Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будслаў: прэзентацыя Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на беларускай мове і прадукцыі выдавецтва «Про Хрысто»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2010 12:15

2 ліпеня 2010 г. каля Нацыянальнага санктуарыя Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў прэзентацыю Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на беларускай мове. Удзельнікам урачыстасці была таксама прадстаўлена прадукцыя выдавецтва «Про Хрысто».

«Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый» быў падрыхтаваны да друку ў выдавецтве «Про Хрысто» пры падтрымцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пераклад выдання здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ.

Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, як адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, з’яўляецца «падручнікам нашай веры», які ў форме пытанняў і адказаў прадстаўляе ўсе істотныя і фундаментальныя элементы веры Каталіцкага Касцёла.

«Гэту кнігу павінен мець кожны хрысціянін. Але мець не дастаткова, — падкрэсліў іерарх, — трэба звяртацца да яе зместу, які ўтрымлівае адказы на жыццёвыя пытанні, дзе напісана пра сутнасць нашага жыцця».

Пасля прэзентацыі Кампендыя Мітрапаліт прадставіў слова вядомай беларускай пісьменніцы Крыстыне Лялько, галоўнаму рэдактару часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria». Спадарыня Крыстына напачатку падзякавала іерарху і Богу за гонар прамаўляць з кафедры ў марыйным санктуарыі, бо менавіта 15 год таму Маці Божая сабрала свецкіх журналістаў і пісьменнікаў для выдання часопіса «Ave Maria».

Крыстына Лялько падзякавала вернікам за іх лісты і прысутнасць на старонках часопіса, за шчырыя споведзі з іх жыцця і шляху веры. Пісьменніца заахвоціла прысутных больш чытаць і цікавіцца духоўнай літаратурай.

Спадарыня Крыстына таксама ўзгадала сустрэчу з Янам Паўлам ІІ, благаслаўленне Вялікага Папы і прамоўленыя ім словы, якія засталіся ў памяці пісьменніцы на ўсё жыццё: «Як добра, што ўжо ёсць каталіцкі друк на беларускай мове».

 

Фота М. Новікава, В. Кучаравага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.