Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святая Імша апоўначы: звяртаемся да цябе, наша Будслаўская Валадарка
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2010 02:13
Кульмінацыяй першага дня святкавання ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай з’яўляецца святая Імша апоўначы і працэсія вакол базылікі з абразом Маці Божай Будслаўскай. Сотні, тысячы свечак асвятляюць не толькі гэты шлях, але з’яўляюцца сімвалам святла Хрыста, якое асвятляе жыццёвы шлях і ўказвае правільную дарогу.
Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ва ўрачыстым набажэнстве прынялі ўдзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’нка і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, шматлікія святары, законнікі і законніцы, а таксама ўсе вернікі, якія прыехалі або прыйшлі ў пілігрымцы да Маці Божай Будслаўскай.

На пачатку літургіі арцыпастыр прывітаў прысутных пешых пілігрымаў, а таксама тых, кто прыбыў у Будслаў на аўтобусах, веласіпедам ці на матацыклах, а таксама гасцей з-за мяжы. «Няхай гэтыя свечкі, якія вы трымаеце ў руках стануць святлом Божай ласкі, святлом Евангелля», — пажадаў Мітрапаліт усім прысутным.

Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што сёлетнімі адпустовымі набажэнствамі распачынаецца трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да 400-годдзя прабывання цудоўнага абраза ў Будславе. Кожны з гэтых трох год пройдзе пад сваім дэвізам: «Марыя — выбраная дачка Айца Нябеснага» (2010 г.), «Марыя — святыня Духа Святога» (2011 г.), «Марыя — Маці Збаўцы» (2012 г.). Гэтыя тры тэмы — не што іншае, як тытулы Марыі, якія акрэсліваюць яе сувязь з Асобамі Найсвяцейшай Тройцы.

У сваёй гаміліі іерарх звярнуўся да словаў з евангельскай сцэны Звеставання, падкрэсліўшы, што «згода з воляй Божай таксама з’яўляецца ключом да вырашэння жыццёвых праблем чалавецтва». Марыя, Божая Маці, стала першым табернакулем.

«Евангелле пра Звеставанне, нагадваючы пра Марыю як выбраную дачку Бога Айца і аб прышэсці Збаўцы Езуса Хрыста, у той жа час ставіць перад намі фундаментальнае пытанне: ці сапраўды для мяне Езус з’яўляецца Збаўцам, ці прызнаю я ў ім Бога, ці паддаяюся Яго панаванню? Гэтае пытанне было важным ва ўсе часы і такім з’яўляецца цяпер», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Арцыпастыр падкрэсліў, што сёння людзі знаходзяць сэнс жыцця ў розным: у грошах, у мастацтве, у сям’і, а ёсць тыя, хто прысвячае сваё жыцё Богу. «Кансэкраваныя асобы, жывучы Евангельскімі парадамі ўбогасці, чыстасці і паслухмянасці, з’яўляюцца асаблівымі сведкамі Евангелля і евангельскай  рошчынай у свеце. Таму трэба дзякаваць Богу за дар святарства і манаства і маліцца аб новых і святых пакліканнях», — падкрэсліў іерарх. — У сувязі з гэтым трэба памятаць аб тым, што сямейныя і духоўныя каштоўнасці на самой справе з’яўляюцца нязмерна большым скарбам, чым прыемнасці, багацце ці спажывальніцтва».

«Падчас сёлетняга адпусту Маці Божай Будслаўскай, услухоўваючыся ў дыялог паміж арханёлам Габрыэлем і Марыяй, нам трэба спытаць сябе: хто на самой справе з’яўляецца нашым збаўцам, богам і каралём? Або яшчэ дакладней: каму мы служым? Да якога валадарства належым? Мы павінны спытаць сябе: ці сапраўды прызнаём Езуса нашым Збаўцам, Богам і Каралём?, — звярнуўся да прысутных Мітрапаліт. — Усведамляючы цяжкасці выклікаў сучаснасці, з надзеяй звяртаемся да цябе, Марыя, наша Будслаўская Валадарка. Скіруй свой позірк на духоўных дзяцей сваіх і выпрасі ў свайго Сына ласку, каб дэхрысціянізаваны свет прызнаў Езуса адзіным сваім Збаўцам, Богам і Каралём, і паводле Ягонага навучання выбіраў жыццёвыя каштоўнасці. Гэта адзіная магчымасць стаць духоўна падобнымі да цябе, каб, згаджаючыся з воляй Божай, ісці шляхам, які прывядзе да жыцця вечнага».

Прапануем поўны тэкст гаміліі >>>



Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме