Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч да ўдзельнікаў пілігрымкі Мінск-Будслаў: з радасцю ўвойдзем у санктуарый
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.07.2010 19:39

Мінская група пілігрымаў увайшла ў Будслаў разам са сваім арцыпастырам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Падчас апошняга прыпынку групы (у 6 км ад Будслава) іерарх узначаліў святую Імшу для ўдзельнікаў пілігрымкі Мінск-Будслаў, якіх сёлета налічваецца 400 чалавек. Самаму малодшаму пілігрыму — 6 месяцаў.

Святая Імша адбылася на алтары, які па традыцыі складаецца з камянёў, што прыносяць самі пілігрымы як знак нязначнай ахвяры за ўчыненыя грахі.

«Маці Божая Будслаўская ў цудоўным абразе валадарыць тут ужо амаль 400 год, — звярнуўся Мітрапаліт да пілігрымаў з прыступак базылікі. — Яна бачыла розныя лёсы гэтай зямлі, давала надзею на лепшае. Гэта надзея прагучала таксама з далёкай Фацімы. Сёння мы цешымся са свабоды веравызнання, аднак у сучасным свеце ёсць шмат іншых выклікаў. Марыя, мы прыходзім з надзеяй, што ты і надалей будзеш нашай Маці. Прымі цярпенні, перажытыя падчас пілігрымкі, прымі нашы просьбы, выпрасі нам ласку святога і годнага жыцця, каб кожны з нас захаваў самае вялікае пакліканне — пакліканне хрысціяніна».

Група ўвайшла ў санктуарый, несучы белыя кветкі да алтара. Іерарх заклікаў падобна гэтаму дару — прыгожым жывым кветкам — быць чыстымі і вернымі Богу.

Пасля гэтых слоў арцыпастыр разам з мінскай групай увайшоў у святыню. Ад самага ўваходу іерарх разам са здарожанымі пілігрымамі прайшоў на каленях да алтара, дзе Маці Божая Будслаўская ўсцяж чакае сваіх дзяцей у цудоўным абразе.

Пасля малітвы ў санктуарыі арцыпастыр з радасцю далучыўся да вясёлых карагодаў пілігрымаў.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.