Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: скіроўваем свой позірк на Марыю
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2010 14:35

Нарэшце наступіў дзень, які каталіцкая Беларусь чакала напрацягу года. 2 ліпеня — урачыстасць Маці Божай Будслаўскай, апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У гэты дзень у 10.30 адбылася галоўная святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.


Канцэлебравалі літургію дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, арцыбіскуп Варшаўска-Пражскі Хенрык Хосэр і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек.

На галоўнай цэлебрацыі святой Імшы ў Будславе прысутнічалі таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі Мішэль Рэнры, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Балгарыя, Захарый Радукаў, Саветнік Пасольства Рэспублікі Польшча Марэк Марцінэк, Саветнік Пасольства Рэспублікі Польшча Вітальд Томаш Юраш, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэшскай Рэспублікі Йіржы Карас, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія Срэчко Джукіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі Марыян Сэрватко, Намеснік Пасла Яе Вялікасці Вялікабрытаніі Джым Казанз, Саветнік па сувязях з грамадскасцю Пасольства Вялікабрытаніі Іна Рамашэўская.
 
На пачатку святой Імшы арцыпастыр прывітаў прысутных вернікаў, пілігрымаў, якія прыйшлі з розных куткоў Беларусі, і гасцей з Польшчы, Расіі, Украіны і Літвы.

У гаміліі Мітрапаліт звярнуўся да евангельскага аповеду пра выгнанне Адама і Евы з раю. «Сёння падчас будслаўскіх урачыстасцяў мы скіроўваем свой позірк на Марыю, якая праз усё сваё жыццё захавала паўнату ласкі. Яна, у адрозненні ад Евы, не адмовілася ад Божай волі і прыняла яе, — падкрэсліў іерарх. — Гэта найбольш бачна падчас сцэны Звеставання. Марыя прымае волю Божую, абвешчаную арханёлам Габрыэлем, бо добра ведае, што Бог калі хоча чагосьці, то толькі дабра».

І сёння мы замяняем галоўныя каштоўнасці штучнымі, і сёння Бог шукае нас, як калісьці Адама. «Можа, ты таксама голы? Не, не фізічна голы, але духоўна, хоць у наш секулярны час і існуе мода публічна адкрываць сваё цела, вельмі часта для таго, каб выглядаць сексуальна. Пытанне стаіць так: ці апрануты мы ў адзенне Божай ласкі? А можа, мы аддаём перавагу грахоўнаму адзенню», — звярнуўся да прысутных Мітрапаліт.

«Не так даўно завяршыўся Год святарства, дэвізам якога былі словы: „Вернасць Хрыста — вернасць святара“, — адзначыў арцыпастыр. — Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікаў святароў заўсёды заставацца вернымі свайму святарскаму пакліканню. Гэты заклік распаўсюджваецца на кожнага з нас. Таму сёння, дзякуючы Богу за ласку гэтай урачыстасці, звяртаемся да цябе, Марыя: „Mostra te esse Matrem“ — „Пакажы, што сапраўды з’яўляешся нашай Маці“, як маліўся твой вялікі прыхільнік, Слуга Божы Ян Павел II, і выпрасі нам ласку быць заўсёды вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб мы заставаліся не намінальнымі, але сапраўднымі хрысціянамі, здольнымі мужна бараніць нашу веру і, адказваючы на выклікі нашага часу, ішлі шляхам, які прывядзе да шчасця вечнага ў Валадарстве Твайго Сына Езуса Хрыста».

Прапануем поўны тэкст гамілі >>>

Пасля быў зачытаны акт прысвячэння і аддання Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі. Напрыканцы літургіі адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у якой прынялі ўдзел іерархі, святары, сёстры законныя і вернікі. Пасля Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі ўрачыстасцяў, а таксама вернікам, якія прыйшлі пешшу або прыехалі ў Будслаў, каб супольна маліцца перад абразом Маці Божай Будслаўскай.

Напрыканцы літургіі, падчас якой прысутныя таксама памяталі ў малітве пра свайго шаноўнага пастыра кардынала Казіміра Свёнтка, адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у якой прынялі ўдзел іерархі, святары, сёстры законныя і вернікі. Пасля прысутныя праспявалі гімн Te Deum laudamus. На заканчэнне літургіі Мітрапаліт Кандрусевіч удзяліў прысутным благаслаўленне рэліквіямі святога Крыжа.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме