Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Варшаўска-Пражскі і новапрэзбітэры канцэлебравалі святую Імшу ў Будславе
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2010 11:24

2 ліпеня 2010 г. у Нацыянальным санктуарыі ранішнюю святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Варшаўска-Пражскі Хенрык Хосэр. Разам з польскім іерархам літургію канцэлебравалі айцы новапрэзбітэры, ураджэнцы Беларусі і Украіны.

Напачатку святой Эўхарыстыі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў арцыбіскупа Хенрыка Хосэра, падзякаваў за прысутнасць і папрасіў узначаліць цэлебрацыю Найсвяцейшай Ахвяры.

«Вы прыходзіце да Маці, каб праз яе выказаць Богу падзяку за дар святарства», — звярнуўся польскі іерарх да новапрэзбітэраў. Арцыбіскуп Хосэр нагадаў асобу св. Яна Марыі Віянэя, які з’яўляецца ўзорам для сучаснага святара.

«Бог — мая спадчына, маё прызначэнне, — падкрэсліў іерарх. — Гэтую спадчыну чалавек атрымлівае ў сям’і, у парафіі. Гэта таксама плён пакаленняў, якія праз вякі прыходзілі на сустрэчу з Панам у святых сакрамэнтах на нашай зямлі».

Святарства, як адзначыў арцыбіскуп, з’яўляецца таксама пасланніцтвам. «Езус Хрыстус накіроўвае святара менавіта ў сённяшні свет, — працягваў іерарх. — Словы святара становяцца Яго словамі, прыклад святара становіцца Яго прыкладам. Святар, узмоцнены сакрамэнтальнай ласкай, можа чыніць тое, што не ў стане чыніць ніхто іншы — адпускаць грахі. Святар таксама цэлебруе святую Імшу і робіць прысутным на алтары жывога Эўхарыстычнага Езуса».

Арцыбіскуп Хосэр нагадаў новапрэзбітэрам, што святар атрымлівае місію асабістага характара, бо ў кожнай сітуацыі, у кожным месцы ён павінен быць верны свайму пакліканню. Іерарх пажадаў святарам радаснага служэння, а вернікам нагадаў пра абавязак маліцца за сваіх душпастыраў, праз якіх Бог нясе збаўленне.

Літургію канцэлебравалі пяць новапрэзбітэраў. Браты кармэліты Андрэй Авен ад Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі і Павел Рудзьман ад Добрага Пастыра, ураджэнцы Беларусі, атрымалі святарскія пасвячэнні з рук Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Марціна Відавіча 19 чэрвеня 2010 г. у Нарачы. Новапрэзбітэры праходзілі фармацыю ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Ураджэнцы Украіны а. Аляксандр Лукашчук OFM, а. Мірон Шалавінскі OFM і а. Фаусцін Кушнір OFM атрымалі святарскія пасвячэнні 26 чэрвеня ў Жытоміры (Украіна). Айцец Аляксандр і а. Мірон святарскую фармацыю атрымалі ў Кальварыі Зэбжыдоўскай (Польшча), а. Фаусцін — у італьянскай Вероне.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.