуючы Богу за ласку гэтай урачыстасці, звяртаемся да цябе, Марыя: „Mostra te esse Matrem“ — „Пакажы, што сапраўды з’яўляешся нашай Маці“, як маліўся твой вялікі прыхільнік Слуга Божы Ян Павел II, і выпрасі нам ласку быць заўсёды вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб мы заставаліся не намінальнымі, але сапраўднымі хрысціянамі, здольнымі мужна бараніць нашу веру і, адказваючы на выклікі нашага часу, ішлі шляхам, які прывядзе да шчасця вечнага ў Валадарстве Твайго Сына Езуса Хрыста», — адзначыў арцыпастыр у гаміліі.

Напрыканцы літургіі, падчас якой прысутныя таксама памяталі ў малітве пра свайго шаноўнага пастыра кардынала Казіміра Свёнтка, адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у якой прынялі ўдзел іерархі, святары, сёстры законныя і вернікі. Пасля прысутныя праспявалі гімн Te Deum laudamus.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі ўрачыстасцяў, а таксама вернікам, якія прыйшлі пешшу або прыехалі ў Будслаў, каб разам маліцца перад абразом Маці Божай Будслаўскай. На заканчэнне літургіі арцыпастыр удзяліў прысутным благаслаўленне святым Крыжом.

Урачыстасці скончыліся. Раз’ехаліся пілігрымы. Але Маці Божая Будслаўская, апякунка Беларусі, штодня чакае сваіх дзяцей і з радасцю прымае кожнага.

ф Фотарэпартажы

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.