Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будслаў: святая Імша ў інтэнцыі пілігрымаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.07.2010 21:09
Галоўныя ўрачыстасці ў Будславе распачаліся святой Імшой 1 ліпеня 2010 г. у інтэнцыі пілігрымаў. Літургію ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. На пачатку святой Імшы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў прысутных пілігрымаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай, Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама гасцей з-за мяжы, многія з якіх таксама крочылі ў Будслаў пешшу.

Шчыры дзякуй арцыпастыр выказаў таксама праваслаўным святарам, манахіням і вернікам, якія таксама прыбылі ў Будслаў на ўрачыстасці.

Біскуп Велікаселец падзякаваў пілігрымам за прысутнасць і адзначыў, што ва ўсе прысутныя, хоць і вельмі стомленыя, маюць радасныя вочы і сэрца, якое спявае. «Няхай Дух Святы праз заступніцтва Божай Маці адорыць вас сваімі дарамі, умацоўвае і вядзе па жыццёвым шляху», — адзначыў іерарх.

«Сучасны свет прапаноўвае шмат праўд. Але насамрэч, ёсць толькі адна, і тое, што вы прыйшлі сёння ў Будслаў, пакінуўшы свае штодзённыя справы, з’яўляецца доказам таго, што вы гэтай праўды прытрымліваецеся, — адзначыў іерарх. — Гэта праўда ў Бібліі. Як кажа вядомае выслоўе, жыццё трэба пражыць так, каб не было больна за бязмэтна пражытыя гады. Але жыццё для хрысціянаў не заканчваецца смерцю, але ўваскрашэннем».

Хрыстус сам аддаў сваю паству пад апеку Марыі, якая апякуецца Беларуссю, Еўропай, усім светам. Іерарх заклікаў прысутных маладых людзей актыўна ўдзельнічаць у святой Імшы, як мага часцей прыступаць да сакрамэнтаў споведзі і Эўхарыстыі. Важным у сучасным свеце, па словах іерарха, з’яўляецца сведчанне маладых людзей аб праўдзе Божай любові.

«Шукайце Божае Валадарства і ўсё будзе вам дадзена, — заклікаў біскуп Велікаселец. — Папросім жа ў Божай Маці неабходныя патрэбныя ласкі ў пазнанні Божай праўды, каб вы умелі будаваць сваё зямное жыццё паводле Божай волі».

Маладыя людзі склалі падчас Імшы да алтара ў дары крыж, сімвалы пілігрыма, кветкі, хлеб і віно з падзякай за кожны дзень пілігрымавання і кожную хвіліну свайго жыцця.

Напрыканцы літургіі адбылося прадстаўленне пілігрымак Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі. Перад Хрыстом у Найсвяцейшым Сакрамэнце быў зачытаны акт прысвячэння і аддання Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.